Знайсці
24.07.2021 / 14:06РусŁacБел

Мог называцца «Новая Еўропа». Чаму ўзнік «Славянскі Базар» і ці купляюць на яго квіткі

Сёння ў Віцебску пачынаецца ўжо трыццаты па ліку «Славянскі базар». «Наша Ніва» згадала першы форум, што прайшоў у 1992 годзе і высветліла, калі склалася канцэпцыя фестывалю.

Чаму «Славянскі базар» з’явіўся менавіта ў Віцебску? Гэты горад з’яўляўся пабрацімам польскай Зеленай Гуры, дзе з сярэдзіны 1960-х праводзіліся фестывалі савецкай песні. Падчас перабудовы ў адказ з’явіўся «Фестываль польскай песні», які прайшоў двойчы, у 1988 і 1990 годзе. Менавіта для першага форума пабудавалі Летні амфітэатр, на якім ладзяцца асноўныя канцэрты «Базару».

У 1992-м мусіў адбыцца трэці фестываль. Але распад СССР прымусіў змяніць канцэпцыю. Міністэрства культуры пачало распрацоўку праекта пад назвай «Новая Еўропа». Але грошы на яго не знайшліся.

У выніку чыноўнікі вырашылі правесці больш традыцыйны па праграме форум. «[Правядзенне «Базару»] тлумачылася адным: любым сродкам падтрымаць традыцыю віцебскіх міжнародных фестываляў», — пісаў тады часопіс «Мастацтва».

Назва з’явілася не без удзелу першага дырэктара «Базару» Радыёна Баса. Канцэпцыю новага форума ён абмяркоўваў з сябрамі ў Маскве недалёка ад рэстарана «Славянскі базар».

Перад форумам Бас прызнаўся, што бюджэт складаў каля 154 тысяч даляраў. Сузаснавальнікамі сталі прыватныя некамерцыйныя арганізацыі Беларусі, Расіі і Украіны. Адным з іх быў Саюз «ЗНІЧ», які ўзначальвала Наталля Машэрава, дачка колішняга лідара БССР.

Хто выйшаў на сцэну першага «Базару»? Яшчэ да афіцыйнага адкрыцця на сцэне адбыўся канцэрт Валерыя Лявонц’ева. Таксама ў Віцебск прыехалі Ларыса Доліна, Леў Лешчанка, Надзея Бабкіна, Яраслаў Еўдакімаў, Вячаслаў Дабрынін, Аляксандра Пахмутава, група «На-на», Сасо Паўліашвілі, Ірына Панароўская, з беларусаў выступалі «Песняры», «Верасы», «Сябры» і нават Аляксандр Саладуха.

Тэрміны правядзення «Славянскага базару» супалі з фестывалем беларускай песні «Басовішча» ў Беластоку і міжнародным фестывалем у Юрмале. Менавіта туды і накіраваліся, адпаведна, прадстаўнікі беларускай альтэрнатыўнай музыкі і зоркі поп-музыкі першага эшалону.

Але галоўнай прычына «недаезду» музыкантаў альтэрнатыўных накірункаў у іншым. Арганізатары «Базару» адразу зрабілі стаўку на настальгію па савецкаму мінуламу, а таксама на расійскую поп-музыку. Гэтай канцэпцыі яны прытрымліваюцца дагэтуль.

Хто выступіць на сёлетнім фестывалі? Імёны некаторых выканаўцаў зніклі з афішы, напрыклад, Аляксандра Буйнова, Ірыны Білык, Міхаіла Галусцяна, Наталлі Каралёвай і іншых. Артыстам пісалі ў сацсетках, каб тыя не ўдзельнічалі ў фестывалі, таму што такім чынам яны падтрымліваюць уладу, якая рэпрэсіруе беларусаў. Але шмат хто з іх калег пацвердзіў свой удзел.

У праграме адкрыцця, якое адбудзецца заўтра, 15 ліпеня, Тамара Гвердцытэлі, Ларыса Доліна, Стас П’еха, Мікалай Баскаў, Аніта Цой, Алена Ваенга, Таісія Павалій, Аляксандр Саладуха і іншыя.

На канцэрце-закрыцці плануюць выступіць група «Фабрыка», Ігар Карнелюк, Мікалай Наскоў, Аляксандр Панаётаў і іншыя.

Адбудзецца сольны канцэрт Грыгорыя Лепса, выступіць «Хор Турэцкага».

Якая сітуацыя з квіткамі? Яны прадаваліся прыкметна горш, чым летась. Арганізатары двойчы аб’яўлялі пра зніжкак, была інфармацыя, што падцягвалі прафсаюзы. У выніку на ўрачыстае адкрыццё амаль усе квіткі разышліся. Але і на закрыццё, і на канцэрт «Залаты хіт», і на іншыя імпрэзы вольныя месцы ёсць.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера