Знайсці
23.02.2021 / 12:48РусŁacБел

Новыя філарэты. Cтудэнты з 15 беларускіх універсітэтаў аб’ядноўваюцца ў адзіную асацыяцыю

Асацыяцыя студэнтаў аб’ядноўвае 15 універсітэтаў. Сярод іх — БДУ, БДУІР, медуніверсітэт, Акадэмія мастацтваў, рэгіянальныя ВНУ. Усё, каб адстойваць прынцыпы дэмакратычнасці, законнасці, свае правы і свабоды. Так беларуская моладзь вырашыла працягнуць традыцыі таварыстваў філаматаў і філарэтаў, студэнцкага саюза.

Ілюстрацыйнае фота Шуры Піліповіч-Сушчыц

Па сутнасці гэта перазапуск некалі культавага Задзіночання беларускіх студэнтаў (назву пакідаюць тую ж). Толькі цяпер у яго ўваходзяць не асобныя актывісты, а стачкамы, якія прадстаўляюць інтарэсы сваіх універсітэтаў. Прадстаўнікоў туды абіраюць студэнты.

«У першую чаргу мы хочам аб'ядноўваць людзей. Як мы ўжо маглі пераканацца — у адзінстве сіла. Неабходна будаваць гарызантальныя сувязі, аб'ядноўваць людзей як у лакальныя супольнасці (у межах аднаго ўніверсітэта), так і ў больш глабальныя. Калі нам удасца ахапіць нашай ідэяй крытычную масу моладзі, з нашым меркаваннем немагчыма будзе не лічыцца. Ну проста нельга ігнараваць дзясяткі тысяч студэнтаў», — кажа Вольга Беламутава, лідар ад БДУФК.

Праблемы ва ўніверсітэтах падобныя.

«Ёсць пытанні з правам на сходы і правядзеннем нейкіх акцый, нават без прамой палітычнай тэматыкі. Ідэолагі прымушаюць выкладчыкаў апазнаваць студэнтаў на фота і відэа, пісаць на іх характарыстыкі, студэнтаў выклікаюць у міліцыю. У эпідэмію каранавірусу групы не пераводзяць на дыстанцыйнае навучанне», — пералічае Аляксандр Клюеў, які прадстаўляе БДУІР.

«Калі па званку з міністэрства адлічваюць студэнтаў, запалохваюць выкладчыкаў, гэта стварае жахлівыя ўмовы для працы і вучобы. Як можна атрымліваць якасную вышэйшую адукацыю, калі свабода думкі аказваецца забароненай? Навука патрабуе перш за ўсё смелых думак, якіх у нас ва ўніверсітэце баяцца, як агню», — мяркуе Вольга.

Па інфармацыі супольнасці, за апошнія паўгода было затрымана больш за 400 студэнтаў, на 27 завялі крымінальныя справы. Вядома пра 135 фактаў адлічэння. Рэкадсмен па сутках — БДУІР. Па словах Аляксандра, адлічыць могуць пасля дзвюх вымоў. У некаторых навучэнцаў правяраюць сацсеткі на каляпратэсную тэматыку.

На што асацыяцыя зможа паўплываць?

«Перш за ўсё, студэнты могуць і павінны ўплываць на ўсё ў сваім універсітэце. А ўвогуле, студэнты, як пісаў Троцкі, — рэвалюцыйны клас, нам няма чаго губляць. Тады, канечне, былі іншыя часы і многае змянілася, але ўсё роўна студэнты — нейкі духоўны лакаматыў пратэсту», — лічыць Аляксандр.

«Студэнты часта становяцца тымі, хто дае штуршок вялікім пераменам. Яно і зразумела: мы яркія, гучныя, нашы акцыі прыцягваюць увагу, нас нельга не пачуць, нельга ігнараваць. Няма адзінага механізму барацьбы з дыктатурай, але, як мы ўсе паспелі вывучыць за гэтае лета, «нам трэба дзяўбсці-дзяўбсці-дзяўбсці гэтую ўладу», чым і займаецца беларускае студэнцтва», — дадае Вольга.

Падаць заяўку, каб далучыцца, можна будзе праз сайт аб’яднання. «Корачак» сябрам не выдаюць, брсмаўцаў прымаюць.

«Пры ўмове, што яны падзяляюць нашыя мэты і каштоўнасці, — адзначае Аляксандр. — Але сам факт знаходжання ў БРСМ — падтрымка рэжыму, таму мы можам адразу разыходзіцца на гэтым пункце».

НЛ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера