Знайсці
24.07.2021 / 23:20РусŁacБел

«Каб не яна, можа, Колас вялікім не стаў бы». Выходзіць кніга пра жонку класіка

Унучка і праўнучка пісьменніка падрыхтавалі кнігу «Ясная зорка Якуба Коласа», што выходзіць у выдавецтве «Мастацкая літаратура». Яе гераіня — Марыя Дзмітраўна Міцкевіч, жонка класіка беларускай літаратуры.

Марыя Дзмітрыеўна Міцкевіч

11 мая 1943 года Якуб Колас, які прыехаў у Маскву з Сярэдняй Азіі, адправіў ліст сваёй жонцы. Марыя Дзмітрыеўна тады знаходзілася ў Ташкенце. «Наша Ніва» публікуе гэты тэкст ўпершыню:

«Дарагая Маруся! …Мне трэба выступіць 16-га на радыё, у нядзелю. А паязды адгэтуль ідуць у суботу і ў сераду. Серада прыпадае на 19-ае мая. К гэтаму дню і буду рыхтавацца да выезда. Не ўсе яшчэ мае справы вырашаны. Мне трэба дагаварыцца аб пераездзе з Ташкента. Мой бедны Міхась (сын пісьменніка — НН) скора прыступае да экзаменаў. Я дагаварыўся аб паступленні яго ў артылерыйскую школу ў Маскве ці паблізу Масквы. Сплю я тут дрэнна. Пагода сухая. Былі гарачыя дні, як і ў Ташкенце. Варожаць, што лета будзе засушлівае. Можа выйдзе наадварот.

Я атрымаў тваю адкрытку ўчора. Мая мілая, бедная Марусечка! Ты маркоцілася адна. І мне тут без вас нявесела. У Клязьме яшчэ не быў. Замінаюць паседжанні і розныя нагрузкі.

Заходзіў Гаўрыла Гарэцкі (беларускі вучоны, брат пісьменніка Максіма Гарэцкага — НН). Слаўны ён чалавек…. Цалую цябе, тулю да сэрца. Твой ЯК».

Гэта адзін з 18 лістоў пісьменніка да сваёй жонкі, якія не друкаваліся нават у 20-томным зборы твораў. 

«Яны лічыліся асабістымі, сямейнымі», — тлумачаць такое рашэнне сваякі.

Арыгіналы гэтых лістоў захоўваюцца ў сямейным архіве, а вось ліставанне 1920-х гадоў — дарэчы, яно ўвайшло ў збор твораў — знаходзіцца за мяжой, у Інстытуце рускай літаратуры Расійскай акадэміі навук у Санкт-Пецярбургу. 

Сям'я Якуба Коласа

«Наўрад ці атрымаецца іх вярнуць на радзіму», — лічаць родныя. 

Пад вокладкай кнігі яны сабралі вершы і лісты Якуба Коласа да жонкі, лісты Марыі Дзмітраўны, успаміны пра яе, дакументы, прысвячэнні, фотаздымкі… Частка матэрыялаў у свой час друкавалася ў розных кнігах і перыёдыцы, іншыя матэрыялы друкуюцца ўпершыню.

Усе яны паказваюць, якую істотную ролю адыгрывала жонка ў жыцці пісьменніка. Руская па нацыянальнасці, яна дасканала ведала і любіла беларускую мову, якая стала для яе роднай. Многім даказвала, што беларуская мова захавала больш ад старажытнаславянскай асновы, чым руская. У доме гаварылі па-беларуску, і яна часам папраўляла дзяцей у правільным вымаўленні слоў. Менавіта ёй Якуб Колас першай чытаў свае творы.

Яе жыццё вартае асобнай кнігі, таму вашай увазе — некалькі цытат.

Пасля смерці жонкі — Марыя Дзмітрыеўна памерла ў 1945-м, калі ёй было ўсяго 55 гадоў — засмучаны класік пісаў знаёмай: 

«У жыцці я заўжды адчуваў сябе вельмі самотным. Мая Маруся забіла гэтую адзіноту. Але, на жаль, я перажыў яе…»

Сям'я Якуба Коласа

Малодшая сястра пісьменніка Алена Лойка, якая шмат гадоў перапісвалася з Марыяй Дзмітраўнай і гасцявала ў сям’і брата, адзначала: 

«Каб не такая жонка брату надарылася, можа, ён такім вялікім не стаў бы».

У адну з бяссоных начэй 1946 года самотны Якуб Колас напісаў верш:

О ночка, ноч! канца няма ёй.

Навокал мрок, мрок і ў душы.

А дзе ты, сон мой? дзе? — пытаю.

Прыйдзі, прыгрэй, закалышы.

Спакою дай душы і целу

І сіл — сустрэць наступны дзень.

Ды сну няма, і я, збалелы,

Ляжу адзін, адзін, як пень.

І друга я тут прыгадаю —

Такога друга не знайсці

Прапета песня маладая,

І болей ёй не расцвісці.

А за сцяной шуміць сасоннік,

І цемра густа залягла

Мне шэпча мысль адна ў бяссонне:

Ты — човен, браце, без вясла.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера