Знайсці
24.07.2021 / 21:39ŁacБел

«Свой тэрмін у турме я ўжо адбыў, добраахвотна». Вялікая гутарка з адвакатам Гашынскім, якога пазбавілі ліцэнзіі

14 ліпеня страціў ліцэнзію яшчэ адзін вядомы беларускі адвакат — Антон Гашынскі. Ён заўсёды быў адкрыты для прэсы, не баяўся брацца за палітычныя справы. Абараняў палітолага Віталя Шклярава, журналіста Андрэя Аляксандрава, айцішнікаў кампаніі «ПандаДок», аўтара ютуб-канала «Слуцк для жыцця» Уладзіміра Няронскага, апошнім часам — затрыманую разам з Пратасевічам расіянку Сафію Сапегу, выкладчыцу БДУІР па «справе студэнтаў» Вольгу Філатчанкаву. «Наша Ніва» пагаварыла з Гашынскім аб працы адваката, сям’ю і жыццёвыя прынцыпы.

Фота Вікторыі Адзісонавай, «Новая газета»

— Спынілі дзеянне вашай адвакацкай ліцэнзіі. Якія пачуцці ў вас? Ці былі гатовыя да гэтага?

— Было прынятае рашэнне кваліфікацыйнай камісіі аб гэтым, але не агучылі, з якога тэрміну спыняецца дзеянне маёй ліцэнзіі. Таму фармальна я пакуль адвакат. Але ж, мяркую, недзе на наступным тыдні адбудзецца паседжанне камісіі, якая выключыць мяне з калегіі адвакатаў. Увогуле, думаю, што кожны адвакат са жніўня 2020 года, які ўдзельнічаў у справах такога кшталту, думаў, што наўрадці яго пранясе і знаходзіўся ў пэўным чаканні. Сам я заўсёды казаў: на кожнага ёсць матэрыял, які ў любы момант можна выкарыстаць. І напэўна мой час наступіў тут і цяпер.

— Які матэрыял? Кампрамат?

— Не. Нейкія накопленыя матэрыялы, якія, магчыма, пацвярджаюць парушэнні з майго боку. Мы ж усе жывыя людзі, усе можам памыляцца. Але пытанне ў тым, як ацэньваць памылкі. Можна, напрыклад, памыліцца ў афармленні дакументаў ці напісанні даты. Але ці дастаткова гэтага для выключэння з адвакатаў? Ці пацягнулі гэтыя дзеянні нейкія наступствы? У дадзеным выпадку наступстваў не было ніякіх, але ж рашэнне прынялі.

— Як вы самі для сябе фармулююце, за што вас пазбаўляюць ліцэнзіі?

— Гэты момант няясны да канца. Рознае магчыма. У тым ліку, магчыма, за актыўны ўдзел у якасці абаронцы ў некаторых рэзанансных справах. 

— А сёння беларускі адвакат увогуле можа пазбегнуць лёсу, які напаткаў вас, Мачалава, Зікрацкага і многіх іншых?

— Ніхто не застрахаваны, бо памылкі дапускаюць усе.

— Што будзеце рабіць далей?

— Працаваць і яшчэ раз працаваць. Рукі не апускаю: юрыстам застаўся, дыплом юрфака БДУ ніхто не забіраў. Буду займацца юрыдычнай дзейнасцю. 

— Ці думаеце, што вам можа пагражаць нейкі крымінальны пераслед?

— Праблема ў тым, што кожны чалавек выконвае нейкія дзеянні. І пытанне, як іх трактуюць. Любое дзеянне можа быць прызнанае як законным, так і незаконным абсалютна. Тлумачу. Знаходжанне ў месцы, дзе здзяйсняецца злачынства, чалавекам, які да злачынства не мае дачынення, ставіць яго ў шэраг падазраваных па крымінальнай справе. Следства высветліць, калі чалавек не вінаваты, але за час у статусе падазраванага чалавек можа згубіць працу, магчыма, сям’ю, сяброў. Пры гэтым не будзе вінаватым — проста аказаўся не ў той час не ў тым месцы. Нават сведкам не быў. У гэтым вялікая праблема: як толькі чалавек атрымлівае статус падазраванага, ён трапляе ў базу асоб, якіх прыцягвалі да крымінальнай адказнасці, пра гэта становіцца вядома сям’і, грамадскасці. І адразу складваецца ўражанне, што чалавек у чымсьці вінаваты, хоць гэта і не так. Такім чынам абсалютна любы чалавек можа трапіць пад удар. Мы ж ведаем, што па падзеях жніўня-верасня 2020 года заведзеныя справы па факту групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. А па гэтых справах можна прыцягваць падазраванымі ўсіх жыхароў Мінска. І гэта будзе абсалютна законна! Бо знаходзіліся недзе побач, бо адлюстроўваецца месцазнаходжанне праз мабільныя білінгі. Таму кожны з нас патэнцыйна мае шанец стаць падазраваным па крымінальнай справе.

— Вы баіцеся турмы?

— Я 17 гадоў юрыдычнай дзейнасці кожны дзень хадзіў у СІЗА. Я ўжо свой тэрмін там адбыў, прычым добраахвотна.

— Не плануеце з’язджаць з Беларусі?

— Ад’езд з краіны, дзе ты вырас, дзе твая сям’я, дзе магілы продкаў — складанае і эмацыйна цяжкае рашэнне. Калі будзе прамая пагроза бяспекі — магчыма. Пакуль не планую. 

— Шмат каму гэты год даўся вельмі няпроста, у тым ліку і псіхалагічна. Як вы трымаліся?

— Гэта было цяжка. Але я займаюся бегам. Няважна, які стрэс цягам дня, няважна, што адбывалася — калі ўвечары прабегчы ад 5 да 10 кіламетраў, патраціць гадзінку, то цалкам эмацыйна перазагружаешся. Спіш як немаўля пасля, раніцай у бой як з чыстага ліста. Рэкамендую рэгулярны бег і здаровае харчаванне. Схуднееце, адчуеце палёгку, вялікая колькасць энергіі з’яўляецца. Гэта натхняе і дапамагае з новымі сіламі працаваць, нягледзячы ні на што. 

— Як жонка рэагуе на вашую прафесію ў сувязі з падзеямі ў краіне?

— Жонка не адвакат, але юрыст. Яна рэагуе неяк больш спакойна. Больш хвалюецца мама. Перажывае за мяне, казала: можа не трэба, можа не варта? Але ж я патлумачыў ёй: гэта ж мая праца, я не магу адмовіць чалавеку, які звяртаецца да мяне па дапамогу. І мама змірылася з гэтым.

— У адвакацкім асяроддзі якая атмасфера? Вы ўсе калегі ці ў першую чаргу канкурэнты? 

— Гэта цёплыя таварыскія стасункі, адвакат адвакату не канкурэнт, і ніколі ім не будзе. Бо гэта суполка, мэта якой максімальна эфектыўна аказаць дапамогу. Любому, хто звернецца. 

— Калі затрымалі Знака і Салея, пра што гаварылі паміж сабою адвакаты?

— Было незразумела, што адбываецца і да чаго ўсё прыйдзе. Ніхто не думаў, што будзе такая трансфармацыя, што будуць так змяняцца законы. Ніхто не чакаў. Але на жаль, так адбылоя і, напэўна, ў новай адвакатуры Беларусі мне месца не знайшлося. 

Для чаго сёння ў Беларусі ўвогуле адвакат? Нярэдка ўражанне, што прысуд ужо напісаны загадзя.

— Адвакат вельмі важны. Зразумейце: кожны чалавек, як правіла, адэкватны, разважлівы і разумны. Ён сам можа знайсці выхад амаль з любой сітуацыі. Але ў стрэсе пасля затрымання ён не можа сканцэнтравацца, выбраць правільны накірунак. Плюс недахоп інфармацыі. І задача адваката, акрамя юрыдычнай дапамогі, прывесці кліента ў раўнавагу. У стан, калі кліент зможа пісьменна і лагічна разважаць, каб прыняць разумнае рашэнне. Такім чынам, адвакат, па-першае, кампенсуе недахоп інфармацыі, па-другое, прыводзіць чалавека ў адэкватны стан, і ўжо па-трэцяе, толькі можа штосьці парэкамендаваць. Рашэнне ў любым выпадку прымае кліент, гэта яго адказнасць. 

— Ці можа адвакат у Беларусі паўплываць на прысуд? Асабліва ў палітычных справах?

— Канечне. У любой справе можа і ўплывае. 

Справа журналістак Белсата ці справа «аб нуль праміле»: не выглядала, што прысуд быў вынесены загадзя?

— Адвакат не можа каментаваць справы, у якіх ён не ўдзельнічаў.

— Пракаментуйце прысуд па справе Няронскага, у якой вы ўдзельнічалі (аўтара ютуб-канала «Слуцк для жизни» асудзілі на 3 гады калоніі— НН).

— Там добрыя шанцы ў абскарджванні. 

— Думаеце, нешта зменіцца?

— Чаму не? Усё калі-небудзь змяняецца. 

— Пытанне, якое, напэўна хвалюе кожнага беларуса. Чаму адвакаты так дорага бяруць за свае паслугі? 200-300 рублёў за дзень працы адваката — для многіх гэта палова месячнага заробку.

— Насамрэч гэта яшчэ не такія вялікія грошы. Шмат адвакатаў бяруць у 2-3 разы больш. Калі няма грошай, будзе адвакат «па прызначэнні», яго паслугі кампенсуюцца з бюджэта (у выпадку абвінаваўчага прысуда гэты грошы пасля спаганяюць з асуджанага - НН). Я не бачу тут праблемы. 

Фота Вікторыі Адзісонавай, «Новая газета»

Раскажыце, калі ласка, пра сваю сям’ю і свой шлях у адвакатуру.

— Мой бацька скончыў матэматычны факультэт БДУ і яшчэ ў 1970-я стаў праграмістам. Маці ўсё жыццё працавала дыспетчарам у электрасетках. 

А я спачатку рыхтаваўся паступаць на хімічны факультэт. Але ў пэўны момант перадумаў. Так сыйшліся абставіны, што мае погляды кардынамальна змяніліся. Была гісторыя не ў нашай сям’і, але з нашымі блізкімі, калі чалавек трапіў у бяду, патрабавалася дапамога. І знайсці кваліфікаваную дапамогу аказалася вельмі цяжка.

Ну і плюс мне падабаецца Дастаеўскі: «Злачынства і пакаранне». Пасля універсітэта я не думаў працаваць адвакатам — працаваў у банку. Але вырашыў, што адвакацкая дзейнасць мне блізкая, бо хацелася абараняць людзей, адстойваць іх правы і інтарэсы. У выніку прапрацаваў 17 гадоў у адвакатуры. Дзякуй маім калегам, што аказалі мне такі давер і прысвоілі гэты статус. Ну а цяпер, адпаведна, праца адвакатам скончаная. 

— Вашыя першыя часы працы адвакатам? Што было самым цяжкім?

— Усё было цяжкім, незнаёмым. Калі ідзеш у прафесію, то паглядзіш кіно пра адвакатаў і думаеш, што можна зайсці ў кабінет следчага, сказаць некалькі фраз і чалавека вызваляюць. У Беларусі так не працуе, тут трэба шмат працаваць, каб дамагчыся вызвалення чалавека.

Чаго баіцца адвакат?

— Згубіць ліцэнзію, напэўна.

— Атрымліваецца, у вас сама страшнае ўжо здарылася?

— Не, я ніколі не баяўся. У прафесійным плане я баяўся спыніцца і загразнуць, пакрыцца цвіллю. Бывае, калі праца становіцца руцінай, знікае рух наперад. Гэта найстрашнейшае для мяне. А тое, што адбылося зараз — дадатковая матывацыя, каб рухацца далей. Я нават удзячны, што так адбылося. Гэта магчымасць выйсці з зоны камфорта і змяніць сваё жыццё. Свет — ён жа агромністы.

— У Беларусі свет трохі звужаецца. 

— Але ж свет не абмяжоўваецца Беларуссю. Сцівамі джобсамі і анджалінамі джолі не нараджаюцца, імі становяцца.

 Нараджаюцца прэзідэнтамі, як мы ведаем. 

— Не, таксама становяцца.

— Што б вы пажадалі людзям, якія гэтым летам будуць паступаць на юрыдычныя факультэты?

— Я б сказаў: вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца. У маладога чалавека шмат перспектыў, дзе ён можа рэалізавацца. Вось каб вам прапанавалі жыць у пячоры, у шалашы, на дрэве ці ў тэхналагічным доме? Адкажыце!

Канечне, у доме.

— Абсалютна дакладна. Ёсць выбар. Але чаму людзі пры наяўнасці выбару выбіраюць зусім іншае? Можна апраўдваць сябе, што вось, каб там жыць, трэба шмат што зрабіць… Каб чагосьці дамагчыся, трэба выйсці з зоны камфорту, прыкласці высілкі. Тое ж і ў нашай моладзі. Навошта вучыцца ў Беларусі на юрфаку, калі можна вучыцца ў Амерыцы? Францыі? Канадзе? Гэта магчыма. Так, трэба ведаць мову, ёсць іншыя складанасці, але гэта рэальна. А калі за студэнта вырашаюць, куды паступаць, мама з татам, то яму будзе без розніцы, дзе і як вучыцца. Ён не будзе гарэць жаданнем вучыцца ў Гарвардзе. У гэтым самая вялікая праблема. Таму і ўзровень няшчасця беларусаў вельмі высокі.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930