Знайсці
17.06.2021 / 14:12РусŁacБел

Котаў пра сустрэчу Байдэна і Пуціна: Лукашэнку застаецца ці пагадзіцца на транзіт улады, ці рызыкаваць

Прадстаўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ), адказны за міжнародную палітыку, былы чыноўнік Анатоль Котаў пракаментаваў для «Нашай Нівы» сустрэчу Пуціна і Байдэна ў Жэневе. Чаго чакаць ад яе Беларусі?

Сустрэча ў Жэневе. Фота ТАСС

«Лёс Беларусі і беларусаў знаходзіцца ў руках саміх беларусаў. Такія сустрэчы глабальных лідараў вельмі важныя, але яны немагчымыя без актыўнасці саміх беларусаў.

Тэма Беларусі сапраўды не была прыярытэтнай падчас сустрэчы, але тое, што яна ўвогуле была закранутая, — гэта добры знак для нашай краіны. Гэта сведчыць пра тое, што беларускае пытанне выйшла за межы рэгіянальнай павесткі, стала часткай глабальнага пазла. Гэта пытанне бяспекі ў цэнтры Еўропы. Канечне, добра, што ЗША трактуюць наша пытанне ў кантэксце ўсёй еўраатлантычнай супольнасці.

Тое, што не было ніякага паразумення з кейсам самалёта Ryanair, — гэта не дзіўна. Тут падыходы ЗША і Расіі розняцца. Крэмль любіць чэрпаць інфармацыю з адной крыніцы, і расіяне пакуль давяраюць Лукашэнку, няглядзячы на тое, што ў міжнароднай супольнасці зусім іншае меркаванне, якое, як мы чакаем, будзе пацверджана 23 чэрвеня. У гэты дзень апублікуюць папярэдні даклад міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі. Тады і стане больш падставаў да вяртання да гэтай тэмы між ЗША і Расіяй.

Анатоль Котаў

Галоўнае — не было адназначнай абароны з боку Расіі свайго гэтак званага саюзніка. З больш глабальнага кантэксту перамоваў вынікае, што з боку ЗША мы бачым больш прагматычны падыход да Расіі. Прагучаў тэрмін «паўгода», калі будзе зразумела, ці выконваюцца нейкія дамоўленасці. Гэты тэрмін адносіцца і да беларускага кейса.

Ёсць некалькі опцыяй, якія вынікаюць з сустрэчы Пуцін-Байдэн, для беларускага рэжыму. Альбо не сапсаваць дамоўленасці і пайсці на мяккі канстытуцыйны транзіт улады, на чым настойвае Крэмль, альбо паспрабаваць узняць стаўкі ў гэтай гульні да нябачаных дагэтуль вышыняў з непрадказальным вынікам.

Калі Пуцін насамрэч хоча дамовіцца аб дээскалацыі адносін з ЗША, то можна чакаць больш жорсткай рэакцыі Крамля. На мой погляд, ёсць два сцэнары, аб гэтым шмат пісалі розныя палітолагі: ці ўпісацца ў паўгадавую гульню і правесці мяккі транзіт улады, які задаволіць усе бакі, ці спрабаваць змяніць гульню. Але ў такім разе для рэжыму скончыцца ўсё хутка і з горшымі наступствамі, бо Расія не будзе бараніць свайго ненадзейнага саюзніка.

Наконт кансэнсусу нельга быць пэўным, можна казаць, што магчымасці для яго існуюць. Тое, што Лукашэнка замінае Захаду, — гэта зразумела, беручы пад увагу яго стаўленне да правоў чалавека, міжнароднага права. Пуціну Лукашэнка не падабаецца, але ёсць устаноўка, што ўлада павінна змяняцца не на вуліцах, а канстытуцыйным шляхам. Для Крамля гэта з’яўляецца аксіёмай. Масква амаль год спрабуе гэта ўжо рэалізаваць на Беларусі, але Лукашэнка супраціўляецца і кажа, што трымае сітуацыю пад кантролем.

Кансэнсус можа палягаць у тым, што Лукашэнка перайшоў для Захаду нават не чырвоныя, а бардовыя лініі ў сітуацыі з самалётам, а інтарэс Крамля ў часовым кампрамісе з Захадам, і тут нейкая трэцяя краіна нікому не павінна перашкаджаць. І цяпер ход за Лукашэнкам, у які бок ён пойдзе».

Чытайце таксама:

«He didn't disagree». Байдэн расказаў, што абмеркаваў з Пуціным Беларусь

«Гэта тое самае месца, дзе наўрад ці трэба спрабаваць зблізіць пазіцыі — гэта немагчыма». Пяскоў заявіў пра разыходжанне пазіцый па Беларусі ў Пуціна і Байдэна

ЗП

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930