Знайсці
02.08.2021 / 15:37РусŁacБел

«Скачок у свабоду». Гісторыі самых знакамітых перабежчыкаў

Гісторыя са спартсменкай Крысцінай Ціманоўскай прымусіла згадаць і іншыя гісторыі ўцёкаў. Мы ўжо расказалі гісторыю пра экс-лідара Беларусі Панцеляймона Панамарэнкі, які спрабаваў перашкодзіць аднаму з перабежчыкаў. У гэтым тэксце — гісторыя самых знакамітых перабежчыкаў, зорак культуры і спорту. Для кагосьці ад’езд стаў прыступкай для сусветнай вядомасці, для іншых — жыццёвай драмай.

Скачок у рукі паліцэйскіх

Знакаміты «прыжок у свабоду», які зрабіў танцоўшчык Рудольф Нурыеў, стаў адным з сімвалаў «халоднай вайны». Трупа Кіраўскага (цяпер Марыінскага) тэатра, салістам якога ён быў, прыляцела ў Парыж у 1961-м. Гастролі савецкіх калектываў дазволілі за пяць гадоў да гэтага. Але Нурыеў паводзіў сябе раслаблена і актыўна кантактаваў з замежнікамі.

КДБ перапужалася, што ён вырашыць застацца на Захадзе. Таму танцоўшчыка адхілілі ад далейшых гастроляў (трупа накіроўвалася ў Лондан) і вырашылі адправіць у СССР за «парушэнне рэжыму знаходжання за мяжой».

Нурыева прывезлі ў аэрапорт. Адна з французскіх сябровак падышла да яго развітацца і сказала шэптам: ён мусіць падысці да двух паліцыянтаў, што стаялі побач, і сказаць, што хоча застацца ў Францыі. «Яны цябе чакаюць», — дадала яна. Відаць, супрацоўнікі спецслужбаў штосьці адчулі і сталі адштурхоўваць Нурыева ўбок.

Танцоўшчык літаральна вырваўся і скокнуў у накірунку паліцэйскіх. На наступны дзень французскія газеты выйшлі з загалоўкамі «Скачок у свабоду».

У СССР Нурыева завочна прыгаварылі да сямі гадоў калоніі строгага рэжыму. Але на Захадзе ён стаў сусветнай зоркай, пэўны час з’яўляўся мастацкім кіраўніком парыжскай Гранд-Опера.

На радзіму яго пусцілі толькі падчас перабудовы, ды і тое на пахаванне маці. Віза была на 72 гадзіны.

Улады зрабілі ўсё, каб Рудольф не сустрэўся са сваімі знаёмымі.

Уцёкі знакамітага дуэта

Людміла Белавусава і Алег Пратапопаў. 1968 год

Аматары фігурнага катання са стажам дагэтуль з настальгіяй згадваюць Ірыну Радніну, якая ў пары заваявала тры золаты на Алімпійскіх гульнях. Але да яе з’яўлення грымелі іншыя імёны. Гаворка пра дуэт Людмілы Белавусавай і Алега Пратапопава, якія выйгралі золата ў 1964 і 1968 гадах. Менавіта яны прыдумалі і выканалі шэраг элементаў, якія потым увайшлі ў абавязковую праграму спаборніцтваў усіх фігурыстаў свету.

У пачатку 1970-х яны сышлі з вялікага спорту. Па словах сужэнцаў, на тое паўплывалі і чыноўнікі, якія прымушалі суддзяў ставіць ім больш нізкія балы. З фігурным катаннем яны не развіталіся: працавалі ў Ленінградскім балеце на лёдзе.

У 1979-м падчас гастроляў у Швейцарыі Людміла і Алег папрасілі палітычнага прытулку і адмовіліся вяртацца ў СССР.

Пазней яны тлумачылі, што

ў Саюзе ім не давалі развівацца далей. Таксама іх прымушалі аддаваць дзяржаве заробленыя за мяжой ганарары. Спартсменаў пазбавілі званняў заслужаных майстроў спорту, іх імёны прыбралі з усіх даведнікаў.

Сямейны дуэт пасяліўся ў Швейцарыі і выступаў яшчэ шмат гадоў. У 2015-м 79-гадовая Белавусава (за два гады да смерці) і 83-гадовы Пратапопаў выступалі на шоу ў ЗША.

Рамэо і Джульета «халоднай вайны»

Людміла Уласава ў аэрапорце Нью-Ёрка

Аляксандр Гадуноў і Людміла Уласава лічыліся ідэальнай парай. Яны былі зоркамі савецкага балета і здымаліся ў кіно. Напрыклад, у знакамітай стужцы «31 чэрвеня», дзе галоўную ролю выконваў ураджэнец Беларусі Мікалай Яроменка-малодшы.

У 1979 годзе Вялікі тэатр знаходзіўся на гастролях у Нью-Ёрку. Неўзабаве пасля прыезду Гадуноў прапанаваў жонцы застацца ў ЗША, але тая адмовілася: у Маскве жыла яе старэнькая маці. Больш да гэтай размовы не вярталіся. Але неўзабаве танцоўшчык сышоў з гасцініцы і папрасіў палітычны прытулак.

Савецкія ўлады вырашылі адправіць Людмілу назад у Маскву. Яе прывезлі ў аэрапорт і пасадзілі ў самалёт. Але паліцыя заблакіравала вылет. Перамовы паміж СССР і ЗША ішлі тры дні. Уласава сцвярджала, што вырашыла вярнуцца добраахвотна.

У выніку амерыканцы далі дазвол на вылет. Праз тры гады Гадунова і Уласаву развялі праз савецкае пасольства. Іх называлі «Рамэо і Джульетай халоднай вайны».

Кар’еры Уласавай ніяк не нашкодзіла гэта гісторыя. Яна выступала яшчэ тры гады. Потым стала трэнерам. Дагэтуль жыве ў Маскве.

А вось балетная кар’ера Гадунова за мяжой — у адрозненне ад Міхаіла Барышнікава і Наталлі Макаравай, іншых савецкіх «перабежчыкаў» — не склалася. Дакладней, ён не стаў сусветнай зоркай. Пазней Аляксандр здымаўся ў кіно (у тым ліку, у баевіку «Моцны арэшак») і памёр у 1995-м.

«Я ўжо быў алімпійскім чэмпіёнам. Але пры гэтым не меў нават метра жылля»

Аляксандр Магільны ў маладосці

Савецкі хакей справядліва лічыўся адным з мацнейшых у свеце. На алімпійскіх гульнях зборная СССР заўжды змагалася за золата. У асноўным яна камплектавалася з гульцоў маскоўскага ЦСКА. Таму гульня ў складзе гэтай каманды была шансам на паспяховае жыццё. Але толькі па савецкіх мерках.

«Я ўжо быў алімпійскім чэмпіёнам, чэмпіёнам свету, трохразовым чэмпіёнам СССР. Але пры гэтым не меў нават метра жылля. Каму патрэбна такое жыццё? І ўсе гэтыя граматы з медалямі?» — так хакеіст Аляксандр Магільны, які жыў у інтэрнаце, тлумачыў свой пабег праз акіян.

У 1988-м яго задрафтаваў клуб НХЛ «Бафала». Натуральна, Аляксандра ніхто не адпусціў туды гуляць, але кантакт агента гэтага клуба спатрэбіўся.

У наступны год Магільны прыляцеў са зборнай у Швецыю, дзе СССР стаў чэмпіёнам свету. Пасля перамогі ўсе атрымалі выходны дзень. Замест таго, каб паглядзець Стакгольм або наведаць гандлёвы цэнтр, Магільны схаваўся і выйшаў на прадстаўнікоў «Бафала». Тыя падрыхтавалі ўсе дакументы, і Аляксандр прыляцеў у ЗША.

На радзіме на яго завялі крымінальную справу. Фармальна — з-за ўхілення ад службы ў войску (ЦСКА быў армейскім клубам). Гэта дало падставу хакеісту папрасіць палітычны прытулак.

Неўзабаве услед за Магільным за акіян накіраваліся сотні хакеістаў, што назаўсёды змяніла гэты від спорту.

Аляксандр зрабіў фантастычную кар’еру ў НХЛ, стаў адным з пяці рускіх, хто набраў за акіянам больш за тысячу ачкоў. Але за зборную Расіі з таго часу ён сыграў толькі аднойчы і з таго часу і да завяршэння кар'еры адхіляў усе прапановы.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера