Знайсці
25.07.2021 / 12:50ŁacБел

Памерла Эльжбэта Радзівіл. Для яе апошняй Нясвіжскі палац быў домам

Учора, 20 ліпеня, памерла Эльжбэта Радзівіл (у замужжы Тамашэўска). Пра тое паведаміў яе сваяк Мацей Радзівіл. Эльжбэце было за 100 гадоў.

Эльжбэта Радзівіл у Ружанах, што належалі Сапегам

Эльжбэта — дачка перадапошняга гаспадара Нясвіжскага замка Альбрэхта Радзівіла і англічанкі Дораці Паркер Дзікан. Яна з'явілася на свет ў Лондане ў 1917 годзе: туды бацька адправіў нараджаць яе маці, бо здарылася рэвалюцыя.

Шлюб яе бацькоў быў нядоўгім. Таму Эльжбета жыла з маці ў Парыжы, а на вакацыях ездзіла да бацькі ў Нясвіж. Апошні раз перад вайной — у 1935 годзе, калі Альбрэхт памёр.

Наступны раз Эльжбэта змагла трапіць у родныя мясціны ў 1993-м, калі Беларусь вярнула сабе незалежнасць.

Але больш шырока ў СМІ асвятляўся яе візіт у 2009 годзе, калі князёўна наведала Беларусь разам з іншымі прадстаўнікамі роду Радзівілаў. Тады Эльжбэце было 93 гады. Падчас яго Радзівілы завіталі ў Нацыянальны гістарычны архіў, Нацыянальную бібліятэку, Нацыянальны мастацкі музей, а таксама ў населеныя пункты, якімі калісьці валодалі: Нясвіж, Мір, Паланечку і Ішкалдзь.

Эльжбэта Радзівіл з бацькам у Нясвіжы

«Гэта вялікая ганьба, што вы ў Беларусі не гаворыце па‑беларуску… Я адмыслова прыслухоўваюся ўжо колькі дзён… Ведаеце, калі б нас не пагналі адсюль у 1939‑м, я сёння размаўляла б па‑беларуску. Бо мой бацька з нясвіжцамі размаўляў выключна па‑беларуску», — казала яна падчас візіту.

У розныя часы жыла ў Швейцарыі, Партугалі, Англіі, шмат гадоў у Францыі. У апошнія гады — у Варшаве.

«У мяне адна прафесія — хатняя гаспадыня. Гэта ненармальна, калі жанчыны працуюць. Значыць, у сям’і не ўсё ў парадку. Жанчыны, асабліва з сям'і Радзівілаў, не павінны працаваць», — казала Эльжбэта ў адным з інтэрв’ю.

Яна з'яўлялася захавальніцай памяці рода Радзівілаў і шмат падказвала рэстаўратам, як выглядаў замак у часы яе дзяцінства.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031