Знайсці
12.06.2021 / 20:56РусŁacБел

Хто такі Крысціян Эрыксэн, які страціў прытомнасць на Еўра?

Найлепшы дацкі футбаліст апошняга дзесяцігоддзя самлеў падчас матчу Данія — Фінляндыя на Еўра-2020

Мабыць, з часу братоў Лаўдрупаў Данія не мела настолькі таленавітага футбаліста, з імем якога звязвалі спадзяванні на добры выступ на Еўра.

Крысціяну 29 гадоў (нарадзіўся на Дзень святога Валянціна). Паходзіць футбаліст з мястэчка Мідэльфарт, яго насельніцтва ўсяго 15 тысяч чалавек, як у нашым Шчучыне.

Затое футболам у ваколіцах Мідэльфарта займаецца адразу 600 падлеткаў! Кажуць, першае, што кідаецца тут у вочы — гэта вялізная колькасць футбольных пляцовак. Такога ў Беларусі няма нідзе.

Бацька Крысціяна Томас таксама гуляў у футбол, выходзіў на фланзе паўабароны, забіваў шмат галоў, але прафесійная кар’ера так і не склалася. Цяпер Томас гандлюе запчасткамі для аўтамабіляў, а таксама трэніруе дзяцей. Сын заўсёды прыходзіў на матчы бацькі — гэта і была ягоная першая школа гульні. Гледзячы на брата, у футбол пайшла і сястра Крысціяна Луіза. Таксама гуляе за зборную Даніі.

Любімай камандай у дзяцінстве была «Рома», а любімым гульцом — Франчэска Тоці.

Эрыксэн-малодшы адзначаўся сваёй тэхнічнасцю, але пры гэтым заставаўся камандным гульцом. У 12-гадовым узросце ягоная каманда з Мідэльфарта стала пятай у Даніі, а праз год яго забірае да сябе футбольная школа «Одэнсэ» — аднаго з наймацнейшых клубаў краіны.

Адтуль ён прыцягнуў увагу грандаў сусветнага футбола — «Чэлсі», «Барселона», «МЮ», «Мілан» цікавіліся датчанінам. Зрэшты, ён пераходзіць у менш багаты нідэрландскі «Аякс». «Я вырашыў, што мой першы крок павінен быць не надта вялікім», — казаў Эрыксэн. Два гады спатрэбілася, каб з юнацкай каманды прабіцца ў асноўную.

Гэта быў 2010 год. У тым самым годзе Крысціяна бяруць са зборнай Даніі на чэмпіянат свету ў Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку. Там 18-гадовы датчанін становіцца самым маладым футбалістам мундыяля. Ужо ў 2011 годзе Крысціяна называюць найлепшым футбалістам Даніі, а таксама талентам года ў Нідэрландах. У складзе «Аякса» датчанін станавіўся тройчы чэмпіёнам краіны.

Потым Эрыксэн ідзе на павышэнне. Ён пераходзіць у англійскую Прэм’ер-Лігу, заключае кантракт з лонданскім «Тотэнхэмам». Бацька Крысціяна Томас па сёння цярпець не можа «Чэлсі», бо гэтая каманда назвала ягонага сына «занадта слабым» для каманды.

За сем сезонаў у Англіі Крысціян правёў за «шпор» больш за 200 гульняў, у якіх забіў 51 гол. Даходзіў да фіналу Лігі чэмпіёнаў, але тытул не заваявалі. Настолькі таленавітага гульца гэтае пакаленне датчан не мелі больш. Толькі ў 2020 Эрыксэн змяніў каманду, перабраўся ў «Інтэр». У першы ж год «Інтэр» змог перарваць гегемонію ў Італіі «Ювентуса», стаўшы чэмпіёнам.

Мабыць, сціпласць у крыві скандынаваў. Эрыксэн тут не выключэнне. Ён лічыць, што футбалісты атрымліваюць несправядліва шмат і прызнаецца, што ніяк не можа звыкнуцца да такіх шалёных грошай.

Гэта вельмі спакойны, ветлівы чалавек, якому не ўласцівая зорная хвароба. У асабістым жыцці Эрыксэна няма скандалаў.

Шмат гадоў ён жыве разам з Сабрынай Квіст Ёнсан, яны пазнаёміліся яшчэ ў Даніі, пачалі сустракацца, калі Крысціян гуляў за «Аякс». Ёнсан раней працавала цырульніцай і прадавала адзенне. Цікава, што пара нежанатая, пры гэтым у іх двое дзяцей. Эрыксэн не афішуе сваё асабістае жыццё, нават імёны дзяцей доўгі час застаюцца пад сакрэтам.

За зборную Даніі ў Эрыксэна ўжо 107 гульняў, у якіх ён забіў 36 галоў. Без свайго лідара датчанам будзе вельмі цяжка на гэтым Еўра.

ЗП

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера