Знайсці
02.07.2021 / 14:42РусŁacБел

Рэжысёра і актывіста Туровіча пасадзілі на 6,5 года: захоўванне зброі і замах на махлярства

Прысуд уступіў у сілу, 62-гадовага Аляксея Туровіча ужо перавялі ў калонію №14 пад Барысавам (больш вядомую як «Навасады»).

Падрабязнасці справы «Нашай Ніве» распавёў адвакат Аляксандр Філановіч, які абараняў Туровіча.

«Гісторыя, здаецца, і не палітычная, але дзіўная. Туровіча абвінавацілі ў замаху на махлярства ў асабліва буйным памеры і ў захоўванні зброі.

Туровіч — дастаткова забяспечаны чалавек, у свой час быў прадпрымальнікам, меў нерухомасць, якую перыядычна прадаваў. Меў кватэру, машыну, дом, кватэру ў Пецярбургу. Часам ён даваў людзям грошы ў пазыку пад працэнты.

І ў гэтай сітуацыі ён пазычыў чалавеку грошы: 82 тысячы еўра ў растэрміноўку на 10 ці 11 гадоў. Па дамове, якую засведчылі натарыяльна, — расказвае адвакат. — Але чалавек не пачынаў сплачваць пазыку і недзе праз два месяцы сам падаў у суд, каб прызнаць дамову безграшовай — фактычна каб даказаць, што тыя грошы Туровіч яму не перадаваў. Мы прад’явілі сустрэчны пазоў, каб выпатрабаваць гэтыя грошы. 

Паралельна з прызнаннем дамовы безграшовай на Туровіча завялі крымінальную справу аб замаху на махлярства ў асабліва буйным памеры. Адказнасць за замах такая самая, як за здзейсненае махлярства.

А зброю знайшлі падчас ператрусу. Гэта траўматычны пісталет, які яму яшчэ ў 90-я гады падарылі сябры. Эксперт прызнаў пісталет «агнястрэльнай зброяй траўматычнага ўдзеяння, якая не з’яўляецца агнястрэльнай зброяй». Тым не менш суд дапытаў эксперта, пасля было дадатковае заключэнне экспертызы, у выніку суд прызнаў пісталет агнястрэльнай зброяй. 

Усё гэта было ў 2019-2020 гадах. Пакуль ішла справа і суд, Аляксея не затрымлівалі, ён быў пад падпіскай. У лютым 2021 года Туровіча асудзілі на 6,5 гадоў. Яго ўзялі пад варту пасля агалошвання прысуду.

Сам Туровіч віну не прызнаў ні па адным з артыкулаў. Я сам складу злачынства ў яго дзеяннях аб махлярстве таксама не бачу».

Абарона падавала апеляцыю, але прысуд пакінулі ў сіле. На прысуд магло паўплываць і тое, што Туровіч ужо быў асуджаны.

«Туровіч меў непагашаную судзімасць, і цяперашнія дзеянні расцэньваюцца як небяспечны рэцэдыў. Адпаведна, суд мусіць прызначаць пакаранне, не меншае за палову ад максімальнага. Па зброі максімальна было 7 гадоў, Туровічу далі 3,5 года; па махлярстве максімальнае 10 гадоў — Туровічу далі 5 гадоў. Шляхам частковага складання канчаткова прызначылі 6,5 года», — тлумачыць Філановіч.

Адвакат кажа, што ўчора наведваў Туровіча ў калоніі. З адміністрацыяй праблемаў пакуль няма. Але ёсць праблемы іншага характару.

У 2009 годзе Туровіча пасадзілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу, звязаных з сэксуальным гвалтам і распуснымі дзеяннямі ў дачыненні да хлопчыкаў, якім не было 16 гадоў — фактычна гэта абвінавачванне ў педафіліі.

Ён не прызнаў віну, пераконваў, што справа была сфабрыкаваная, але атрымаў 6 гадоў калоніі, з якіх адседзеў 4 гады. А да людзей з такімі артыкуламі стаўленне ў месцах пазбаўлення волі неадназначнае.

«Скажам так, цяпер тыя ж пытанні да Туровіча зноў узнікаюць. Яны нікуды не падзенуцца», — канстатуе Філановіч. 

***

Аляксей Туровіч нарадзіўся ў мястэчку Глыбокае Віцебскай вобласці, выхоўваўся ў дзіцячым доме. У 1994 годзе скончыў школу-студыю на базе кінастудыі «Беларусьфільм». У якасці рэжысёра зняў фільмы «Турма для кума «(2003),» Сынок «(2007), «Яблык месяца» (2008), «Жоўты пясочак» (2017). Як акцёр здымаўся ў «Паскоранай дапамозе 1», «Анастасіі Слуцкай», «Францы+Паліна», «Ліст Феліні». Займаўся бізнэсам. У 2008 годзе балатаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Пасля першай адседкі Туровіч не цураўся свайго абвінавачвання: даваў інтэрв’ю, дзе расказваў пра стаўленне да сябе ў калоніі. У апошнія гады нярэдка удзельнічаў у палітычных акцыях: супраць рэстарана ў Курапатах, супраць будаўніцтва АЭС і іншых.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930