Знайсці
17.06.2021 / 15:35РусŁacБел

Франак Вячорка пра перамовы Пуціна і Байдэна: Беларусь — крыштальна чыстая тэма, тут няма розначытанняў

Дарадца Святланы Ціханоўскай, кіраўнік аддзела міжнароднай палітыкі Франак Вячорка пракаментаваў «Нашай Ніве» сустрэчу Джо Байдэна і Уладзіміра Пуціна, а таксама іхную размову адносна Беларусі.

Франак Вячорка

«Добра, што Беларусь стаіць на парадку дня. Сам факт абмеркавання на такім узроўні ставіць Беларусь у адну з топавых тэмаў у сусветным парадку дня, а не еўрапейскім ці рэгіянальным.

Беларускі крызіс выйшаў за межы ўнутрыпалітычнага — гэта стала праблемай, і гэта абмяркоўваюць кіраўнікі супердзяржаваў. Паколькі фармат і канцэпт сустрэчы не дазвалялі прымаць нейкія рашэнні і выпрацаваць дарожныя карты, тут мы бачым абазначэнне пазіцый. За гэтай сустрэчай будуць наступныя.

Для беларусаў вельмі важна, што Байдэн агучыў пазіцыю менавіта дэмакратычных сілаў. Мы працягваем камунікаваць са Штатамі, рыхтуем туды візіт Святланы Ціханоўскай. Думаю, што ўжо цягам бліжэйшых тыдняў мы ўбачым дзеянні Вашынгтона адносна Лукашэнкі. Ранейшыя санкцыі — гэта толькі пачатак. Думаю, што менавіта гэта Байдэн мог абазначыць Пуціну.

Што тычыцца заявы пра паўгода, то я не думаю, што гэта тычыцца Беларусь. У адрозненне ад усіх іншых тэмаў, што яны абмяркоўвалі, Беларусь — гэта крыштальна чыстая тэма, тут ясна ўсё, тут няма розначытанняў. Вынікі таго, што ЗША пачалі абазначаць тэму Беларусі, мы пабачым значна раней за паўгода, і гэта ніяк не звязана з Пуціным. Гэта будуць вельмі канкрэтныя захады ў бок Лукашэнкі. У бліжэйшыя тыдні мы таксама пабачым больш сінхронную пазіцыю па Беларусі Брусэля, Вашынгтона і Лондана.

Збліжэнне пазіцый Байдэна і Пуціна можа быць толькі вакол нейкіх дзеянняў. На гэты момант і ЗША, і Расія ў спісе магчымых медыятараў. Мы не хочам, каб амерыканцы з расіянамі вырашылі наш лёс, мы павінны рабіць гэта самі. Але нам важна, каб Масква і Вашынгтон прынялі наш план, калі мы прапанавалі арганізацыю выбараў з міжнародным удзелам, якім папярэднічалі б перамовы пад міжнароднай медыяцыяй. Я думаю, што збліжэнне можа быць толькі ў гэтым пытанні.

Чаму такая медыяцыя патрэбная? Каб трымаць Лукашэнку пад кантролем, каб рэжым не гандляваў палітвязнямі, каб выконваліся дамоўленасці. Тэма палітвязняў з’яўляецца неаддзельнай ад тэмы новых выбараў. Нават калі Лукашэнка пачне выпускаць журналістаў ці тых, хто падпісаў прашэнне аб памілаванні, гэта не прывядзе яго да нармальнасці.

Апошняя версія лукашэнкаўцаў адносна пасадкі самалёта Ryanair — гэта, што ўсё спланавалі амерыканцы. Думаю, такую інфармацыю атрымліваюць у Крамлі ад беларускага КДБ. Мы жывём у свеце постпраўды, кожны стварае сабе сваю праўду. Крэмль ад пачатку апраўдваў Лукашэнку ў гэтай сітуацыі, саступіць яны не могуць ужо. Але я не думаю, што хоць нехта верыць у версіі беларускай прапаганды».

Чытайце таксама:

«He didn't disagree». Байдэн расказаў, што абмеркаваў з Пуціным Беларусь

«Гэта тое самае месца, дзе наўрад ці трэба спрабаваць зблізіць пазіцыі — гэта немагчыма». Пяскоў заявіў пра разыходжанне пазіцый па Беларусі ў Пуціна і Байдэна

ЗП

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера