Знайсці
19.06.2021 / 15:15РусŁacБел

Дзяўчаты з ФОТА 25-гадовай даўніны з Лукашэнкам — за каго яны галасавалі цяпер?

19 чэрвеня Лукашэнка наведаў мінскую дзіцячую клінічную бальніцу №2. З гэтай нагоды праўладныя тэлеграм-каналы адкапалі фота 1995 года, таксама зробленае у гэтай бальніцы. На ім малады Лукашэнка з маленькімі пацыенткамі. «Наша Ніва» адшукала дзвюх дзяўчат з фотаздымка. Яны згадалі свае ўражанні і распавялі як сёння, ужо дарослымі жанчынамі, ставяцца да Лукашэнкі.

Надзея Какошка (у ніжнім шэрагу першая злева).

«Так, на фота я. Мне тады было гадоў 10, таму падрабязнасцяў асабліва не памятаю. Трапіла ў бальніцу, бо ў мяне штосьці было са страўнікам. 

У той дзень, калі я не памыляюся, прывозілі нейкае абсталяванне ў бальніцу.

Нас ніхто асабліва не папярэджваў, што будзе прэзідэнт і вось зараз будзеце з ім рабіць фота. Не было такога. Не было ніякай аховы, палату не правяралі перад тым візітам. Проста выбралі нашу палату — і зайшоў Лукашэнка. Яму паказалі ўмовы, у якіх мы ляжалі і лячыліся. 

Ён сам захацеў з намі сфатаграфавацца, гэта я памятаю. Фота трапіла ў газету, для мяне было пачэсна. Увогуле для мяне было пачэсна зрабіць фота з Лукашэнкам — я ж ужо ведала, што гэта прэзідэнт.

Быў яшчэ сюжэт па ТБ, там нас не паказалі, але ў газеце надрукавалі той здымак.

Праз 25 гадоў маё стаўленне да Лукашэнкі не змянілася. Летась галасавала за яго. Каб сустрэлася сёння — сфатаграфавалася б таксама з радасцю».

Вольга Палюховіч (дзяўчынка ў цэнтры)

«Я ляжала з гастрытам якраз, на тым фота мне 12 гадоў. 

Мы ведалі, што прыедзе Лукашэнка ў бальніцу. Але што да нас падыдзе, не папярэдзілі. І вось чамусьці выбралі нашу палату. Лукашэнка зайшоў, пра штосьці пагаварыў з намі. Калі шчыра, не памятаю, пра што, даўно было. Здаецца, пытаўся, як нашае здароўе. Пасля нам прапанавалі зрабіць фота.

Ахова ўсё ж была, двое дакладна, а можа, і больш. Ну і плюс дактары, загадчыца аддзялення. Але перад яго візітам палату ніхто адмыслова не правяраў. У нас як у пацыентаў усё было ў штатным рэжыме — праз той візіт не пераносілі ані абед, ані нейкія працэдуры.

Я разумела, што гэта ж прэзідэнт, якога раней бачыла толькі па ТБ, а тут бачу жыўцом. Але я хвалявалася, што фота пасля надрукуюць у газеце, было такое дзіцячае пачуццё: «Ой, гэта ж я стану знакамітай?!» (смяецца)

Фота надрукавалі ў некалькіх газетах, мы змаглі купіць толькі «Медыцынскі веснік». Калі не памыляюся, і па сёння недзе дома ляжыць нумар з тым здымкам.

Як я стаўлюся да Лукашэнкі сёння? Не хацела б абмяркоўваць гэтую тэму. Скажу так: я дакладна супраць гвалту.

Але летась за Лукашэнку не галасавала. Увогуле я галасавала за яго толькі аднойчы — калі была яшчэ студэнткай, вучылася на першым курсе. Тады я не разбіралася ў палітыцы, гэтай тэмай не цікавілася. Сказалі, што трэба прыйсці і прагаласаваць — я прыйшла і прагаласавала. А пазней ужо пачала задумвацца, і ў наступныя разы свой выбар рабіла свядома».

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930