Знайсці
12.09.2021 / 09:17РусŁacБел

Валянцін Пянькоўскі. Баявы генерал, якога блытаюць са шпіёнам

Вучыўся ў Аб’яднанай беларускай вайсковай школе ў час беларусізацыі, трапіў пад абвінавачванні НКВД, прайшоў усю вайну і даслужыўся да генерала арміі. Пра таленавітага беларуса-военачальніка і злавесны цень шпіёна-аднафамільца піша вайсковы гісторык Віталь Чырвінскі.

У савецкім войску адзінаццаць ураджэнцаў Беларусі даслужыліся да высокага вайсковага звання генерала арміі. Дзесяць з іх пасля смерці былі ўрачыста пахаваныя ў Маскве. А адзіным з іх, хто знайшоў спачын у роднай зямлі, стаў Валянцін Пянькоўскі. І на тое былі свае прычыны.

Нават у парадным мундзіры генерала арміі вочы Валянціна Пянькоўскага выдаюць добрага чалавека. Нібы Дзед Мароз зняў сваю доўгую ватную бараду і замяніў чырвонае футра з вялікім белым каўняром на вайсковую форму. Wikimedia Commons

У войску з 16 гадоў

Валянцін Пянькоўскі нарадзіўся ў 1904 годзе ў Магілёве ў сям’і чыгуначніка. Ягоны бацька, Антон Іванавіч, быў селянінам, паходзіў з вёскі Варнавіна на Мсціслаўшчыне, у пошуках лепшай долі перабраўся ў горад.

У 1918 годзе Валянцін скончыў два класы 2-й ступені (у сённяшнім разуменні — 5 і 6 класы). Так ён пасля пазначыў сваю адукацыю ў аўтабіяграфіі. Верагодна, гэта было Аршанскае рэальнае вучылішча, якое ў 1918 годзе рэарганізавалі ў школу 2-й ступені (8 класаў). 

Аршанскае рэальнае вучылішча (з 1918 года — школа другой ступені, цяпер — аршанская гімназія № 2). Фота Аляксея Друпава, radima.org

Пятнаццацігадовым юнаком Пянькоўскі ўладкаваўся чорнарабочым на чыгунку ў Оршы. Улетку падпрацоўваў парабкам на вёсцы. А восенню 1920 года запісаўся ў шэрагі Чырвонай арміі, а дакладней — у ваенізаваную ахову (ВОХР). 

Гісторыя склалася так, што ў наступныя дзесяцігоддзі найбольшае значэнне ў СССР будуць мець змаганне з контррэвалюцыяй і будаўніцтва сацыялізму. І хоць чырвонаармеец Пянькоўскі не браў удзелу ва ўзброеных сутычках з «контррэвалюцыйнымі элементамі», толькі ахоўваў чыгунку і важныя аб’екты на ёй, а таксама суправаджаў грузы, у афіцыйнай яго біяграфіі з’явіўся карысны для далейшай кар’еры пункцік: «удзельнік Грамадзянскай вайны». 

У студзені 1921 года войскі ВОХР расфарміравалі, а Пянькоўскі выказаў жаданне служыць далей. Сямнаццацігадовага юнака накіравалі ў Петраград, дзе ён праз год скончыў 21- я кавалерыйскія курсы. Так атрымалася, што ў складзе зводнага эскадрона курсантаў ён паўдзельнічаў у «ліквідацыі белафінскай авантуры ў Карэліі», то-бок задушэнні рэгулярнымі часткамі Чырвонай арміі (8,5 тысячы чалавек) у лістападзе 1921 — сакавіку 1922 года Карэльскага антыбальшавіцкага паўстання. Гэты эпізод таксама знайшоў сваё месца ў ягоных будучых біяграфіях. 

«Вышэйшай адукацыі няма, але і патрэбы ў ёй не мае» 

Ваяваць, відаць, юнаку спадабалася, таму пасля заканчэння ваенных дзеянняў ён вырашыў будаваць кар’еру прафесійнага вайскоўца. Але аднаго практычнага баявога досведу было для гэтага недастаткова, трэба было і падвучыцца. 

У Аб’яднаную беларускую вайсковую школу ў Мінску (АБВШ), дзе рыхтавалі будучых узводных камандзіраў, Пянькоўскі трапіў у самы разгар беларусізацыі. У маі 1925 года, калі ён вучыўся на другім курсе, у школе з’явіліся першыя статуты і падручнікі на беларускай мове, частку заняткаў сталі праводзіць на роднай мове курсантаў-беларусаў. І ў наступныя два гады калектыў школы намагаўся паставіць «цягнік АБВШ» на беларускія рэйкі. Падрабязней пра гэту школу і яе славутых выпускнікоў гл. у артыкуле «Базыль Маргелаў і Янка Якубоўскі: хто і што пісаў у беларускамоўную «Чырвонаармейскую праўду»» (№ 3/2018 «Нашай гісторыі»).

Будынак АБВШ. Wikimedia Commons

Мабыць, вучылі ў Мінску добра, калі будучы военачальнік збудаваў усю сваю наступную кар’еру на атрыманай у АБВШ сярэдняй адукацыі. Пазней, ужо пасля вайны, у адной са службовых характарыстык ягоны камандзір так і напісаў: «вышэйшай адукацыі няма, але і патрэбы ў ёй не мае». Без яе Пянькоўскі так і абышоўся да канца жыцця. Іншымі яго «ўніверсітэтамі» былі толькі розныя курсы ўдасканалення. 

Старшы лейтэнант Валянцін Пянькоўскі. 1930-я гады. З архіва сям'і Пянькоўскіх

Два гады за кратамі НКВД

Таксама «ўніверсітэтамі», але ўжо жыццёвымі, былі для Пянькоўскага год і дзевяць месяцаў за кратамі. У чэрвені 1938 года яго, як і многіх вайскоўцаў у тыя гады, арыштавалі па лжывым даносе. Ён тады акурат вярнуўся ў Беларусь з Севастопаля, дзе служыў камандзірам дывізіёна курсантаў мясцовага вучылішча зенітнай артылерыі — і трапіў пад абвінавачанне: польскі шпіён. Падставай стала польскае паходжанне яго каханай жонкі Эмы Стэфанаўны з Рабчынскіх.

Разам з каханай жонкай Эмай. 1930-я гады. Фота з архіва сям'і Пянькоўскіх

Пянькоўскага пазбавілі пасадаў, дапытвалі і катавалі. Жонку з шасцігадовым сынам выселілі са службовай кватэры, і яны былі вымушаныя шукаць спосабы выжыць. Але Пянькоўскі не зламаўся, не агаварыў сябе. І ўрэшце быў вызвалены. Ці мог уявіць звольнены з арміі маёр, седзячы ў сакавіку 1940 года ў турэмнай камеры, што пройдуць усяго нейкія два з паловай гады — і ён стане ўжо генерал-маёрам?  

Як палонныя румыны

Калі нацысцкая Германія напала на СССР, Пянькоўскі ўжо служыў у Кіеўскай асобай вайсковай акрузе. Падчас «Кіеўскай катастрофы» 1941 года на 17 сутак трапіў у акружэнне, але здолеў вырвацца. Узначаліўшы вялікую групу вайскоўцаў, камандзір вывеў яе да сваіх: арганізавана, са зброяй, дакументамі і ў вайсковай форме, разам з параненымі, якіх не пакінуў на згубу. За гэта Пянькоўскага ўзнагародзілі ордэнам Чырвонага Сцяга. «Устойлівы, бясстрашны ў баі, адданы радзіме камандзір» — гаварылася ва ўзнагародным лісце. 

Падчас бітвы пад Сталінградам Пянькоўскі ваяваў у складзе Паўднёва-Заходняга фронту, якому супрацьстаялі румынскія войскі. Гэта была ідэя начальніка штаба 21-й арміі Валянціна Пянькоўскага — замаскіраваць ад ворага войскі на правым беразе Дона. Ад захавання гэтай таямніцы залежаў поспех контрнаступлення, таму будаваліся фальшывыя масты, імітавалася дзейнасць усіх вайсковых службаў, нават радыёграмы былі складзеныя так, каб заблытаць ворага.

І ўсё гэта дало плён. Удар атрымаўся нечаканы і забяспечыў поспех войскаў усяго фронту. 3-я румынская армія была разбітая, шмат румынскіх вайскоўцаў трапіла ў палон. Сярод іншых ваеннапалонных румыны, у нядаўнім мінулым неадукаваныя сяляне, вылучаліся нейкай недысцыплінаванасцю, затузанасцю. Можа, тады і нарадзілася прымаўка: «Што вы цягнецеся, як палонныя румыны»?

Румынскія вайскоўцы, захопленыя ў палон пад Сталінградам войскамі Паўднёва-Заходняга фронту. Снежань 1942 года. Waralbum.ru

Ваяваў Пянькоўскі і на Курскай дузе. Вечарам 6 ліпеня ён стаў сведкам легендарнага паветранага бою, калі ў небе над яго камандным пунктам лётчык-беларус Аляксандр Гаравец (гл. пра яго артыкул у № 12/2019 «Нашай гісторыі») збіў 9 самалётаў праціўніка. А летам 1944 года ў складзе 1-га Прыбалтыйскага фронту вызваляў беларускія гарады і вёскі. 

Місія ў Паўночнай Карэі

Капітуляцыю нацысцкай Германіі Валянцін Пянькоўскі сустрэў у Латвіі. Ледзь паспеў наведаць у адпачынку сваю сям’ю — і адразу рушыў на Далёкі Усход, дзе ўзначаліў штаб 25-й арміі. Чырвоная армія рыхтавалася да баявых дзеянняў супраць Японіі. 

Савецкія войскі ў вызваленым ад японцаў Пхеньяне. 1945 год. Фота Якава Гудкова, РИА «Новости»

8 жніўня 1945 года СССР аб’явіў вайну Японіі. Саюзнікі па антыгітлераўскай кааліцыі — Вялікабрытанія і ЗША — вялі вайну з Японіяй са снежня 1941-га, і Маньчжурская наступальная аперацыя была часткай абавязальніцтваў перад саюзнікамі, узятых Іосіфам Сталіным на Ялцінскай канферэнцыі (гл. пра яе ў № 8/2019 «Нашай гісторыі»). 25- я армія, дзе служыў начальнікам штаба Валянцін Пянькоўскі, разбіла японцаў і замацавалася на паўночнай частцы Карэйскага паўвострава. 

На трыбуне былы капітан Чырвонай арміі Кім Ір Сен на мітынгу ў Пхеньяне 14 кастрычніка 1945 года. На яго цывільным пінжаку першая савецкая ўзнагарода — ордэн Чырвонага Сцяга, атрыманы па выніках Маньчжурскай аперацыі. Сярод савецкіх военачальнікаў у гэты момант на трыбуне знаходзіўся і начальнік штаба 25-й арміі генерал-лейтэнант Валянцін Пянькоўскі. На гэтым самым мітынгу, які праводзіўся ў гонар Савецкай Арміі і праходзіў на гарадскім стадыёне, выступіў камандуючы 25-й арміяй генерал-палкоўнік Іван Чысцякоў, які прадставіў карэйцам, што сабраліся, Кім Ір Сена як іх «нацыянальнага героя». Так пачалося ўзыходжанне Кім Ір Сена да вяршыняў улады. У 1953 годзе ён стане ўжо маршалам КНДР, а яшчэ пазней — прэзідэнтам. Wikimedia Commons

Дэмантаваў помнік Сталіну ў Мінску

У маі 1961 года, перад гэтым 15 гадоў праслужыўшы начальнікам штаба шэрагу вайсковых акругаў, перадусім на ўсходзе СССР, Валянцін Пянькоўскі атрымаў высокае званне генерала арміі. А праз два месяцы ён вярнуўся на радзіму: быў прызначаны на пасаду камандуючага войскамі Беларускай вайсковай акругі. 

У СССР у гэты час разгарнулася рашучая барацьба з культам Сталіна. На гістарычным ХХІІ з’ездзе КПСС у Маскве (17—31 кастрычніка 1961 года), які прыняў па гэтым пытанні гучныя пастановы, у якасці дэлегата з правам голасу прысутнічаў і Валянцін Пянькоўскі. 

У ноч на 1 лістапада, рэалізуючы пастановы з’езда, труну з целам «бацькі народаў» прыбралі з Маўзалея на Краснай плошчы ў Маскве. А пасля таго па ўсіх гарадах і населеных пунктах Савецкага Саюза пачалося хуткае знішчэнне выяў тырана і пастаўленых у яго гонар помнікаў, а таксама перайменаванне вуліц ягонага імя. Не стаў выключэннем і Мінск. 

Ужо 2 лістапада праспект імя Сталіна, «улічваючы шматлікія прапановы працоўных і хадайніцтвы савецкіх і грамадскіх арганізацый горада Мінска», быў перайменаваны ў Ленінскі праспект. Мы не ведаем, ці хутка памянялі шыльды на дамах, але ў нумары газеты «Звязда» за 1 лістапада адрас рэдакцыі яшчэ быў пазначаны як «праспект імя Сталіна, 77», а назаўтра адрас рэдакцыі аператыўна змяніўся — «Ленінскі праспект, 77». 

Знішчэнне помніка Сталіну, які ўсяго 9 гадоў таму, у 1952- м, быў урачыста пастаўлены на Цэнтральнай (цяпер Кастрычніцкай) плошчы, даручылі вайскоўцам. Штаб Беларускай вайсковай акругі знаходзіўся адносна недалёка ад Цэнтральнай плошчы, забудовы паміж імі тады не было, таму камандуючы войскамі генерал арміі Валянцін Пянькоўскі, верагодна, мог бачыць помнік непасрэдна са свайго працоўнага месца.

Пянькоўскія назвалі свайго адзінага сына дзіўным іменем — Эмвал (Эма + Валянцін). У тыя часы захапленне падобнымі наватворамі не было рэдкасцю. Праўда, пасля рэвалюцыйны энтузіязм прыгас, і ў пашпарце сын ужо быў запісаны Валянцінам. Валянцін Пянькоўскі-малодшы таксама стаў вайскоўцам, даслужыўся да палкоўніка і пахаваны каля сваіх бацькоў на Усходніх могілках Мінска. Фота з архіва сям’і Пянькоўскіх, другая палова 1950-х гадоў. З архіва сям'і Пянькоўскіх

Невядома, якія думкі блукалі тады ў галаве адданага камуніста Пянькоўскага. Але загад быў выкананы, і ўсё было зроблена па-вайсковаму «чотка». У ноч на 3 лістапада плошчу, дзе стаяў помнік, ачапілі плотам і вайскоўцамі. Дзесяціметровую статую абматалі тоўстым сталёвым тросам — і два танкавыя цягачы, пасля некалькіх спробаў расхістаць, здолелі яе паваліць. Боты, умацаваныя ў глыбіню канструкцыі сталёвымі рэйкамі, адрывалі асобна. Так помнік, які будаваўся на вякі, не пражыў і дзясятка гадоў. 

«Сваяк» агента брытанскай і амерыканскай разведак

У 1963 годзе савецкае грамадства, не распешчанае ўнутранымі сенсацыямі, проста ўскалыхнулася ад гучнай навіны: палкоўніка Галоўнага разведвальнага ўпраўлення Алега Пянькоўскага вінавацяць у шпіянажы на карысць ЗША і Вялікабрытаніі! 

«Здрадніка радзімы» расстралялі, а прозвішча «Пянькоўскі» на прасторах Савецкага Саюза стала асацыявацца перадусім з ім. А праз два гады — яшчэ адзін інфармацыйны выбух: за мяжой выйшлі «Запіскі Пянькоўскага». Якія савецкі бок, вядома, назваў «брудным, правакацыйным фабрыкаваннем англійскай і амерыканскай разведак». 

У сваіх запісках Алег Пянькоўскі называў Валянціна Пянькоўскага бацькавым дзядзькам (братам дзеда). Пісаў ён пра гэта з гонарам, але ёсць меркаванне, што гэта быў проста халодны разлік: магчыма, «сваяцтва» з генералам арміі ўзмацняла пазіцыі шпіёна ў вачах заходніх партнёраў, надавала яму вагі.

Можна толькі здагадвацца, што перажываў у сувязі з гэтымі падзеямі баявы генерал. Але, на ягонае шчасце, КГБ і контрразведка, правёўшы праверку, афіцыйна прызналі, што выкрыты шпіён — проста аднафамілец генерала. Тым не менш «асадачак застаўся». 

Эма Валянцінаўна Пянькоўская, унучка генерала, і сёння ў 99 выпадках са 100 чуе пра агента амерыканскай і англійскай выведак, калі называецца па прозвішчы заслужанага дзеда…

Пахаваны ў роднай зямлі

Памёр Валянцін Пянькоўскі ў Мінску 26 красавіка 1969 года: раптоўна, як звычайна пішуць у такіх выпадках, у росквіце сіл. 

Помнік на магіле Валянціна Пянькоўскага. Мінск, Усходнія могілкі. Фота Віталя Чырвінскага

Ягоныя апошнія пасады не былі звязаныя з Беларуссю. Пасля трохгадовага камандавання войскамі Беларускай вайсковай акругі ён чатыры гады быў намеснікам міністра абароны СССР па баявой падрыхтоўцы, а затым — ваенным інспектарам-саветнікам групы генеральных інспектараў Міністэрства абароны СССР. Зразумела, што жыў у Маскве, але хавалі яго тым не менш у Мінску. 

Пахаванне адбывалася вельмі ўрачыста. Блакітная зала Дома афіцэраў. Найвышэйшае кіраўніцтва рэспублікі ў ганаровай варце. Труна на гарматным лафеце. Працэсія па Ленінскім праспекце. На плошчы Перамогі труну знялі з лафета і абнеслі вакол помніка. 

А пахавалі Валянціна Пянькоўскага на Усходніх могілках у найбольш ганаровым месцы — насупраць цэнтральнага ўвахода. Да яго ў гэтым месцы, зарэзерваваным для найвышэйшых партыйных бонзаў БССР, была толькі адна магіла — Героя Савецкага Саюза і шматгадовага старшыні прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Васіля Казлова, які памёр у снежні 1967 года.

Цяпер жа ў тым месцы — магілы 13-ці беларускіх савецкіх дзеячаў, гэта пэўны беларускі аналаг маскоўскіх пахаванняў каля Крамлёўскай сцяны. Амаль усе асобы, якія там ляжаць, у дзень пахавання Пянькоўскага стаялі ля яго труны з чырвона-чорнымі павязкамі на рукавах: Уладзімір Каменскі, Іван Палякоў, Уладзімір Лабанок, Уладзімір Міцкевіч, Сяргей Прытыцкі, Фёдар Сурганаў, Ціхан Кісялёў, Пятро Машэраў.

Бранявы завулак, 4 — наменклатурны дом, дзе жыў Валянцін Пянькоўскі, а цяпер жывуць ягоныя нашчадкі.На той момант ён быў адным з найлепшых у Беларусі. Фота Віталя Чырвінскага

Кожнае з пералічаных прозвішчаў вы лёгка сустрэнеце ў тапаніміцы Мінска і іншых беларускіх гарадоў, іх імёны носяць школы і каледжы. А вось Пянькоўскага ў гэтым шэрагу няма. Пасля яго смерці так і не з’явілася аніводнай вуліцы яго імя: ні ў родным Магілёве, ні ў Оршы, дзе ён правёў маладосць, ні ў Мінску, ні нават у Полацку, які ён вызваляў у 1944 годзе і дзе яму прысвоілі тытул ганаровага грамадзяніна. Ні школам, ні піянерскім дружынам ягонае імя не прысвойвалася, хоць гэта тады было модна. Адсутнічае нават памятная шыльда ў гонар генерала-беларуса на доме, дзе ён жыў у Мінску. 

Можна меркаваць, што гэта было непасрэдна звязана з дзейнасцю аднафамільца-шпіёна, чыё прозвішча было на слыху. І пра яго не хацелі лішні раз нагадваць нават такім чынам. Можа, менавіта ў гэтым таксама прычына, чаму і пахавалі генерала арміі з месцам працы ў сталіцы СССР на радзіме, а не на адным з галоўных пантэонаў Масквы, як гэта звычайна рабілі з вайскоўцамі такога ўзроўню?

Віталь Чырвінскі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930