Знайсці
25.07.2021 / 13:21РусŁacБел

«Макею час збіраць чамаданы і рыхтавацца да поўнага забыцця» — Астапенка

Нарада Аляксандра Лукашэнкі з дыпламатамі прайшла вельмі неспакойна. Прадстаўнікоў дыпкорпуса спрабавалі запалохаць, каб болей не было тых, хто пойдзе супраць улады. Лукашэнка і Макей фактычна ў адкрытую казалі, што Захад можа атрымаць новую «гарачую кропку» ў Беларусі, а таксама застрашвалі суседнія дзяржавы тым, што на іх межах могуць з’явіцца бежанцы са зброяй. «Наша Ніва» абмеркавала сустрэчу з прадстаўніком НАУ, былым паслом Беларусі на Кубе і Аргенціне Уладзімірам Астапенкам.

«Наша Ніва»: Якія ўражанні ў вас пакінула нарада Лукашэнкі з вашымі былымі калегамі?

Уладзімір Астапенка: Макей адзначыў: «Тое, што адбываецца ў Беларусі, не ўпісваецца ў рамкі агульначалавечага разумення». Гэта адзінае, з чым я гатовы пагадзіцца. Усё астатняе, што агучвалася і Макеем, і Лукашэнкам — гэта суцэльнае залюстроўе. Тут трэба альбо ставіць дыягназ, альбо проста разводзіць рукамі.

Іх дзеянні цалкам зняважаюць гуманныя каштоўнасці, таму што пасля выбараў рэжым канчаткова страціў чалавечы твар. Напрошваецца аналогія з партугальскім дыктатарам Салазарам, якому ў старасці друкавалі газету ў адзіным экземпляры. 

Відавочна, што і беларускі рэжым робіць нешта падобнае — стварае ўласную карцінку і ігнаруе ўсё, што адбываецца ў свеце рэальным. Яны робяць выгляд, што здзіўляюцца санкцыям, але пры гэтым забываюцца, што пасля выбараў і мірных акцыяў з’явіліся дзясяткі тысяч пацярпелых, ёсць забітыя, тысячы асуджаных, быў захоплены самалёт Raynair, была справакаваная нелегальная міграцыя… 

Адсюль і такі пагрозлівы тон у размове з дыпламатамі, бо Лукашэнка баяўся і баіцца, што гэтая сістэма рассыплецца, што ў людзей хопіць сумлення устаць і «пакласці партбілет на стол». Ён іх палохае рэарганізацыяй, скарачэннямі, адкліканнямі, канкрэтнымі прыкладамі рэпрэсаваных дыпламатаў. Ён настойвае на тым, каб гэтыя людзі не проста падпісаліся пад усімі ягонымі дзеяннямі, але і актыўна іх абаранялі, сталі яго тварам.

У дзейных дыпламатаў ёсць два варыянты: альбо апрануць маску Лукашэнкі, альбо паспрабаваць захаваць чалавечы твар, але апошні варыянт ужо несумяшчальны з працай на дыпламатычнай пасадзе. 

«НН»: Мы пачулі, што дыпламат мусіць біць морду тым, хто зняў дзяржаўны сцяг. Гэта такая новая стратэгія беларускай дыпламатыі?

УА: Так, гэта новае стаўленне рэжыму да дыпламатыі ў сучасных умовах палітычнай ізаляцыі — біць морды і змагацца за кожны трактар. Цяпер у падрыхтоўку дыпламатаў замест курсаў па правах чалавека трэба будзе ўводзіць секцыі боксу і каратэ. Беларускай дыпламатыі ўжо не застаецца, яна страціла шматвектарнасць, павагу і аўтарытэт і не можа стварыць эфектыўную знешнюю павестку. 

«НН»: Ці пачулі вы нейкія намёкі на дыялог з Захадам падчас усіх гэтых размоваў?

УА: Абсалютна не. Гэта па-ранейшаму поза страуса з галавой у пяску, які нічога не бачыць і не чуе. Але адначасова рэжым ужывае вельмі агрэсіўную рыторыку, якая падводзіць да тэзісу аб з’яўленні новай «гарачай кропкі» на карце Еўропы, яшчэ горшай, чым ва Украіне, дзе загінулі дзясяткі тысяч чалавек. Такую перспектыву рыхтуюць нашай краіне. Але я не ўяўляю, з кім яны збіраюцца ваяваць? З беларускім народам? Наўрад ці абвесцяць вайну НАТО ці Расіі. 

«НН»: У чым цяпер функцыя Макея, калі замежных спраў фактычна не засталося?

УА: Калі слухаць пасажы Лукашэнкі, то Макею час збіраць чамаданы і рыхтавацца ці да неганаровай старасці, ці да поўнага забыцця. Наўрад ці яму доўга атрымаецца ўсядзець на гэтай пасадзе. Ягоныя спробы паказаць сябе ў прывабным свеце ў вачах Лукашэнкі наканаваныя на правал.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера