Знайсці
29.04.2021 / 18:24РусŁacБел

Праз смайлік з гаўняшкай пад пастом пра міліцыянера ў маці-адзіночкі апісалі лядоўню, пральную машыну і тэлевізар

Супраць маці-адзіночкі з Івацэвічаў за смайлік з гаўняшкай пад фатаграфіяй мясцовага міліцыянта ў тэлеграм-чаце пачалі крымінальную справу па артыкуле 369 Крымінальнага кодэксу (зьнявага прадстаўніка ўлады). «НН» расказвала гэтую гісторыі на мінулым тыдні. Цяпер жа ў жанчыны апісалі тэлевізар, лядоўню і пральную машыну — у кошт кампенсацыі маральнай шкоды зьняважанаму міліцыянту, піша «Радыё Свабода».

Маці-адзіночцы з Івацэвічаў пагражае 3 гады хіміі — за смайлікі з гаўняшкай

У пастанове Івацэвіцкага раённага аддзелу Сьледчага камітэту ад 5 красавіка гаворыцца, што «нявызначаныя асобы» мелі намер на публічную зьнявагу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў. Яны пакінулі зьняважлівыя камэнтары зь «нявызначаных тэхнічных сродкаў» і з ананімных акаўнтаў у тэлеграм-чаце «Каратели Беларуси» пад фатаздымкам 31-гадовага капітана міліцыі, опэрупаўнаважанага Івацэвіцкага РАУС Руслана Куцко.

А таксама накіравалі на адрас ягонага ўліковага запісу ў сетцы «ЎКантакце» паведамленьні, якія ўтрымліваюць «нэгатыўную ацэнку асобы». Паводле сьледчых, тым самым аўтары камэнтароў публічна зьняважылі міліцыянта «як прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў».

Паводле сьледчых, дачыненьне да гэтага злачынства мае жыхарка Івацэвічаў К.

Жанчына (хоча застацца ананімнай, дадзеныя ёсьць у рэдакцыі) расказала, што 25 лістапада ў тэлеграм-чаце выклалі дадзеныя супрацоўніка Івацэвіцкага РАУС.

«Горад малы, адзін аднаго ведаюць. Я зь ім сутыкалася, ну і пакінула камэнтар са словам «чалавек…» і тры эмодзі з какашкай. Я ўжо і забылася пра гэта», — кажа жанчына.

Яна расказвае, што 16 сьнежня дадому да яе прыйшлі двое супрацоўнікаў, адзін у форме — мясцовы ўчастковы, другі ў цывільным, зь Берасьця. Жанчына прызналася, што падпісаная на тэлеграм-канал і пакідала камэнтар. Яе адвезьлі ў РАУС, прапаноўвалі запісаць выбачэньні на відэа.

«Я разумела, што, як звычайна, могуць прыгразіць, напужаць, націснуць. Я сказала, што ня буду даваць паказаньні на камэру і прасіць прабачэньня. Кажу, вы што, шукаеце чарговую пастку, а потым паказваеце на ОНТ і БТ, не на тую нарваліся», — сказала жанчына.

Яна кажа, што ў РАУС у яе забралі тэлефон на экспэртызу, пагражалі, што завязуць яе ў СІЗА.

«Я кажу — вязіце, хоць на Акрэсьціна, хоць у Жодзіна ці Баранавічы. Я адседжу, я не баюся», — кажа жанчына.

Пакуль яе дапытвалі ў пастарунку, у той жа дзень у яе дома правялі вобшук.

5 красавіка ёй выдалі пастанову, што яна праходзіць падазраванай па крымінальнай справе. Яе пачалі выклікаць на допыты.

«Выклікалі адваката. Шчыра кажучы, было жаданьне ад душы плюнуць ёй ў твар, бо пачынае чытаць натацыі: а чаму ты так зрабіла, павінна быць сорамна. Я ўсьміхаюся. Яна кажа: а чаго вы ўсьміхаецеся? А што мне, плакаць? Яна — маўляў, супраць вас усе доказы, вы маці-адзіночка, вас могуць пасадзіць, а дзіця забраць, падумай, што ты робіш. Я кажу — чаго вы мне чытаеце натацыі? Я не шкадую, што зрабіла, і шкадаваць ня буду».

Жанчыне далі падпісаць паперу аб нявыезьдзе.

«Я сказала, што прасіць прабачэньня ня буду. І на камэру прасіць прабачэньня ня буду. Я сказала, што я напісала і не шкадую. Мяне начальства як толькі не абзывала. Я ж ня бегла і не пісала скаргу. Мне рот не заткнуць. Я маю права выказаць сваю думку».

Учора дома ў жанчыны праводзілі чарговы вобшук.

«Апроч супрацоўнікаў былі двое панятых, ад якіх несла перагарам. Паказалі паперу на вобшук, пачынаюць хадзіць па пакоях. Я пытаю: нешта падкінуць хочаце, ці што?»

Паводле жанчыны, супрацоўнікі прыйшлі, каб апісаць маёмасьць.

«Я патэлефанавала сьледчаму: на якой падставе апісваюць маёмасьць? Аказваецца, міліцыянт, пра якога я напісала камэнтар, запрасіў маральную шкоду ў дзьве тысячы рублёў. Я была ў ступары. Ён прыгразіў, што накіруе мяне ў СІЗА, я кінула тэлефон, — кажа жанчына. — Пачалі пытацца, колькі каштуе тэлевізар. Я сказала, што нічога падпісваць ня буду, і пайшла на кухню. Яны выклікалі маю маці. Апісалі тэлевізар, лядоўню і пральную машыну. Я дагэтуль у шоку, дачка спужалася. Цяпер ня ведаю, чаго чакаць ад іх».

Жанчына непакоіцца, што ў яе могуць адабраць чатырохгадовую дачку. Кажа, што ўжо прыходзілі з садка з праверкай.

Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера