Знайсці
13.05.2021 / 07:58РусŁacБел

Палітолаг Сівіцкі: Санкцыі — цудоўная нагода для Крамля абрэзаць Лукашэнку фінансаванне

Палітолаг, кіраўнік Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў Арсень Сівіцкі дае сваю вэрсію, чаму Лукашэнка прыняў дэкрэт на выпадак гвалтоўнай сьмерці, заяўляе, што праект стварэньня канфэдэратыўнай дзяржавы ўжо не разглядаецца Крамлём, і тлумачыць, як Масква будзе выкарыстоўваць заходнія санкцыі, піша «Радыё Свабода».

— Апошнімі днямі палітолягі і публіцысты актыўна спрабуюць знайсьці сэнс і лёгіку ў прынятым Аляксандрам Лукашэнкам дэкрэце, паводле якога ўлада ў выпадку ягонай гвалтоўнай сьмерці пераходзіць да Савету Бясьпекі. Ваша вэрсія — навошта і дзеля чаго спатрэбіўся гэты дакумэнт?

— Наколькі я ведаю, дыскусія наконт мэханізмаў, прапісаных у гэтым дэкрэце, вялася яшчэ ў 2014-17 гадах. Як мне падаецца, галоўная мэта прыняцьця гэтага дэкрэту зьвязаная са спробай абмежаваць магчымае ўмяшаньне ў справы Беларусі падчас нейкага крызіснага сцэнару.

Я нагадаю, што ў 2014 годзе, калі пачаўся ўкраінскі крызіс, расейскі бок выкарыстаў вакуўм улады ў Кіеве і, па сутнасьці, правёў вайсковую апэрацыю па анэксіі Крыму і потым дэстабілізацыі Данбасу. Гэты дэкрэт якраз павінен заблякаваць такія патэнцыйныя сцэнары, менавіта дзеля гэтага прадугледжана аўтаматычнае ўвядзеньне ваеннага становішча, калі раптам нешта стане з кіраўніком краіны. Расейскі бок у 2014 годзе якраз апэляваў да таго, што законныя ўлады Ўкраіны былі зрынутыя, і вакуўм улады не дазволіў Кіеву мабілізаваць войска, каб адбіць расейскую агрэсію.

Трэба таксама ўлічваць ідэалягічны і палітычны кантэкст. Другая мэта дэкрэту — зафіксаваць «перамогу» Лукашэнкі над сваімі палітычнымі апанэнтамі, паспрабаваць паставіць кропку ў палітычным крызісе, які працягваецца ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году. Такім чынам, Лукашэнка спрабуе падаць сыгнал, што перамагчы яго немагчыма — ані мірнымі, ані іншымі сродкамі.

— Ёсьць зусім адваротныя меркаваньні, што гэты дэкрэт хутчэй грае на карысьць Расеі, бо большасьць сяброў Рады бясьпекі — сілавікі — вельмі шчыльна зьвязаныя з Расеяй, яны там вучыліся, маюць моцныя кантакты і значна больш залежаць ад Масквы, чым, напрыклад, цывільныя міністры. І гэты орган, Рада бясьпекі, хутчэй выканае загад Масквы, чым любы іншы. Што вы адкажаце на такія аргумэнты?

— Можна пагадзіцца з гэтымі аргумэнтамі. Але галоўная мэта дэкрэту — забясьпечыць мэханізм трансфэру ўлады ў прамежкавы пэрыяд. Адзінае пытаньне, якое будзе вызначаць Савет Бясьпекі, — прызначаць дату новых выбараў. Таму гэта проста дублюе тыя легальныя мэханізмы, якія прапісаныя ў законах і Канстытуцыі, але галоўная мэта — запоўніць магчымы вакуўм улады ў крызіснай сытуацыі.

Роля і функцыі Савету бясьпекі вельмі сур’ёзна абмежаваныя толькі гэтымі пытаньнямі. Дэкрэт будзе мець пэўны тэрмін дзеяньні, ня больш за 6 месяцаў, паводле Канстытуцыі.

— Апошнія тыдні прагучала некалькі даволі сэнсацыйных заяваў расейскіх палітолягаў пра тое, што нібыта ўжо былі падрыхтаваныя рашэньні пра інтэграцыю Беларусі і Расеі, і нават прызначана было паседжаньне Савету Фэдэрацыі Расеі, на якім павінна было адбыцца нешта «гістарычнае». Але нібыта ўсё адмянілася, бо Лукашэнка на гэта не пайшоў…

— Наколькі я разумею сытуацыю, праект стварэньня канфэдэратыўнай дзяржавы больш не знаходзіцца ў парадку дня Крамля. Тут некалькі прычынаў. Па-першае, Лукашэнка яшчэ ў 2019 годзе адмовіўся ад паглыбленьня інтэграцыі, абвінаваціўшы Маскву ў спробе інкарпарацыі Беларусі ў склад Расеі.

Пасьля гэтага Крэмль быў вымушаны скарэктаваць свой парадак дня. Масква запусьціла зусім іншыя сцэнары. Таму цяпер для Крамля паглыбленьне інтэграцыі больш не зьяўляецца замежнапалітычным прыярытэтам. Калі Крэмль быў гатовы нешта плаціць беларускаму боку (пытаньне кампэнсацыі беларускаму боку за падатковы манэўр актыўна абмяркоўвалася ў 2018—19 годзе), то зараз гэтае пытаньне ўвогуле зьнікла зь перамоваў.

Ёсьць і геапалітычны аспэкт. Кангрэс ЗША напрыканцы 2020 году прыняў Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і сувэрэнітэце Беларусі, які заклікае не прызнаваць інтэграцыйныя працэсы ў межах «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі, а таксама разглядаць любыя такія інтэграцыйныя працэсы як спробу Крамля падарваць сувэрэнітэт Беларусі. Таксама гэты Акт патэнцыйна прадугледжвае ўвядзеньне санкцыяў супраць Расеі, калі тыя ці іншыя дзеяньні Крамля будуць разглядацца Вашынгтонам як падрыў беларускага сувэрэнітэту і незалежнасьці.

Мы бачым, што Масква зараз спрабуе ўстрымацца ад надта агрэсіўных замежнапалітычных акцыяў, бо спадзяецца на пэўную абмежаваную нармалізацыю стасункаў з Вашынгтонам, асабліва напярэдадні саміту Пуціна і Байдэна. Так што «інфармацыя» пра нібыта інтэграцыю Беларусі і Расеі — гэта, хутчэй за ўсё, пэўная кансьпіралягічная тэорыя, укінутая расейскімі экспэртамі, якая ня мае пад сабой ніякіх падвалін.

— Некалькі тыдняў таму зьявілася інфармацыя, што нібыта некаторыя расейскія нафтавыя кампаніі ня будуць прадаваць нафту на беларускі завод «Нафтан», бо гэта можа пашырыць на іх амэрыканскія санкцыі, уведзеныя супраць Беларусі. Ці лічыце вы гэта сапраўднай прычынай, ці, як на думку некаторых назіральнікаў, расейцы проста выкарыстоўваюць амэрыканскія санкцыі як нагоду эканамічна націснуць на Беларусь?

— Да сёньня ні Мінфін, ні Дзярждэп ЗША не рабілі ніякіх заяваў наконт таго, што санкцыі супраць Беларусі будуць мець пашыраны, экстэрытарыяльны характар. Але калі паглядзець на тыя санкцыі, якія ўводзіліся супраць Расеі апошнія гады, — усе яны былі экстэрытарыяльныя. Таму, хутчэй за ўсё, расейскі бок, маючы такі досьвед, спрабуе падстрахавацца.

Зь іншага боку, пашырэньне амэрыканскіх санкцыяў супраць Беларусі вельмі верагоднае, яны будуць мець экстэрытарыяльны характар, то бок ЗША будуць уводзіць іх таксама супраць тых прадпрыемстваў, якія супрацоўнічаюць зь беларускім бокам.

Але я пагаджуся з вэрсіяй, што Крэмль такім чынам цісьне на Лукашэнку, бо на сёньня пытаньне транзыту ўлады ў Беларусі ў інтарэсах Крамля з парадку дня ня выключана. Крэмль, як падаецца, вычарпаў усе інструмэнты палітыка-дыпляматычнага характару, таму зараз Масква шукае іншыя рычагі для больш жорсткага ціску. Эканамічныя абмежаваньні маюць якраз такі характар.

Таму амэрыканскія і эўрапейскія санкцыі — для Крамля знаходка. Масква дэманструе, што будзе выкарыстоўваць дадзеную сытуацыю для нарошчваньня ціску на Лукашэнку. А па-другое, гэта сыгнал, што Крэмль гатовы працаваць сумесна з Захадам дзеля вырашэньня беларускага палітычнага крызісу.

— І як можа выглядаць гэтая сумесная праца Захаду і Масквы? Пра яе гавораць пачынаючы ад восені, але ніякіх рэальных прыкметаў гэтага мы ня бачым. Наадварот, мы бачым істотнае пагаршэньне адносінаў паміж Расеяй і Захадам. У такіх умовах наколькі рэалістычнай выглядае нейкая «сумесная праца» ў беларускім пытаньні?

— Цягам апошніх 8 месяцаў Масква неаднаразова абмяркоўвала з заходнімі лідэрамі беларускі крызіс. Асабліва гэта праяўляецца пасьля тых ці іншых візытаў Сьвятланы Ціханоўскай у эўрапейскія сталіцы, пасьля якіх кіраўніцтва гэтых краінаў тэлефануе Ўладзіміру Пуціну і перадае нейкі мэсыдж. Пра зьмест гэтых размоваў мы звычайна нічога ня ведаем, але такая камунікацыя становіцца сталай.

Яшчэ ў мінулым годзе Расея атрымала своеасаблівы карт-блянш на прымус Лукашэнкі да канстытуцыйнай рэформы. Мы памятаем, што гэтае пытаньне стаяла вельмі выразна. Але, як я ўжо сказаў, палітыка-дыпляматычныя інструмэнты прымусу Лукашэнкі былі вычарпаныя ўжо ў канцы 2020 году, і Крэмль стаў шукаць іншую стратэгію. Як мне падаецца, адзін з элемэнтаў гэтай новай стратэгіі — нарошчваньне эканамічнага ціску на рэжым Лукашэнкі, спыненьне Масквой фінансавай дапамогі.

Выкарыстоўваючы нагоду заходніх санкцыяў, Крэмль знайшоў для сябе цудоўны аргумэнт, каб спыняць і скарачаць фінансавую дапамогу Беларусі.

Віталь Цыганкоў, Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера