Знайсці
04.06.2021 / 15:58РусŁacБел

Звар’яцець дзеля аўто: спажыванне як рэлігія ў новым індзі-трылеры «Гульня на выжыванне»

У нашым тухлым пракаце з’явіўся цікавы індзі-трылер «Гульня на выжыванне», які нарэшце дайшоў да вялікага экрана з праграмы мінулага Берлінале. Нямецкі рэжысёр Басціян Гюнтэр паехаў у правінцыю Злучаных Штатаў, каб скрупулёзна адлюстраваць яе наваколле, а мясцовую сістэму мыслення і каштоўнасцяў зрабіць падаплёкай трагічных падзей. Такім чынам выраз «не мы такія — жыццё такое» накладваецца не толькі на дыктатарскія рэжымы, але і на грамадства з дыктатам сацыяльных умоўнасцяў.

Гісторыя расказвае пра, на першы погляд, бяскрыўдную гульню. Такое сабе маленькае ўвасабленне амерыканскай мары, калі трэба прыкласці пэўныя намаганні і дзесьці з жульніцтвам, дзесьці з фартам стаць паважанай часткай грамадства. Годнае месца забяспечваецца, вядома, сацыяльнымі дабротамі, усё ж ЗША — краіна спажывання, поспеху і багацця як абсалютных каштоўнасцяў, і гэта ў фільме галоўная праблема.

Рэжысёр абыгрывае прагу валодання як новую рэлігію і сюжэт базуе на яе небяспечнасці. Што само па сабе варта ўвагі ў такім глядацкім жанры і вядомым матыве гульні на выжыванне, асновай карціны становіцца не які-небудзь выдуманы дэтэктыўны заварот і пустое змаганне само па сабе, а ўкаранелая ў грамадстве сістэма мыслення. Карацей, маем справу з рэдкай птушкай — сацыяльным трылерам.

Такім чынам, недзе ў Тэхасе аўтасалон у чарговы раз разыгрывае ўседарожнік: для таго, каб стаць яго ўладальнікам, трэба даўжэй за ўсіх прастаяць ля аўтамабіля, трымаючы на ім хаця б адну руку. За машыну змагаецца дваццаць чалавек — як толькі гучыць гудок, аповед насычаецца канфліктамі, рэакцыямі, позіркамі ды рознасцю персанажаў і пачынае проста-такі бурліць і падбухторваць да прагнозаў.

Усе вашы прагнозы, мяркую, акажуцца недакладнымі. Як гледачы, мы з самага пачатку ставім на галоўнага героя Кайла (яго іграе вядомы серыяльны акцёр Джо Коўл) — і ён сапраўды «зробіць» гэты сюжэт, але не ў тым ключы, якога чакаюць ад конкурсаў.

Жаданне бясплатна атрымаць машыну становіцца выпрабаваннем на знос — яно прымушае ўдзельнікаў ахвяраваць сваім здароўем, паміраць ад стомы, страчваць прытомнасць, кантроль, губляць сябе (проста-такі вар’яцець на вачах).

Такі стан — гэтую думку я краду ў кінакрытыка Ігара Сукманава — можна параўнаць з сённяшнім станам беларусаў, калі і фізічна, і псіхалагічна ты ўжо набліжаешся да крытычнай адзнакі, але з пэўных прычын мусіш працягваць стаяць.

Адзін з персанажаў пытаецца ў арганізатаркі шоу Джаан, ці гэтая гульня бяспечная, і тая запэўнівае, што так, маўляў, нікога ж ля гэтай машыны стаяць не прымушаюць.

Менавіта ў гэтым зазоры — свабоднага грамадства, дзе ніхто нікога ні да чаго не змушае, — у правы ўступаюць сацыяльныя ўмоўнасці, якімі чалавек абмяжоўвае сам сябе. Абмяжоўвае ажно да смерці.

Больш за тое, кансьюмерызм, сацыяльны статус, матэрыяльныя выгоды ў «Гульні на выжыванне» выразна падаюцца як рэлігія, а машына — яе сімвал. У фільме прысутнічае і баптызм як асноўная рэлігія ў ЗША, але хіба для таго, каб капітуляваць перад новым вераваннем.

Над уседарожнікам не перарываецца малітва, а на руках у Кайла з’яўляецца нешта кшталту стыгматаў. Каб адпачыць душой, галоўны герой едзе не ў царкву, а да жаданага ўседарожніка (і той з ім размаўляе) альбо накіроўваецца на могілкі аўтамабіляў.

Арганізатарка конкурсу Джаан ёсць яшчэ адно ўвасабленне амерыканскага «стылю» і выразны працяг той рэлігіі: поспех перадусім, паўсюль і заўсёды, трымаць яго на твары, чаго б гэта ні каштавала. Жанчына пырхае ад канкурсантаў да хворай маці, ад палюбоўніка, які яе кідае, да няўдалага спаткання, туды-сюды, і ўсё з нязменнай шчаслівай усмешкай і непарушнай ветлівасцю. Гэты манерны пазітыў напаказ, ды і не напаказ таксама, адпавядае яе бачанню сябе ў соцыуме, таму нават калі падступаюць слёзы, яна ўсміхаецца і падбірае мілыя інтанацыі.

«Гульня на выжыванне», такім чынам, становіцца годным жанравым эксперыментам, дзе атмасфера амерыканскага гарадка паказана з зайздроснай акуратнасцю, дзе ўсе датычныя Штатаў вялікія катэгорыі ўвасабляюцца ў правінцыі і архаічным конкурсе, дзе сачэнне за падзеямі ўзнагароджваецца сто разоў як кароткімі паказальнымі сцэнамі, так і вось-дык-паваротамі.

Што цікава адносна індустрыі, «Гульня на выжыванне» служыць чарговым прыкладам сучаснай тэндэнцыі сцірання нацыянальнага ў кіно. Нямецкі рэжысёр і нямецкія ж грошы зрабілі карціну пра амерыканскую свядомасць і амерыканскі антураж.

Зрэшты, як гэта часта бывае, сусветныя тэндэнцыі мы сабе дазволіць не можам: беларускаму кіно, перш чым замахвацца на глабалізм, трэба стварыць уласны вобраз.

Фільм «Гульня на выжыванне» будзе паказвацца ў беларускім пракаце да 16 чэрвеня.

Ірэна Кацяловіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера