Знайсці
01.08.2021 / 08:27РусŁacБел

«Працавалі так, як патрабавала сумленне, а не інстынкт самазахавання» Галоўны рэдактар НН — пра тых, хто варты Нобелеўскай прэміі міру

Ягор Марціновіч падзяліўся развагамі, хто з беларусаў, на яго думку, варты Нобелеўскай прэміі міру.

2020 і 2021 гады прадэманстравалі ўсяму свету ўнікальны працэс эвалюцыі нацыі ў жывым эфіры. Галоўны сімвал гэтай з’явы — Святлана Ціханоўская, якая за год прайшла шлях ад хатняй гаспадыні да лідара апазіцыі. Яе перамога ў Нобелі была б перамогай мільёнаў беларусаў, якія рашыліся кінуць выклік дыктатуры — і шматдзетнай маці Вользе Залатар, і 18-гадовай адчайнай Соф’і Малашэвіч, і загінуламу герою Вітольду Ашурку.

Але ёсць яшчэ некалькі чалавек, якія таксама апынуліся на перадавой. Не таму, што зрабілі нейкі палітычны выбар 2020 года, а таму што проста працягнулі сваю самаадданую працу і не здрадзілі ўласным прынцыпам. Незалежныя беларускія СМІ адпрацавалі гэты год так, як патрабавала сумленне, а не інстынкт самазахавання. Насуперак запалохванням і рэпрэсіям праца ішла да апошняга дня, пакуль існавала такая магчымасць. Самы яркі сімвал адданасці — арыштаваная Марына Золатава, пад кіраўніцтвам якой каманда TUT.BY даносіла праўдзівую інфармацыю пра падзеі Беларусі. 

Самы нябачны фронт — праца праваабаронцаў і валанцёраў. Яны не займаліся палітыкай, як і журналісты, проста моўчкі ратавалі людзей. На жаль, у цяперашніх умовах дапамога таксама лічыцца палітыкай. Алеся Бяляцкага можна назваць сумленнем нацыі, і гэта не будзе лішнім пафасам. Ён не атрымаў свайго Нобеля ў 2013-м, калі сядзеў у Бабруйскай калоніі. Цяпер ён у СІЗА на Валадарскага па такой самай абсурднай крымінальнай справе. І я перакананы, што пасля вызвалення Алесь працягне адстойваць інтарэсы тых, каго несправядліва пакрыўдзіла беларуская дзяржава, прычым няважна, гэта будзе цяперашняя ці новая ўлада. 

Прызнанне ўнёску гэтых людзей у рэалізацыі мары беларусаў аб свабодзе будзе чарговым крокам сусветнай салідарнасці з тымі, хто хоча жыць у прававой еўрапейскай краіне. 

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930