Знайсці
22.06.2021 / 14:50РусŁacБел

Валярына Кустава: Я з'ехала толькі таму, што ў мяне ёсць маленькае дзіця

У кватэру да паэткі і тэлевядоўцы Валярыны Куставай, а таксама да яе бацькоў і на афіцыйную працу сілавікі прыйшлі ў пачатку чэрвеня. Але яе дома не аказася. Неўзабаве Валярына выехала ў Польшчу, пазней да яе вывезлі і двухгадовую дачку. Па інфармацыі адваката, у Беларусі паэтка стала фігуранткай як мінімум дзвюх крымінальных спраў — за падаткі і за фінансаванне парушэння грамадскага парадку (артыкулы 342 і 243 КК). Каб знайсці пацверджанні віны, як сцвярджае сама Валярына, супраць яе прымушалі сведчыць знаёмых. А тыя, хто яе не здаў, нібыта адправіліся на суткі.

Распыталі Валярыну пра гэта больш падрабязна.

 — У вас ёсць інфармацыя пра тое, што вашыя знаёмыя адправіліся на суткі, бо адмовіліся сведчыць супраць вас. Можаце распавесці пра гэта? Гэта пацверджаныя дадзеныя?

— Ведаеце, у Беларусі нельга сцвярджаць нешта і быць упэўненым у гэтым на 100%, але ў мяне ёсць інфармацыя, што ў сутках, якія прысудзілі гэтым людзям, ёсць вялікая сувязь з маёй справай. Але пасля відэа з Раманам Пратасевічам мяне не здзіўляе абсалютна нічога.

Валярына Кустава. Фота з архіва гераіні.

Я не магу называць імёны гэтых людзей. Адзін з іх яшчэ адбывае суткі. І я не ведаю, што з ім можа здарыцца. Магу сказаць толькі, што гэта сапраўды смелыя людзі, якія не здрадзілі нашай беларускай ідэі і салідарнасці, нават на этапе пагроз: ці кажы нешта супраць, ці мы цябе пасадзім.

— Тое, што вы выйшлі з дому акурат ў момант прыезду да вас сілавікоў, можна назваць шчаслівым супадзеннем?

— Я таксама спачатку думала, што ў мяне добры анёл-ахоўнік, бо выйшла літаральна на гадзінку. А потым мне прыйшла такая думка ў галаву: магчыма, і ў сілавых структурах вельмі шмат людзей, якія працуюць супраць сістэмы. Звычайна ж сілавікі прыходзяць а 6-7-й раніцы, а да мяне завіталі днём, калі чалавека сапраўды можа не быць дома. Я дапускаю, што нехта з іх можа быць на маім баку.

— Вы выязджалі адна, без дачкі. Быў страх, што яе да вас могуць не выпусціць пасля?

— У мяне быў вялікі страх, што дачку не прапусцяць і яна не трапіць да мяне. І ён спраўдзіўся: у першы раз, калі яе вывозілі, яе не прапусцілі на мяжы.

Дачку вывозілі ў аб’езды, мне дапамагалі розныя салідарныя са мной асобы і ініцыятывы. Вывезці дзіця было сапраўдным квэстам, які заняў не адзін тыдзень. А вінаватая дачка толькі ў тым, што носіць маё прозвішча.

Выехаць з ёй адразу было немагчыма фізічна. Па-першае, яна ў той дзень знаходзілася не са мной: калі б я прыехала па яе, то магла б прывесці ў тое месца сілавікоў. Акрамя таго, шляхі, якімі мяне выводзілі, малапад’ёмныя для двухгадовага чалавека і фізічна, і эмацыйна. Яна наўрад ці ўсё гэта вытрымала б, бо гэта складана нават даросламу.

Увогуле, я адчула неймаверную салідарнасць і беларусаў Польшчы, і іншых дыяспар, і тых, хто жыве ў Беларусі. Яшчэ тыдзень таму я рабіла гісторыі пацярпелых людзей у межах праграмы «Беларус беларусу», мы шукалі шляхі дапамогі ім. А сёння я сама трапіла ў падобную сітуацыю, і цяпер ужо мяне падтрымліваюць ва ўсіх сферах. Карацей, уся гэтая хваля салідарнасці дапамагла мне стаць на ногі, не апынуцца ў роспачы і дэпрэсіі.

У вас быў нейкі так званы трывожны чамаданчык, падрыхтаваны акурат для такой сітуацыі?

— Уявіце сабе, не было. Нават свае дакументы я ніколі не насіла з сабой. Настолькі я не збіралася з’язджаць з краіны, настолькі я ўсімі сіламі і думкамі трымалася за Беларусь.

Я верыла ў перамогу і казала, што не з’еду да апошняга. І толькі калі гэта «апошняе» прыйшло, тады давялося эвакуявацца. І тое я зрабіла гэта толькі таму, што ў мяне ёсць маленькае дзіця, Дзіва, якой я патрэбная. У іншым выпадку я б не з’ехала з краіны — настолькі я з ёй з’яднаная як чалавек і паэт.

Канечне, мне было вельмі страшна трапіць за краты, я не ўяўляю, як бы там знаходзілася, але я ніколі б не ўцякла заўчасна. Гэта маё адчуванне Радзімы. Акрамя таго, я была ўпэўненая, што раблю годную, добрую справу, за якую не могуць пачаць знішчаць.

— Пасля вашага ад’езду на дзяржаўным тэлебачанні ўжо пачалася вашая «апрацоўка». Паспеў, напрыклад, выйсці прапагандысцкі ролік, дзе сцвярджаецца, што вы нібыта падкупілі героя свайго сюжэта — таксіста, які бясплатна вывозіў людзей з «сафары» ў Курапатах і пасля трапіў за краты. Нібыта ўсё гэта хлусня, якую нафантазавалі вы, а каб герой сюжэта яе агучыў, абяцалі яму 100 еўра. Што думаеце пра гэта?

— Гэтая гісторыя і знаёмства з героем атрымаліся цікавыя. Неяк я выклікала таксоўку, каб паехаць па справах. А хлопец, які мяне вёз, падзяліўся сваімі пераканнямі і тым, як дапамагаў беларусам: вывозіў іх з Курапатаў пасля маршу на Дзяды. Я палічыла яго сапраўдным героем і прапанавала зрабіць пра яго гісторыю. Ëн пагадзіўся. Мы нават з’ездзілі з ім на тое месца, адкуль ён вывозіў людзей. Ëн вельмі годны і класны, шчыры хлопец.

Маё меркаванне: ён абгаварыў мяне для відэа пад катаваннямі ці праз шантаж — яго змусілі хлусіць, бо ў іх няма нічога на мяне. Я не рабіла нічога па-за законам, таму вось прымусілі хлопца зачытаць іх «фантазію», каб былі хоць нейкія прыдуманыя і змахляваныя падставы, якія можна ўпісаць у справу.

У нас няма грошай на герояў, мы нікому не плацім за ўдзел у здымках. Мабыць, за хлусню прынята плаціць на дзяржтэлебачанні. Мне шкада хлопца, ведаю, што некалькі тыдняў яго пратрымалі ў турме.

— Вы за мяжой цяпер адчуваеце сябе ў бяспецы?

— Я не магу адчуць сябе ў бяспецы цалкам, пакуль мае сябры, родныя і мая краіна не знаходзяцца ў бяспецы. У мяне няма адчування бяспекі ўнутры. Канечне, мы перамаглі ў плане мыслення, у крытычнай большасці яно ўжо змянілася. Але калі мы пройдзем гэты шлях да канца, тады я і пачну адчуваць сябе ў бяспецы цалкам.

Што тычыцца маёй будучыні за мяжой… Я дакладна ведаю, што не застануся сам-насам з праблемамі: калегі і сябры мяне падтрымліваюць, адчуваю гэта. Ужо ёсць размовы пра патэнцыйныя праекты. Не ведаю дакладна, што гэта будзе, але стоадсоткава нешта, што будзе набліжаць змены ў Беларусі.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера