Знайсці
02.01.2022 / 17:18РусŁacБел

«Я ганаруся Дзянісам. Ён быў за народ». Жонка капітана Урада, прысуджанага да 18 гадоў зняволення, расказвае пра сям'ю

Успамінаем найцікавейшае за 2021 год. Спецсувязіста Генштаба Дзяніса Урада прысудзілі да 18 гадоў пазбаўлення волі. Два месяцы таму Урад сфатаграфаваў ліст міністра ўнутраных спраў міністру абароны з разнарадкай на размяшчэнне сілавікоў на Дзень Волі. Урад выслаў гэтае фота ў пратэставы тэлеграм-канал. Пасля было затрыманне, СІЗА КДБ і фільм дзяржтэлебачання «Манкурты», у якім паказалі запіс са схаванай камеры: на ім апрануты ў вайсковую форму Дзяніс плача ў пустым кабінеце. Затым — абвінавачанне ў здрадзе дзяржаве і закрыты суд.

«Наша Ніва» пагаварыла з Ірынай Урад, жонкай Дзяніса. Яна расказала пра затрыманне мужа, рэакцыю на прысуд, іх сумеснае жыццё і сённяшняе стаўленне сваякоў і блізкіх.

Дзяніс і Ірына Урад

«Наша Ніва»: Суд над Дзянісам быў закрытым, але ці трапілі вы на абвяшчэнне прысуду?

Ірына Урад: Мяне пусцілі ў апошні дзень, хоць і не чакала. Я прыехала ў суд, убачыла, што там вельмі шмат прэсы (пра суд было вядома толькі дзяржаўным СМІ — «НН»). Мы з адвакатам звярнуліся тады, папрасілі, каб мяне пусцілі.

«НН»: Які вырак чакалі? 

ІУ: Я думала, што будзе максімум, 20 гадоў. 

«НН»: Ці была нейкая сувязь з мужам? Лісты ці спатканні? 

ІУ: Спатканняў не было, толькі перапіска. Лісты даходзілі два разы на тыдзень пачкамі. Ён пісаў, што таксама атрымліваў лісты пачкамі раз ці два на тыдзень, хоць, па яго словах, сукамернікі атрымлівалі свае лісты амаль што на наступны дзень.

Першыя лісты ад Дзяніса былі вельмі цяжкія. Ён не скардзіўся, што яго прыніжалі ці штосьці з ім рабілі. Але ён вельмі перажываў: што будзе далей? Як будзе сям’я цяпер? Як гэта ўсё ўспрымуць бацькі?

Апошнім часам Дзяніс, напэўна, разумеў, што маленькі тэрмін яму не дадуць. І неяк гэта прымаў. Адзінае, што ён вельмі перажываў за дзіця.

Дзяніс не скардзіўся, не казаў, што яму кепска. Пісаў, што ў камеры нармальныя людзі, што ёсць падтрымка. Кормяць нармальна, выпускаюць на шпацыр — умовы прымальныя. 

Ён пісаў, што будзе вялікі тэрмін, без варыянтаў. Ён бачыў той фільм «Манкурты» па тэлебачанні ў камеры. Казаў, што быў у шоку і не разумее, якім чынам ён туды трапіў.

«НН»: Ці прызнаў Дзяніс віну?

ІУ: Наколькі я разумею, так, прызнаўся, што выклаў той дакумент. 

«НН»: Як ён адрэагаваў на прысуд?

ІУ: Калі агучвалі прысуд, Дзяніс трымаўся. Адзіны момант быў — заплакаў, калі ўбачыў у зале мяне і мы сустрэліся позіркамі. 

Дзяніс Урад на судзе

***

«НН»: Раскажыце як і калі гэта ўсё пачалося. Калі Дзяніса затрымалі?

ІУ: Гэта было ў панядзелак, 15 сакавіка. Ён быў на выходным пасля дзяжурстваў. 

Дзяніса выклікалі на працу. Ён паехаў — і знік. 

«НН»: А чаму яго выклікалі раптоўна? Для чаго?

ІУ: Пачалося разбіральніцтва з тым злітым дакументам. Думаю, ён здагадваўся, з чым гэта звязана, але ўсё адно паехаў. 

Ён знік. Я пачала перажываць, а ўначы да нас прыйшлі з ператрусам — і я ўсё зразумела. І калі я ўжо адчыніла сілавікам дзверы, Дзяніс мне пазваніў — яму дазволілі. Ён сказаў: «Іра, мяне затрымалі, пакажы там ім усё».

Прыйшлі з ператрусам недзе ў палову на другую ночы. Сын спаў у іншым пакоі. Але ператрус правялі карэктна, намагаліся ўсё рабіць ціха. Дзіця ў выніку нават не прачнулася, на шчасце. 

Забралі ўсю тэхніку, нават мой працоўны ноўтбук, тэлефоны.

«НН»: А вы ведалі, за што менавіта затрыманы Дзяніс? Ведалі, што ён адправіў у тэлеграм-канал той дакумент?

ІУ: Так, ведала. Я калі ўбачыла тую публікацыю ў тэлеграм-канале, то спытала ў Дзяніса, ці бачыў яе ён. Кажу, глядзі, што пра вас пішуць. Ён кажа: так, гэта я. 

Я спачатку не ўспрыняла гэта ўсё вельмі сур’ёзна. Нават пасля затрымання Дзяніса і ператрусу я яшчэ думала, што, магчыма, мужу нейкі штраф дадуць і ўсё. 

Але ж калі на наступны дзень мяне запрасілі у КДБ, там сказалі, што Дзяніс будзе сядзець доўга.

«НН»: А як вылічылі, што гэта зрабіў Дзяніс?

ІУ: Такіх падрабязнасцяў я не ведаю. Але, думаю, што ён прызнаўся сам.

«НН»: Дзяніс казаў вам, чаму зрабіў тое, што зрабіў?

ІУ: Ён быў за народ — вось што сказаў.

«НН»: Што пачалося пасля затрымання Дзяніса? Як адрэагавалі бацькі, сябры? 

ІУ: Я не вельмі хацела гэта ўсё агалошваць. Бацькам я сказала, што яго затрымалі, але не казала ў дэталях што і як. Усе падрабязнасці і бацькі, і сябры даведаліся з фільма. 

Кадр з фільма «Манкурты»

«НН»: Ці вы глядзелі самі гэты фільм?

ІУ: Так, спасылку на яго мне скінула сястра Дзяніса. Кажа: Дзяніса паказалі па тэлебачанні.

Я паглядзела. І калі пачула яго словы, як ён вымаўляе… Нібыта гэта быў іншы чалавек.

«НН»: Пасля выхаду фільма якое было стаўленне да вас і Дзяніса з боку сваякоў і блізкіх? 

ІУ: Усе прыйшлі з падтрымкай. Не толькі сваякі і сябры, нават незнаёмыя людзі. 

«НН»: А як вы самі ставіцеся да ўчынка мужа?

ІУ: Я ганаруся ім.

«НН»: Ці лічыце яго здраднікам?

ІУ: Не. Ён не здраджваў Радзіме.

«НН»: Ці змянілася ваша стаўленне да вайскоўцаў? Да сілавікоў?

ІУ: Скажу так: гэты суд — паказальны, каб запалохаць такіх, як мой муж. Але сапраўднага афіцэра запалохаць немагчыма. 

«НН»: Лічыце Дзяніса сапраўдным афіцэрам?

ІУ: Так.

***

«НН»: Раскажыце трошкі пра вашу з Дзянісам гісторыю знаёмства. 

ІУ: Дзяніс з Расонаў, я з Гродзенскай вобласці. Пазнаёміліся, калі вучыліся ў Мінску. Дзяніс быў на трэцім курсе вайсковай Акадэміі, я трэццякурсніца, што вучылася на інжынера-праграміста. 

Пачалося ўсё «УКантакце». Там была нейкая «Фотакраіна», дзе было відаць, хто заходзіў на тваю старонку. Ну і неяк завязалася, Дзяніс мне напісаў. 

Дзяніс — рамантык. Заўсёды кветкі, падарункі. Наша другое спатканне прайшло на агляднай пляцоўцы Нацыянальнай бібліятэкі.

Мы сустракаліся недзе паўтара года і ў 2013 годзе ажаніліся. 

«НН»: Дзяніс расказваў, чаму вырашыў стаць вайскоўцам? 

ІУ: Ён расказваў, што да іх у школу прыходзілі агітаваць да паступлення ў Вайсковую акадэмію. Ён быў у 11 класе, раздумваў, куды далей. І гэта неяк паўплывала на яго, паспрабаваў — і паступіў. Ён вучыўся добра, і ў Акадэміі, і ў школе, меў добрыя адзнакі.

«НН»: Сам ён не з сям’і вайскоўца?

ІУ: Не. Мама яго працуе ў паліклініцы, бацька вартаўнік. Жывуць у Расонах.

«НН»: Як Дзяніс трапіў на працу ў Генштаб?

ІУ: Па размеркаванні, адразу пасля Акадэміі у 2014 годзе. 

«НН»: Як успрымаў сваю працу?

ІУ: Па-рознаму. Апошнім часам хацеў змяніць прафесію, бо лічыў, што не было развіцця. Ён заўсёды хацеў рухацца наперад, цяпер даслужыўся да капітана — і ў выніку сказаў, што праз спецыфіку працы яму трэба будзе ці мяняць месца працы, ці пераходзіць на іншую пасаду. Дзянісу падабалася тое, чым ён займаўся, але ён не бачыў для сябе далейшага росту. Таму думаў, што, можа, варта перайсці ў ІТ. Пытанне было нават не столькі ў грошах, столькі ў тым, што яму не хапала развіцця.

«НН»: Чым Дзяніс цікавіўся, акрамя працы?

УІ: Хобі — рыба і футбол. Глядзеў матчы пастаянна, вельмі часта ездзіў з бацькам на рыбу, асабліва любіў узімку. У яго вельмі добрыя стасункі з бацькамі — і са сваімі, і з маімі.

«НН»: Бацькі яго старыя?

ІУ: За 50. Калі Дзяніс адсядзіць поўны тэрмін, ім будзе ўжо пад 80.

Для іх пачуць вырак было жудасна. Сама лічба гучыць жудасна, ды яшчэ і бачыць сына па тэлебачанні, з такімі каментарамі па каналах…

«НН»: А вашы бацькі, калі даведаліся, што здарылася, што сказалі вам? 

ІУ: Сказалі, што патрэбны час. Неяк упікаць мяне ці Дзяніса ў іх і ў думках не было. Толькі падтрымка. 

«НН»: А чым вы займаецеся? 

ІУ: Працую тэсціроўшчыцай у ІТ-кампаніі. 

«НН»: Як у вас на працы ўспрынялі тое, што адбываецца цяпер з вамі і Дзянісам?

ІУ: Яны ведалі з самага пачатку, бо ў мяне ж забралі пры ператрусе працоўны ноўтбук. Усе ставяцца да мяне вельмі добра. Калектыў выдатны, усе падтрымліваюць. Я вельмі ўдзячная людзям за гэта.

«НН»: Вы засталіся самі з малым дзіцём. Ці хапае грошай? 

ІУ: Ну… Не хапае, так. Часам сябры дапамагаюць.

Спачатку было вельмі цяжка, але цяпер ужо неяк прызвычаілася, што можна тут ці там трохі ашчадзіць. Ужо неяк наладжваецца. 

«НН»: Жывяце ў здымнай кватэры?

ІУ: Не, набылі ў крэдыт. Пераехалі каля года таму, але яшчэ не скончылі цалкам рамонт. Але ж цяпер пра гэта і не думаецца — галоўнае, што ёсць хоць нейкі дах над галавою. 

«НН»: Як тлумачыце сыну пра тое, дзе Дзяніс?

ІУ: Сыну будзе 4 гады 25 мая. Я пакуль кажу, што бацька ў камандзіроўцы.

Пакуль не ведаю, як і што казаць далей.

«НН»: Спачатку вы катэгарычна не хацелі гаварыць са СМІ. Думалі, што маўчанне неяк дапаможа?

ІУ: Думала, што так. Думала, што не будуць раздзімаць гэтую гісторыю, што ўсё, магчыма, неяк уляжыцца… Але пасля зразумела, што не ўляжыцца. Бо некаторым напляваць на людзей, на іх жыцці, на жыцці іх бацькоў.

***

«НН»: Ці цікавіліся вы з Дзянісам палітыкай калісьці раней?

ІУ: Не, не асабліва. Усё пачалося вось у 2020 годзе. Раней нейкую пэўную пазіцыю мы ніяк не праяўлялі, не выказвалі.

«НН»: Як ставіліся да падзей 2020 года, калі спачатку вылучаўся Бабарыка, пасля быў жаночы трыумвірат…

ІУ: Так жа, як і ўсе нармальныя людзі. Галасавалі гэтаксама, як і ўсе (пасміхаецца). 

У мітынгах мы не ўдзельнічалі, але ж падчас саміх выбараў мы былі ў адпачынку. І мы спецыяльна прыехалі, каб адстаяць у вялікай чарзе на ўчастак, каб убачыць, як людзі галасуюць, колькі нас… 

***

«НН»: У сваіх лістах з-за кратаў Дзяніс пісаў, што шкадуе пра свой учынак?

ІУ: Ён пісаў, што шкадуе пра іншае, што пакутуе яго сын і што пакутую я. Прасіў прабачэння ў мяне. 

Канечне, я яго выбачыла. Лічу, што віна тут не яго і хутка ён будзе на волі.

«НН»: Як вы ўяўляеце сябе будучыню цяпер? Маладая жанчына адна з дзіцём, усе сваякі не ў Мінску…

ІУ: Будзем чакаць. Думаю, неяк дамо рады, з такой падтрымкай людзей. 

«НН»: Як работнік ІТ-сферы ці думалі пра эміграцыю?

ІУ: Не, пакуль не. Тут мой муж. Я мушу быць побач з ім. Тут нашы бацькі. Я мушу быць побач з імі таксама.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера