Знайсці
29.08.2021 / 08:57РусŁacБел

Табакеркі супраць цара і чорта. Як модны аксесуар зрабіўся інструментам прапаганды

Сёння табакеркі, адмысловыя скрыначкі для захоўвання нюхальнага тытуню («табакі»), цалкам выйшлі з практычнага ўжытку. Але ў XVII—ХІХ стагоддзях гэтая рэч выкарыстоўвалася масава і, акрамя непасрэднага прызначэння, часта служыла сродкам перадачы патрыятычных лозунгаў і вызвольных ідэй. Пра тое, які след пакінулі табакеркі ў гісторыі, літаратуры і мастацтве нашай краіны, піша доктар гісторыі Алесь Белы.

Срэбраная табакерка паўстанца 1863 года з выгравіраваным на ёй вокам Божага Провіду. Limged.pl

Не толькі курыць, але і нюхаць

Спажыванне нюхальнага тытуню (слова «табака» прынята ўжываць менавіта для яго) разам з яго курэннем, а часам і жаваннем пачало распаўсюджвацца ў Еўропе з канца XV стагоддзя пасля адкрыцця Амерыкі Хрыстафорам Калумбам. Нюханне табакі еўрапейцам упершыню было засведчана ў 1493 годзе, калі брат Рамон Панэ, удзельнік экспедыцый Калумба, жыў місіянерам сярод індзейцаў — карэнных жыхароў Гаіці. 

Распаўсюджванне новай звычкі па Еўропе ішло марудна і сутыкалася з рэзкай крытыкай з боку Царквы і маралістаў. Аднак ужо з сярэдзіны XVII стагоддзя нюханне табакі стала ўспрымацца ў грамадстве як больш-менш прымальнае. Больш за тое, гэтая звычка пачала нават уваходзіць у моду. Пры гэтым, у адрозненне ад курэння, нюханне табакі стала шмат дзе лічыцца прыстойным нават для жанчын.

Аматары табакі лічылі, што прачышчаць з дапамогай справакаванага табакай чхання дыхальныя шляхі карысна для здароўя. Хоць сучасная медыцына з бяспечнасцю такой «тэрапіі» наўрад ці пагодзіцца. 

Пік моды на табаку прыйшоўся на другую палову XVIІI стагоддзя. Далей яе папулярнасць паступова змяншалася, але цягам ХІХ стагоддзя заставалася яшчэ на даволі высокім узроўні. Прытым звычай менавіта нюхаць табаку затрымаўся найдаўжэй сярод прадстаўнікоў тых прафесій, якім курыць тытунь у той час з розных прычын было няёмка або небяспечна: дыпламатаў, адвакатаў, лекараў, мінёраў ці друкароў.

Трымайце сваю табаку сухой

Недзе з другой паловы XVII стагоддзя пачынаецца гісторыя табакерак, патрэбных для таго, каб трымаць табаку сухой. З гэтага часу табакеркі робяцца хатняй рэччу масавага ўжытку. У залежнасці ад фантазіі і дастатку ўладальнікаў гэта маглі быць ці вельмі простыя, чыста ўтылітарныя скрынкі, ці сапраўдныя прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і, урэшце, раскошы. 

Матэрыялы для табакеркі маглі быць самыя разнастайныя: дрэва, металы (у тым ліку золата і срэбра, часам з інкрустацыямі каштоўнымі камянямі), слановая костка, парцаляна, рогі, панцыр чарапахі, перламутр, кераміка.

Залатая табакерка сярэдзіны ХІХ стагоддзя з партрэтам Напалеона Банапарта. anticstore.com

Маглі быць невялікія табакеркі для асабістай кішэні і большыя, калектыўныя скрынкі, для супольнага настольнага выкарыстання. Англійскія манархі ў сваіх палацах мелі нават адмысловыя пакоі для захоўвання калекцыі разнастайных табакерак. 

Кішэнныя табакеркі, як правіла, выраблялі для захоўвання невялікай колькасці табакі, непасрэднага асабістага ўжывання на дзень-два. Формы гэтых скрынак не абмяжоўваліся звычайнымі прастакутнікамі. Круглая і авальная формы былі не менш папулярнымі, а некаторыя парцалянавыя табакеркі вырабляліся ў форме марскіх ракавін, хоць гэты стыль быў больш рэдкім. Трапляліся таксама шкляныя або керамічныя бутэлечкі. Самыя бедныя спажыўцы табакі задавальняліся табакеркамі з рогу (адпаведнай формы), дрэва, бляхі, скуры, бяросты і нават… бульбы! Наш славуты мастак Язэп Драздовіч, дарэчы, часам выразаў табакеркі з дрэва.

«Айфон» XVIII стагоддзя

Як і любы модны аксесуар, табакеркі рабіліся прадметам, з дапамогай якога можна было паказаць індывідуальнасць і статуснасць іх гаспадара. Для гэтага многія з іх размалёўваліся ўручную па індывідуальных замовах. На вечках змяшчалі як мініяцюрныя рэальныя пейзажы, так і ідэалізаваныя букалічныя, а часам — камічныя і сатырычныя сцэнкі. Тут можна было сустрэць і батальныя ды побытавыя сцэны, замалёўкі з каланіяльнага жыцця, а таксама партрэты — у тым ліку саміх уладальнікаў (гэтак званыя «камеа»). 

Кашубскі ражок. Для кашубаў, малога народа ў польскім Памор‘і, табакеркі — найчасцей зробленыя з валовага рогу (польск. rożek kaszubski) — адзін з найбольш тыповых турыстычных сувеніраў, своеасаблівы кашубскі нацыянальны сімвал. Wikimedia commons

Аднымі з самых раскошных былі французскія tabatières, якія вырабляліся з золата і ўпрыгожваліся дыяментамі, аметыстамі ды сапфірамі. Іх часта гравіравалі, эмаліравалі альбо аздаблялі чаканкай. 

Доўгі час лісце тытуню церлі на табаку самі спажывальнікі на адмысловых тарках непасрэдна перад ужыткам або запаўненнем табакеркі. Таму часам можна сустрэць камплекты «табакерка + тарка», аформленыя ў адным стылі. 

Сусвет у кішэні

У творах польскамоўных літаратараў і мастакоў ХІХ стагоддзя табакеркі часта адыгрываюць важную сімвалічную ролю. У першую чаргу ў творах класікаў «ліцвінскага» рамантызму, нашых землякоў, звязаных з Віленскім універсітэтам. 

Першы такі твор — няскончаная паэма славутага «архіпрамяністага» філамата Тамаша Зана «Табакерка» (першапачатковая назва — «Смерць табакеркі», польск. «Zgon tabakiery»), напісаная ў 1818 годзе. Герой паэмы, стары барскі канфедэрат, выколвае іголкай на табакерцы сцэнкі з вобразамі народнай творчасці і побыту.

І аказваецца, што малая табакерка можа змяшчаць у сабе цэлы сусвет: пахаванне легендарнага князя Свінтарога ў Вільні паводле паганскага абраду, сялянскае вяселле, сцэнку з русалкамі, што гайдаюць на голлі дрэў зачараванага імі хлопца, ледзь не поўны цыкл сельскагаспадарчых работ і цэлую баладу, заснаваную на народным паданні пра Бекешаву гару ў Вільні. 

У нечым гэта паэма пераклікаецца з асноўнай ідэяй літаратурнай казкі Уладзіміра Адоеўскага «Гарадок у табакерцы» (1834), на якой выхоўвалася шмат пакаленняў рускамоўных дзяцей. Тады такі прыём быў у літаратуры зусім новым: нейкая дробная рэч праз успаміны і асацыятыўныя сувязі робіцца сімвалічным змесцівам гісторыі сям’і або цэлага народа, своеасаблівай «культурнай ДНК». 

Табакеркі на такую ролю надаваліся ці не найлепш. Па- першае, яны былі прадметам даволі інтымным, асабістым. Іх насілі пры сабе, блізка да цела, а дзяліліся табакай пераважна з людзьмі, якім давяралі. Па- другое, табака фактурай нагадвала порах, а частаванне ёй прачытвалася як сяброўскі жэст, адрасаваны менавіта таварышу па зброі. Таму цалкам лагічна, што ў ХІХ стагоддзі, амаль на піку папулярнасці табакерак, яны нярэдка выкарыстоўваліся — свядома ці не — як «зброя» ў ідэалагічнай вайне на нашых землях.

Патрыятычны «Інстаграм» паўстання 

Калі 28 кастрычніка 1794 года расійскія войскі парадным шыхтом уступілі ў польскую сталіцу пасля т. зв. Пражскай разні (Прага — тагачаснае прадмесце Варшавы на правым беразе Віслы, а цяпер раён польскай сталіцы), гарадскія ўлады, каб залагодзіць Аляксандра Суворава, паднеслі яму хлеб-соль, ключы ад горада і ўпрыгожаную дыяментамі залатую табакерку з надпісам «Варшава — свайму збавіцелю».

Табакерка 1863 года з гербамі Польшчы, Літвы і Русі. a.allegroimg.com

Але ўсё ж часцей, чым трыумфальныя магільшчыкі Рэчы Паспалітай, ужывалі табакерку як сродак прапаганды якраз інсургенты. 

У пецярбургскім Эрмітажы захоўваецца табакерка пачатку ХІХ стагоддзя з алегорыяй падзелаў Рэчы Паспалітай. На ёй — постаць сумнага шляхціча, які ў роспачы перажывае боль ад страты дзяржавы, з нямецкамоўным надпісам «Des Polen Klage» («Скарга, або Жалоба Польшчы»). 

Табакерка з калекцыі Дзяржаўнага Эрмітажа ў Санкт-Пецярбурзе. wilanow-palac.pl

Асабліва многа такіх «рэвалюцыйных» табакерак вядома з часоў паўстання 1863—1864 гадоў. Са знакамі «Арла» і «Пагоні» (часам таксама і Арханёла Міхаіла — сімвала Русі), надпісамі «Божа, захавай Польшчу» і інш. Нярэдкім матывам былі і змешчаныя на табакерках партрэты нацыянальных герояў — таксама, дарэчы, як і на філіжанках для кавы (гл. артыкул у № 4/2018 пра першых нашых каваманаў). 

Таемныя знакі ад класікаў

Асабліва важная сімвалічная роля адведзеная табакеркам у паэме Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш». У першай кнізе твора Падкаморы, пастукаўшы ў залатую табакерку, прамаўляе цэлую тыраду, ганячы французскае вальнадумства ягонай маладосці. Яно, на ягоную думку, і прывяло да заняпаду Рэчы Паспалітай. 

Табакерка Падкаморага таксама змяшчала ў сабе патрыятычную дэкларацыю — партрэт апошняга караля Станіслава-Аўгуста Панятоўскага:

На шчасце, Падкаморы чхнуў магутна двойчы.
«Віват!» — сказалі ўсе. Ён дзякаваў ад сэрца
І пальцамі пачаў званіць па табакерцы,
Што з золата была, з брыльянтавай аправай,
З партрэтам унутры манарха Станіслава —
Ад караля падарак бацьку ўласнаручны.
Яе ён даставаў у кожны момант зручны
І звонам знак даваў, што хоча адазвацца.
(Пераклад Пятра Бітэля)

У чацвёртай кнізе паэмы табакерку ўжывае як патрыятычны сімвал ужо ксёндз Робак — галоўны, па сутнасці, герой паэмы. Калі ён частуе табакай з яе ваколічную шляхту ў карчме Янкеля, то высвятляецца, што табаку церлі самі айцы-паўліны ў Чанстахове, самай вядомай цытадэлі польскага патрыятызму. А далей у размове, якая паступова набывае ўсё больш антыцарскі і пранапалеонаўскі змест, Робак, ён жа Яцак Сапліца, прызнаецца:

Ад гэтае табакі многія ўжо чхалі!
Паверце, гэта табакерка генерала
Дамброўскага разы чатыры частавала!

І з кожным наступным шчопцем табакі, якой частуецца з табакеркі чарговы суразмоўца, усёй грамадзе быццам паступова перадаецца «вірус» паўстанцкага настрою. Калі ж змесціва табакеркі цалкам вычарпанае, на яе дне знаходзіцца батальная сцэна з Напалеонам Банапартам, якому ў паэме Міцкевіча адведзена месіянская роля. 

Ксёндз Робак з табакеркай, поўнай інсургенцкай «заразы», агітуе шляхту. З экранізацыі «Пана Тадэвуша» рэжысёра Анджэя Вайды. lectury.kochamjp.pl

Прозвішча аднаго з найбольш зацікаўленых слухачоў Робака ў гэтай сцэне — Скалуба. І такое сама прозвішча, зусім невыпадкова, носіць адзін з персанажаў оперы Станіслава Манюшкі «Страшны двор», ключнік гэтага самага «зачараванага» дому. Скалуба ў сваёй славутай арыі палохае Мацея, чыю мужнасць выпрабоўваюць зласлівым розыгрышам, і прапаноўвае яму табаку як сродак ад баязлівасці. Кожны з куплетаў арыі сканчаецца заклікам: «Баішся? Не? Ужый табакі». 

Безумоўна, такое спалучэнне, Скалуба і табака, — адсылка да палымянай патрыятычнай прамовы з «Пана Тадэвуша», заклік да паўстання супраць царызму. Так Манюшка дасціпна падхоплівае эстафету ў Міцкевіча і перадае яе наступным пакаленням. Гэты намёк быў відавочны для знаўцаў паэмы, але замаскіраваны культурным бар’ерам для неабазнаных у кантэксце царскіх цэнзараў. А наўпрост спаслацца на Адама Міцкевіча ў тыя часы ў Расійскай імперыі было немагчыма.

Алегарычную эстафету неўзабаве падхапіла і новае пакаленне культурных дзеячаў. Класік ужо новай беларускай літаратуры, Змітрок Бядуля, у 1940 годзе напісаў фантастычную і ў пэўнай ступені філасофскую аповесць-казку «Сярэбраная табакерка», якую некаторыя даследчыкі лічаць схаванай сатырай на рэпрэсіўны сталінскі рэжым. Гaлoўны гepoй, заяц пад мянушкай Дзiдa-дзeд, у неверагодна даўнія часы злaвiў саму Смepць i cxaвaў яe ў тaбaкepцы. Ад гэтага ўчынку моцна пацярпелі cyддзi, aдвaкaты, пpaкypopы i cлeдчыя.

«Яны cкapдзяццa, штo, пaкoлькi цяпep людзi бyдyць вeчнa жыць, зaблытaны ўвecь кoдэкc зaкoнaў i выпaў зyciм пyнкт aб кapы cмepцю. Кpымiнaльныx i iншыx злaўчынкaў бyдзe мeнш, дык юpыcтaм acтaнeццa aднa тoлькi пpaцa — пacвiць кaмapoў нa бaлoцe». І ўce, xтo старанна cee cмepць нa зямлi, xтo ад яе корміццa, нiяк нe мoгyць змipыццa з тым, штo xтocьцi пазбавіў ix гэтай надзейнай крыніцы дабрабыту. 

Табакерка, уласнаручна вытачаная са слановай косткі Тадэвушам Касцюшкам у Швейцарыі, захоўваецца ў музеі Войска Польскага ў Варшаве. tvn24.pl

Менавіта табакерка як месца зняволення для рознай злыбяды — прыём, дарэчы, характэрны не толькі для беларускай літаратуры. У 1954 годзе вядомы расійскі аўтар Самуіл Маршак у дзіцячай п’есе «Гора баяцца — шчасця не бачыць» зрабіў гэты прадмет турмой для людскога Гора-Злашчасця, у якую яго змясціў знаходлівы салдат. Паводле гэтай п’есы ў 1973 годзе на кінастудыі «Беларусьфільм» нашым вядомым рэжысёрам Віктарам Туравым быў зняты двухсерыйны тэлевізійны фільм.

Засталіся толькі ў казках…

У асноўным табакеркі, асабліва тыя, што з’яўляліся сапраўднымі мастацкімі творамі, былі, натуральна, заўсёды аксесуарам, распаўсюджаным сярод эліты грамадства. Але прынамсі ў самым простым выглядзе пранікалі яны і ў беларускае сялянскае асяроддзе, а таму пакінулі след і ў нашым фальклоры. Напрыклад, у ХІХ стагоддзі ў Слуцкім павеце была запісаная легенда, як бедны мужык Мікалай, які любіў нюхаць табаку, памяняў «лоб у лоб» (без даплаты) сваю старую табакерку з бяросты на зіхоткую, мабыць залатую, ад выпадкова сустрэтага незнаёмца. Але праз пэўны час знайшоў у кішэні толькі капыт — павучальны «падарунак» ад чорта. 

Ілюстрацыя мастака Вячаслава Валынца да казкі «Ох і залатая табакерка». belnaviny.by

Папулярнай беларускай казкай, якую часта ўключаюць у розныя анталогіі ды хрэстаматыі і нават увекавечылі на паштовай марцы, у апошнія некалькі дзесяцігоддзяў зрабілася «Ох і залатая табакерка». Паводле яе, сіраціне Янку, лесніковаму сыну, выпадкова дастаецца каштоўная табакерка з цудадзейным слугой, які жыве ў ёй і выконвае любыя, нават самыя немагчымыя загады. І ў выніку нават дапамагае ажаніцца з каралеўскай дачкой. Што, зрэшты, зусім не прыносіць сіраціне шчасця.

Алесь Белы

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера