Знайсці
21.06.2021 / 15:49РусŁacБел

Старажытны Тураў знаходзіўся ў 163 км ад сучаснага? Нечаканая версія пра факты са школьнага падручніка

Любы беларускі школьнік ведае, што самы старажытны горад Беларусі — Полацк, другі пасля яго — Тураў. А вось археолаг Алег Іоў сцвярджаў, што летапісны Тураў знаходзіўся ў 163 км ад сучаснага — на тэрыторыі аграгарадка Юравічы. Расказваем пра яго аргументацыю.

Юравічы. Фота: Сяргей Плыткевіч, planetabelarus.by

Тураў упершыню згадваецца ў летапісы пад 980 годам: «Гэты Рагвалод прыйшоў з-за мора і трымаў уладу сваю ў Полацку. А Тур трымаў уладу ў Тураве, ад яго ж і тураўцы атрымалі сваю назву».

Надалей Тураў заставаўся адным з цэнтраў старажытнай Русі. Тут правіў князь Святаполк Акаянны, які — згодна з летапісам — забіў сваіх братоў Барыса і Глеба (пазней іх назвалі святымі). Тут было створана епіскапства, жыў знакаміты Кірыла Тураўскі, было створана Тураўскае Евангелле.

Пасля нашэсця татара-манголаў у сярэдзіне XIII стагоддзя Тураў пачаў згасаць, цэнтрам княства стаў Пінск (нездарма ў падручніках пішуць пра Турава-Пінскае княства).

Цяпер Тураў — адзін з самых маленькі гарадоў Беларусі, яго насельніцтва — 2700 чалавек.

Акрамя летапісных звестак, важную ролю ў замацаванні аўтарытэта Турава адыграў археолаг Пётр Лысенка. У 1960-я гады ён адкапаў падмурак вялікай праваслаўнай царквы XII стагоддзя. Але больш раннія знаходкі, якія датаваліся б X стагоддзем ці пачаткам XI стагоддзя, вучоныя не знайшлі.

Вось тут у справу ўступіў археолаг Алег Іоў. Даследчык, які памёр 18 чэрвеня 2021 года, стаў вядомы сваім удзелам у даследаванні Курапатаў.

Алег Іоў

Але справай яго жыцця была археалогія беларускага Палесся. У прыватнасці, ён з 2004-га раскапваў аграгарадок Юравічы, што ў Калінкавіцкім раёне.

Юравічы таксама вядомыя з падручніка. Менавіта тут знаходзіцца самая старая у Беларусі стаянка першабытнага чалавека (26 тысяч гадоў таму).

Ужо ў Сярэднявеччы там пабудавалі езуіцкі манастыр.

У Юравічах Іоў даследаваў гарадзішча, адно з самых вялікіх у Беларусі па плошчы — каля 8 га. Яго частка нагадвае дзядзінец — цэнтральную частку горада.

Таксама ў Юравічах знайшлі манеты, частку коннай збруі, наканечнік ножнаў скандынаўскага паходжання.

Калі меркаваць па знаходках, у Юравічах існаваў вялікі горад, але ў летапісах пра яго нічога невядома.

Таму Алег Іоў пранаваў наступную версію:

а што, калі старадаўні Тураў знаходзіўся ў Юравічах? Тады ўсё сыходзіцца: скандынаўскія знаходкі якраз датуюцца X-XI стагоддзямі, калі ў летапісах згадваецца Тураў. Да таго ж Рагвалод і Тур, магчыма, былі вікінгамі.

Але ж што рабіць з назвай Юравічы?

Побач з вёскай калісьці працякала рака Тур’я (цяпер гэта канал). Маўляў, менавіта ад яе горад і атрымаў назву. Пазней жа ён атрымаў сучасную назву, каб абгрунтаваць легенду аб заснаванні горада.

Ці мог горад «пераехаць»? Так, мог. Напрыклад, старажытныя Смаленск і Разань знаходзіліся ў іншых месцах, чым цяпер.

Чаму адбыўся «пераезд»? Магчыма, праз тое, што Святаполк Акаянны прайграў барацьбу за ўладу і яму давялося бегчы. Але гэта толькі версія.

Зрэшты, пакуль такой версіяй з’яўляецца і ўся канцэпцыя Іова. Але выглядае яна вельмі цікава. Калі ў Тураве так і не з’явяцца новыя знаходкі, справа за даследчыкамі Юравічаў.

«Нават будучы ўжо цяжка хворым, інвалідам, [Іоў] працягваў ездзіць на археалагічныя раскопкі ў Юравічы, а мы яму ў гэтым радасна дапамагалі. (…)

Я быў абсалютна перакананы, што менавіта ў гэтым годзе Алег Вільгельмавіч знойдзе той доўгашуканы археалагічны доказ, які канчаткова пацвердзіць яго гіпотэзу пра лакалізацыю летапіснага Турава,

напісаў у фэйсбуку гісторык Яўген Малікаў. — Цяпер гэта справа ўжо наступных пакаленняў даследчыкаў».

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930