Знайсці
24.07.2021 / 23:38ŁacБел

Украіна ўступіла ў барацьбу за замежных праграмістаў. Што гэта азначае для беларускіх айцішнікаў?

За апошні год беларускія айцішнікі, як радавыя праграмісты, так і топ-менеджары, сталі адным з рухавікоў грамадзянскай супольнасці. Яны бралі ўдзел у акцыях пратэсту, фундавалі грамадзянскія ініцыятывы, дзейна дапамагалі руху за дэмакратычныя выбары. Менавіта ў гэтай прафесійнай супольнасці пратэсныя настроі былі асабліва моцныя. Як рэакцыя на гэта, беларускія ўлады пачалі ставіцца да іх з асцярогай: Лукашэнка называў айцішнікаў «буржуйчыкамі», а таксама наракаў на тое, што ў ПВТ «упусцілі некаторыя працэсы». 

Недавер з боку дзяржавы, рэгулярныя праблемы з інтэрнэтам у дні пратэстаў, затрыманні айціншых топ-менеджараў, заходнія санкцыі і непрадказальны бізнэс-клімат — усё гэта прымушае задумацца частку беларускіх праграмістаў пра пераезд у іншыя краіны. Літоўскія ўлады сцвярджаюць, што дзясяткі беларускіх кампаній ужо перабраліся да іх, а Польшча выдала больш за 13 тысяч працоўных віз праграмістам у рамках праграмы Poland Business Harbour. Цяпер жа ў бітву за беларускія «мазгі» ўступіла яшчэ і Украіна. Паўднёвая суседка стварае свой аналаг ПВТ, а таксама дазволіць замежнікам дыстанцыйна працаваць ва ўкраінскай юрысдыкцыі. Разбіраемся, як гэта будзе працаваць.

Электроннае рэзідэнцтва

Украінскі парламент прыняў у першым чытанні законапраект аб электронным рэзідэнцтве. З яго дапамогай замежныя ІТ-спецыялісты змогуць дыстанцыйна весці бізнэс ва Украіне. Гэта дазволіць замежным праграмістам афармляцца як прадпрымальнікі і плаціць падаткі ва Украіне без неабходнасці пражывання ва Украіне. На практыцы гэта азначае, што беларускія праграмісты, якія не хочуць з'язджаць фізічна з Беларусі, але не хочуць працаваць у беларускай юрысдыкцыі, змогуць «перавезці» свой бізнэс ва Украіну за некалькі клікаў. 

Украінская дзяржава спадзяецца, што ініцыятыва у першыя часы будзе прыносіць у дзяржаўны бюджэт больш за 1,5 млн долараў паступленняў штогод, стварыўшы 3 тысячы электронных рэзідэнтаў.

Для замежных IT-спецыялістаў, фрылансераў і прадпрымальнікаў у галіне крэатыўнай эканомікі будуць прапанаваныя спецыяльныя механізмы падаткаабкладання. Усе паслугі е-рэзідэнтам будуць прадастаўляцца толькі анлайн з выкарыстаннем электроннага подпісу. 

Такой ініцыятывай украінская дзяржава стварае ўмовы для:

  • дыстанцыйнай рэгістрацыі электронных рэзідэнтаў як прадпрымальнікаў
  • вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці ў юрысдыкцыі Украіны
  • адкрыцця банкаўскіх рахункаў анлайн
  • доступу да адміністрацыйных паслуг з электронным подпісам

Каб атрымаць статус электроннага рэзідэнта, замежніку трэба будзе пакінуць заяву на партале і прайсці праверку ў консульскай установе. Пасля гэтага іншаземец атрымлівае свой падатковы нумар, статус электроннага рэзідэнта і электронны подпіс. 

Падобная канцэпцыя электроннага рэзідэнцтва паспяхова з 2014 года дзейнічае ў Эстоніі. Але электроннае рэзідэнцтва гэта хутчэй дапаўненне да асноўнага новаўвядзення, украінскага аналага ПВТ «Дія City» — спецыяльнага прававога рэжыму з асаблівай схемай падатковага абкладання ў IT-індустрыі.

Што за «Дія City» і навошта яе стварылі?

Цяперашнія ўмовы працы ўкраінскіх праграмістаў вельмі спецыфічныя. Больш за 90% украінскіх праграмістаў не з’яўляюцца наёмнымі рабочымі, фармальна яны аформленыя як ФОПы (укр. «фізична особа — підприємець», бел. «фізічная асоба — прадпрымальнік»). Такая легальная схема вельмі папулярная для сыходу ад падаткаў, таму што дазваляе аддаваць дзяржаве не 40%, а ўсяго 5%. Гэта вынаходніцтва ўкраінскіх працадаўцаў, а таксама нізкія цэны на тавары і паслугі, робяць адносныя даходы ўкраінскіх праграмістаў аднымі з самых высокіх у свеце. На сваю зарплату ўнутры краіны ўкраінскі праграміст можа дазволіць сабе нашмат больш, чым яго калега з больш развітай дзяржавы. 

Украіна сумяшчае ў сабе ўсё разам: высокакваліфікаваныя кадры (якіх няма ў бедных краінах), нізкія цэны на тавары і паслугі (якіх няма ў багатых краінах) і мінімальныя падаткі. Доўгі час гэтая схема задавальняла ўсіх: хаця ўкраінская дзяржава і збірала ў выніку менш падаткаў, але яна служыла стымулам для распрацоўшчыкаў заставацца дома і працаваць легальна, кампенсуючы кепскую сістэму сацыяльнай абароны і не найлепшую якасць жыцця ва Украіне. 

Хаця схема і выгадная для звычайных праграмістаў, стала відавочна, што IT-сектару і эканоміцы агулам яна хутчэй шкодзіць. Утварыўся велізарны ўнутраны афшор, калі ўкраінскія IT-кампаніі не ўваходзяць нават у топ-100 найбольшых падаткаплацельшчыкаў; просты школьны настаўнік, які атрымлівае грашы, плоціць падаходны падатак, а праграмісты, якія зарабляюць у дзясяткі разоў больш, не плоцяць. Ва ўсім свеце прадпрымальніцтва выкарыстоўваецца па прамым прызначэнні, для дзейнасці малога і сямейнага бізнэсу, і толькі ва Украіне схему з ФОПамі выкарыстоўваюць кампаніі з дзясяткамі тысяч супрацоўнікаў і мільённымі абаротамі. 

Гэта паразітычная схема, пры якой адна асобная індустрыя высмоктвае найлепшы чалавечы капітал, але не ўкладаецца ў пабудову моцнай сацыяльнай дзяржавы (інфраструктуру, падрыхтоўку кадраў, салідарнае сацыяльнае забеспячэнне і г.д.). Да таго ж Украіна моцна залежыць ад замежных донараў і крочыць у ЕС, таму спрабуе гарманізаваць сваё заканадаўства з еўрапейскім, для якога схема з ФОПамі з’яўляецца абсалютна варварскай і дыскрымінацыйнай. Ды і досвед краін з развітым IT-сектарам паказвае, што гэтая галіна найбольш развітая ў дзяржавах з нармальным падатковым заканадаўствам і адсутнасцю ўнутраных афшораў і айцішнага гета. Сістэма, пабудаваная на ФОПах, не стымулюе айцішнікаў ствараць інавацыйныя прадуктовыя кампаніі. Кампаніям з работнікамі-прадпрымальнікамі цяжка атрымаць банкаўскае фінансаванне, на ўзроўні эканомікі гэта прыводзіць да адсутнасці развіцця фінансавых рынкаў.

Да таго ж схема з ФОПамі рабіла вельмі цяжкім найм замежнікаў для ўкраінскіх кампаній: тэарэтычна замежнікі могуць аформіцца ва Украіне прадпрымальнікамі, але статус ФОПа не дае ім права на пражыванне ў дзяржаве. Ну а некаторыя заходнія карпарацыі не спяшаліся прыходзіць ва Украіну, бо для іх такая схема была незразумелай.

Перад украінскай дзяржавай цяпер стаіць задача стымуляваць развіццё індустрыі цывілізаванымі эканамічнымі метадамі, а не дзіркамі ў законах, для гэтага ва Украіне і стварылі «Дія. City». Галоўная яго мэта ў тым, каб, з аднаго боку, нармалізаваць працоўныя адносіны, а з іншага зрабіць павышэнне падаткаў паступовым, плаўным і лёгкім для айцішнікаў. Да таго ж, украінскім кампаніям будзе прасцей наймаць замежнікаў, у тым ліку з Беларусі. 

Рэжым «Дія. City» прапануе наступныя ўмовы:

  • падатак на даход фізічных асоб 5% (як у ФОПаў) замест 18%, для параўнання, у ПВТ — 13%;
  • адзіны сацыяльны ўзнос у памеры 22% ад мінімальнай заработнай платы, на сёння такі ўзнос каля 48 даляраў (ПВТ плаціць 35% ад сярэдняга заробку па краіне — 193 даляры);
  • магчымасць выбіраць, які карпаратыўны падатак плаціць, — падатак на прыбытак (18%) або падатак на выведзены капітал па стаўцы 9% (у ПВТ на прыбытак — 0%, на дывідэнды замежных юрыдычных асоб — 5%);
  • вайсковы збор складзе 1,5%;
  • 0% падатку на прыбытак ад рэалізацыі фізічнай асобай долі ў кампаніі-рэзідэнце пры ўмове, калі яна валодала доляй больш за 1 год;
  • 0% на даход фізічных асоб у выглядзе дывідэндаў, налічаных кампаніяй-рэзідэнтам пры ўмове іх выплаты не часцей 1 раза на 2 гады;
  • падатковая зніжка на суму інвестыцый ва ўкраінскія стартапы.

Пры зарплаце 2 тысячы долараў на рукі падаткі будуць складаць 158 даляраў.

Спецыяльны рэжым Дія.City уводзіцца як альтэрнатыва цяперашнім умовам на 25 гадоў. Удзел у ім будзе добраахвотны. Гэта значыць, што схема з ФОПамі па-ранейшаму будзе працаваць. Спецрэжым будзе дзейнічаць па ўсёй краіне. Уплыў дзяржавы на рэзідэнтаў заканадаўча зведзены да мінімуму. Усе рэзідэнты маюць права самастойна ажыццяўляць гаспадарчую дзейнасць, а таксама выбіраць формы яе арганізацыі і супрацоўніцтва з трэцімі асобамі.

Ва ўкраінскім урадзе чакаюць, што дзякуючы Дія.City даходы IT-галіны ва Украіне да 2025 года могуць вырасці да 16,5 млрд даляраў, колькасць працоўных месцаў вырасце да 450 тысяч, а ІТ-індустрыя зможа дасягнуць долі 10% у ВУП краіны.

Закон прадугледжвае ўвядзенне новай формы супрацоўніцтва паміж кампаніямі і спецыялістамі — «гіг-кантракты», якія ІТ-кампаніі, якія сталі рэзідэнтамі Дія.City, будуць заключаць з «гіг-работнікамі», што будуць выконваць «гіг-задачы», або асобныя праекты.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930