Знайсці
05.05.2021 / 11:08РусŁacБел

«Улічваючы наш род дзейнасці, заставацца ў Мінску было небяспечна». Вакаліст РСП — пра пераезд у Кіеў

Пасля 15 сутак арышту і трох адмоў у выдаванні «гастролек» удзельнікі беларускага гурта РСП эмігравалі ў Кіеў. Tut.by паразмаўляла з вакалістам калектыва Паўлам Гарадніцкім: запыталіся пра плюсы і мінусы пераезду, творчасць за мяжой, «ашчушчэнія» і той дзень, калі артысты вернуцца ў Беларусь.

Фота: instagram.com/rspband

Вакаліст гурта «Разбітае сэрца пацана» і акцёр Беларускага свабоднага тэатра Павел Гарадніцкі ўжо больш за месяц знаходзіцца не на радзіме. Ён з’ехаў з Беларусі ў Кіеў 21 сакавіка, праз некалькі дзён ва ўкраінскую сталіцу прыбыў яшчэ адзін удзельнік РСП Дзяніс Тарасенка. Нагадаем, што ў лютым гурт поўным складам правёў 15 сутак у Жодзінскім ізалятары пасля разгону на «музычнай дыскатэцы» пад Смалявічамі.

TUT.BY запытаўся ў Паўла, чаму ён вырашыў рэлакавацца.

— Палічыў, што заставацца ў Мінску мне крыху небяспечна, улічваючы наш род дзейнасці і са Свабодным тэатрам, і з гуртом, які быў арыштаваны. Ды і цяпер па фестывалях катаецца дакументальны фільм Аляксея Палуяна «Кураж» пра пратэсты ў Беларусі, у якім мы з Дзянісам таксама засвяціліся. Сам я яго, дарэчы, яшчэ не бачыў.

Непасрэдна з’ехаць музыка вырашыў пасля таго, як гурту РСП у трэці раз адмовілі ў выдаванні гастрольнага пасведчання — у Беларусі без яго канцэрты не ладзяцца. Артыстам адмовілі ў «адпаведнасці з падпунктам 1.8 пункта 1 артыкула 215 Кодэкса РБ «Аб культуры» — з-за «парушэння іншых патрабаванняў актаў заканадаўства». Што гэта значыць, ясна не да канца.

— Мы зразумелі, што канцэрты нам у Мінску сыграць не дадуць. Таму мы вырашылі паехаць у Кіеў і неяк «папрабіваць» РСП. Раней ні разу не былі ў Кіеве з гуртом, а цяпер мы тут месяц — і сыгралі ўжо адзін акустычны канцэрт для сваіх. У прынцыпе, у Кіеве шмат чаго робіцца неафіцыйна, падпольна. Для нас, беларусаў-нелегалаў, гэта самае тое (смяецца).

Ва ўкраінскай сталіцы цяпер толькі палова РСП. Павел кажа, што з нецярпеннем чакае яшчэ двух удзельнікаў Андрэя Восіпчыка і Аляксандра Кавалёва, каб хутчэй прыступіць да працы.

— У бубнача і басіста яшчэ ёсць нявырашаныя справы ў Беларусі. Мне было прасцей: я прыехаў з нейкім запасам грошай і паступова штосьці шукаю тут. Іншыя не могуць ехаць у невядомасць: ім трэба адразу ведаць, што сям’я не будзе галадаць.

На жыццё Павел зарабляе падпрацоўкамі па сваёй спецыяльнасці, тры разы на тыдзень ён наведвае анлайн-рэпетыцыі Свабоднага тэатра па Zoom. А вось Дзяніс, які і да пераезду некалькі гадоў працаваў у Мінску на СТА, шукаў сабе не толькі творчыя падпрацоўкі.

— Калі ён прыехаў у Кіеў, літаральна праз некалькі дзён даў аб’явы наконт пошуку працы. Яшчэ не знайшоў кватэру — ужо знайшоў працу. Фарбуе машыны наш Дзяніска, вельмі заняты, але мы знаходзім час з ім сустрэцца. Нядаўна, напрыклад, зрабілі «рыбу» новай песні паводле жодзінскіх падзей. На жаль, без жывых музыкаў, таму гучанне атрымалася крыху новым — пад электронны гурт Metronomy. Сінці-індзі-поп-рок, нешта такое.

Павел удакладняе, што ў гурта ёсць яшчэ і сайд-праект «Жодзінскі альбом» — «турэмны» рэліз, які будзе цалкам прысвечаны думкам, разважанням і перажыванням чалавека, які прайшоў 15 сутак менавіта па колішнім артыкуле 23.34 КаАП. Праца над альбомам пакуль у падвешаным стане, вырашаюцца пытанні наконт яго фінансавання.

У Кіеве Павел і Дзяніс пачалі наладжваць стасункі з мясцовымі артыстамі. Гарадніцкі распавядае, што нядаўна пазнаёміўся з Юрам Капланам («Валянцін Стрыкала»), у музыкаў ёсць ідэі наконт калабарацыі. Больш за тое, РСП прапанавалі выступіць на адным з найбуйнейшых украінскіх музычных фестываляў Atlas Weekend, які павінен прайсці ўлетку. Павел робіць выснову:

— Пакуль ты знаходзішся ў Мінску, закансерваваны ў сваёй творчай прасторы, цябе толькі ў Беларусі і ведаюць. А часовы пераезд — гэта такі добры пендаль, каб пачаць знаёміцца з іншымі, паказваць ім сваю музыку. Пра гэта ў інтэрв'ю «жизнь малина» нядаўна казаў Мікіта Моніч: гэта класная магчымасць для нашага музычнага, тэатральнага і кінарынкаў. Раней яны былі самі ў сабе, а цяпер маюць выхады ў Вільнюсе, Варшаве, Кіеве, Маскве, Піцеры і гэтак далей. Артысты наладжваюць культурныя сувязі, выходзяць з нашай андэграўнднай тусоўкі на больш шырокія абшары. А потым, калі пераможам, мы можам папросту вярнуцца ў Беларусь, і гэтыя сувязі застануцца.

— Для вас гэта пра выхад з зоны камфорту ці наадварот?

— Асабіста для мяне гэта вельмі вялікі выхад з зоны камфорту, чалавек наогул па прыродзе лянівы. Камфортна мець аўдыторыю ў Беларусі, збіраць на канцэртах 500-600 чалавек, ціха рухацца. Цяжэй — трапляць у невядомае і тут літаральна з нуля пачынаць пра сябе заяўляць. Але гэта важна.

Павел дзеліцца, што часам у ім прачынаецца пачуццё віны за тое, што ён з’ехаў з краіны, але ён адразу стараецца яго заціснуць. Артыст разумее, што за мяжой ён можа быць больш карысны, а ў Беларусі, хутчэй за ўсё, проста стаў бы чарговым палітвязнем.

Цяпер артыст адчувае сябе наогул у бяспецы. Калі ў Мінску пасля затрымання кожны дзень даводзілася правяраць праз замочную шчыліну, ці не прыйшоў па яго хтосьці, то ў Кіеве Павел выдыхнуў з палёгкай.

— Калі я толькі апынуўся ва Украіне, у мяне не было такога, каб я першы час шугаўся паліцыянтаў ці бусікаў, як многія кажуць. Тут яны нейкія абсалютна іншыя, па іх бачна, што яны максімум могуць цябе на грошы паспрабаваць развесці. У мяне такое на мяжы было (смяецца). А так у цэнтры людзі пратэстуюць супраць лакдаўну, які ўвяла дзяржава, і іх ахоўвае паліцыя, каб не было ніякіх эксцэсаў. Цяжка такое ўявіць, каб у нас міліцыя ахоўвала нейкі не «ябацькаўскі» мітынг.

Да Паўла ў Кіеў прыехала жонка, але ў Беларусі ў яго застаўся бацька пенсійнага ўзросту.

— Да яго прыходзілі на «агляд», калі я сядзеў у Жодзіне. Спыталі, якая ў яго пазіцыя. А на ім тады была цішотка з зубрам, бусламі, усё ў бела-чырвоных танах. І надпіс: «Беларусь — край мужных». «Вось такая мая пазіцыя», — адказаў.

— Як вы сабе ўяўляеце той дзень, калі вернецеся ў Беларусь?

— Я думаю, што гэта будзе летні сонечны дзень. Я выйду з аэрапорта, мяне з шампанскім будуць сустракаць родныя, сябры, калегі, фанаты РСП і Свабоднага тэатра. Мы адразу абдымемся з супрацоўнікамі аэрапорта, яны мне скажуць: «Паша, як цябе не хапала! Дзякуй богу, гэта ўсё скончылася». А ўвечары на Стэле мы будзем выступаць на канцэрце народных артыстаў: там будуць Вольскі, Паша Аракелян, Nizkiz, NaviBand, «Рэха» і іншыя музыкі — усе свае.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930