На літоўскім палігоне з мігрантамі пачаліся хваляванні, прыехала паліцыя
У намётавым лагеры для мігрантаў на Руднінкайскім палігоне ў Літве пачаліся беспарадкі. У паліцыю паведамілі, што незадаволеныя мігранты спрабавалі збегчы. Мігранты ўзбунтаваліся з-за прамоклых намётаў. Людзі, якія сабраліся ля плота, выказалі незадаволенасць у сувязі з умовамі жыцця ў лагеры.
Адзін малады чалавек гучна крычаў, заявіўшы, што мігранты не будуць есці ежу, якую ім прыносяць, не будуць піць ваду дзіўнага колеру і не адыдуць ад плота. Яны патрабуюць, каб іх выпусцілі з лагера.
«Свабоду, свабоду», — крычалі прысутныя.
«Я пакінуў сваю краіну дзеля лепшага жыцця. Але ў мяне на радзіме было значна лепш, чым тут», — працягнуў ён.
Мігранты крытыкавалі і ежу. Са слоў мужчыны, адзін чалавек учора атруціўся ежай, чакаў дапамогі дактароў 6 гадзін.
Мігранты патрабавалі паклікаць да плота боса, хацелі з ім пагаварыць. Над плотам яны павесілі некалькі плакатаў. На іх — патрабаванне свабоды і забеспячэння правоў чалавека.
Мігранты канфліктуюць нават паміж сабой.