Знайсці
29.06.2021 / 12:43РусŁacБел

«Упершыню ў жыцці схадзіўшы на выбары і прагаласаваўшы за Ціханоўскую, Шатроў трапіў пад санкцыі як вораг дэмакратыі» 

Арцём Гарбацэвіч піша пра бізнэсмена Аляксандра Шатрова, уключанага ў санкцыйныя спісы Еўрасаюза.

Гісторыя Аляксандра Шатрова ў многім паказальна трагічная. 

Упершыню ў жыцці схадзіўшы на выбары і прагаласаваўшы, як лічаць у калектыве, за Ціханоўскую, ён ужо праз некалькі месяцаў трапіў пад санкцыі як вораг дэмакратыі. 

Напэўна, некалі шырокім колам стане вядома пра вартыя павагі ўчынкі гэтага чалавека ў дні пачатку нацыянальнай катастрофы 2020-га, але дакладна пазней: сядзенне на шпагаце паміж двума агнямі пакуль не спрыяе шчыраванню.

Аляксандр Шатроў

Сам ён рос у Расіі і аказаўся ў Беларусі ў 2003-м годзе, адкрыўшы тут невялікую кампанію UTL. Маці Шатрова з Рагачова, яна ўжо памерла, бацька таксама. Ён, дарэчы, працаваў у КДБ.

Сам «Сінэзіс», які таксама трапіў пад санкцыі і стаў нагодай для персанальных абмежаванняў, узнік у 2007-м годзе.

Кампанія займаецца праграмамі для кіравання масавымі акцыямі (займалася гэтым на Еўрапейскіх гульнях у Мінску), штучным інтэлектам і сістэмамі кантролю грамадскай бяспекі.

Самы скандальны прадукт — Kipod. 

Меркавалася, што сістэма аб'яднае камеры па ўсёй краіне, і ў агульным відэапатоку можна будзе выяўляць асоб, якія знаходзяцца ў вышуку.

Зацікаўленыя — дзяржаўныя сілавыя органы.

Сам па сабе Kipod наўрад ці можа быць расцэнены як рэпрэсіўная сістэма — гэта прадукт для ідэальнага свету, дзе карыстальнікам праграма патрэбна для абароны законнасці, а не для палітычных рэпрэсій. Такія сістэмы дзейнічаюць у дэмакратычных краінах, якія (пакуль яшчэ) нават больш насычаныя камерамі, чым Беларусь.

У нашай жа рэальнасці паўстала пытанне, хто і для чаго выкарыстоўвае сістэму.

Так, вядома, што палітзняволенага Мікалая Дзядка вылічылі з дапамогай Kipod.

А каго яшчэ? Некалі даведаемся. 

Ці прынёс Kipod Шатрову грошы? Наўрад ці. 

Лёс і кампаніі, і сістэмы трагічны. У ідэале меркавалася, што, стаўшы аператарам сістэмы, «Сінэзіс» (цяпер у назве аператара гэтага слова няма і кампанія называецца «24х7 Паноптэс») распрацуе прадукт, да якога будуць падключаныя сотні тысяч камер па ўсёй краіне, у выніку чаго аператар будзе мець грошы ад абанентаў, а сілавікі — інфармацыю. 

Але ў рэальнасці аказалася так, што дзяржава не змагла забяспечыць падключэнне нават сваіх аб'ектаў: камеры дарагія, абаненцкая плата таксама. Ну які выканкам ці школа пачнуць падключаць сістэму, калі і на больш важнае грошы не заўсёды ёсць?

З прыватнікам гісторыя такая ж: навошта на пустым месцы ствараць дадатковую графу выдаткаў без відавочнай уласнай выгады? Так і не прыжылося. 

Можа быць, дзяржава б неяк і магла «паспрыяць» укараненню сістэмы, напрыклад, зрабіўшы яе падключэнне такім жа абавязковым для прадпрыемстваў, як і наяўнасць пажарнага апавяшчальніка, але нешта не атрымалася: можа быць, не апошняе значэнне тут мела змена кіраўніцтва ААЦ.

Унутраныя інтрыгі дзяржаўных інстытуцый, якія не разумелі, чаму права перспектыўнага заробку аддадзена прыватніку, прывялі да таго, што ў пачатку года права быць тэхнічным аператарам сістэмы грамадскага маніторынгу перадалі «Белтэлекаму».

У выніку «24х7 Паноптэс» са сваім Kipod балансуе на мяжы банкруцтва — затрачаныя на распрацоўку грошы ніколі не будуць адбітыя, бо камеры не падключаныя. Па нашай інфармацыі, месячная выручка складае каля 90 тысяч рублёў, месячныя выдаткі — каля 180 тысяч рублёў. 

Нясплачаных крэдытаў — на 3,7 мільёна рублёў. 

У выніку кампаніі застаецца або банкруціцца, або нейкім чынам спрабаваць вярнуць грошы ў дзяржавы, супрацоўніцтва з якой не ўдалося. Да таго ж вяртаць грошы прыйдзецца і Аляксею Алексіну, які некалі ўваходзіў у «Сінэзіс» як чысты інвестар, але, не атрымаўшы чаканага прыбытку, просіць частку інвестыцый назад. 

Чытайце таксама. Распрацоўшчык нацыянальнай сістэмы відэаназірання: У Беларусь трапіў выпадкова. Забараняю беларускую мову ў чатах

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930