Знайсці
15.06.2021 / 17:46

«Усе варыянты генплана прадугледжваюць поўны знос Старога горада». Калі ўлады задумалі знішчыць цэнтр Мінска

Доктар гісторыі Сяргей Абламейка напісаў даследаванне «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення» (выйшла ў «Бібліятэцы Свабоды»). У ім ён упершыню расказаў, як паўтара дзясятка вуліц і завулкаў, шчыльна забудаваных мураванымі дамамі на Замкавай гары і яе ваколіцах, зніклі без следу.

Павялічыць

Для Сяргея Абламейкі гэта вельмі асабістая кніга.

«Маё дзяцінства, прынамсі яго значная частка, прайшло ў рэшце Старога горада — пераважна на Нямізе, дзе жылі бабуліны сяброўкі, да якіх мы часта хадзілі ў госці, і ва ўсім Ракаўскім прадмесці з мноствам яго брукаваных вулак і завулкаў (…).

Гэта быў наш раён, наш горад, наша асяроддзе. Старая Няміга з яе аркамі, унутранымі дворыкамі і драўлянымі галерэямі на першых і другіх паверхах заўсёды, як жывая, стаіць перад вачыма.

Я памятаю яе гукі, пахі і смак габрэйскіх булачак бэйгелах, якія пяклі бабуліны сяброўкі ў маленькіх кватэрках, што вокнамі выходзілі на тыя драўляныя ўнутраныя галерэі».

У дзяцінстве Абламейка стаў сведкам зносу Нямігі.

«Мы прыходзілі туды шмат дзён і глядзелі, як гусенічны кран з падвешанай на страле чыгуннай «бабай» знішчае старажытныя дамы на левым, няцотным баку вуліцы, (…).

«Баба» глуха і вусцішна стукалася аб старыя сцены, яны дрыжэлі, стагналі, вытрымлівалі адзін-два ўдары, пасля пачыналі адломвацца вялікімі кавалкамі і ўрэшце абрыналіся, узняўшы хмары белага пылу».

У другой палове 1980-х Абламейка — разам з іншымі ўдзельнікамі моладзевага аб’яднання «Талака» — бараніў рэшту гістарычнага Мінска. А ў сярэдзіне нулявых вырашыў напісаць гісторыю разбурэння Старога горада з самага пачатку: з 1920-х гадоў.

«Інакш наступныя пакаленні мінчукоў пачнуць успрымаць вынікі правінцыйнага варварства «Мінскай спадчыны» як сапраўднае аблічча Старога Мінску», —

тлумачыў ён сваю матывацыю.

Павялічыць

Абламейка сутыкнуўся з тым, што спецыяльных навуковых даследаванняў, прысвечаных разбурэнню Мінска, не было. Ён паўтара дзесяцігоддзі працаваў у архівах і размаўляў са старажыламі. Яго выснова:

«Усе варыянты даваеннага генплана Мінску прадугледжваюць поўны знос Старога горада, скопванне Замкавай гары і пракладку праз яе тэрыторыю Паркавай магістралі ў бок будучага Парку культуры і адпачынку».

Калі ўдавацца ў дэталі, дык у 1920-я гады грамадскасць распрацавала план аднаўлення і захавання Старога горада і Замчышча. Але ўжо ў 1926-м улады пачалі распрацоўкі пяцігадовага плану «упарадкавання» Мінска, які стаў альтэрнатывай першаму.

У 1927-м пачаліся зносы першых дамоў. А ў наступным годзе на месцы старажытнага Замчышча вырашылі пасадзіць парк і выкапаць возера на Татарскіх агародах. На шчасце, перашкодзіў недахоп сродкаў.

Зносы асобных будынкаў працягваліся ў 1920-я і 1930-я гады. А ў кабінетах працягвалася складанне планаў. Вось што сцвярджалася ў «Генеральнай схеме планіроўкі Мінска» (1940 год):

«З ліквідацыяй раёна Нямігі намячаецца бульвар шырынёй у 125 метраў на працягу восяў вуліц Ленінскай і Энгельса да пляцоўкі, дзе разыходзяцца кірункі на Вільнюс (…). Гэты цэнтральны бульвар адкрывае з Плошчы Свабоды вялікія прасторы і дае магчымасць бачыць будучы ансамбль плошчы Парыжскай Камуны, (…), будучы стадыён і возера».

Гэтымі ж планамі натхняліся беларускія архітэктары і ў 1970-я гады.

Першае частка даследавання, якое напісаў Абламейка, даведзена да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Пазней выйдзе другая кніга, у якой аўтар раскажа пра частковае разбурэнне Старога горада падчас Другой сусветнай вайны і яго канчатковы знос падчас пасляваеннай рэканструкцыі Мінску. Таксама ў другой кнізе пойдзе гаворка пра апошнія спробы ўратаваць мінскае Замчышча ў 1950-я гады.

«Што ж рабілася б з беларускай моладдзю, каб увесь Стары горад з яго вуліцамі і завулкамі захаваўся? А калі б дадаць да яго яшчэ і нязнішчаны Верхні горад?», — задае пытанне Абламейка.

«Няма сумневу: гісторыя Беларусі ў другой палове ХХ стагоддзя была б іншай, шмат якіх палітычных падзеяў проста не адбылося б. Народ, які мае такі Стары горад, іх бы не дапусціў».

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2020 2021 2022
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30 31