Качанава: Паспрабавалі б у Германіі вывешваць неўстаноўленыя сцягі або выходзіць з імі
Наталля Качанава пракаментавала змены ў КаАП, якія прадугледжваюць вялікія штрафы за «неўстаноўленую» сімволіку ў вокнах.
Фота Надзеі Бужан
«Так, гэта праўда. Будуць прымяняцца меры адміністрацыйнага — пакуль адміністрацыйнага — уздзеяння за размяшчэнне неўстаноўленай сімволікі.
У нас ёсць вызначаная дзяржаўная сімволіка, а ўсё астатняе — неўстаноўленая. Бел-чырвона-белыя сцягі, вядома, патрапяць — гэта неўстаноўленая сімволіка. Яны не маюць права быць размешчаныя. Гэта ўжо падпісалі, цяпер мы будзем у сродках масавай інфармацыі даваць тлумачэнні, каб людзі разумелі. Гэта ж не справа, што пачалі выкарыстоўваць хто як папала.
У нас ёсць вызначаная дзяржаўная сімволіка, яна можа выкарыстоўвацца. У іншых краінах, вы ж ведаеце, якая вельмі жорсткая забарона! Паспрабавалі б у Германіі вывешваць неўстаноўленыя сцягі або выходзіць з імі. Таму так, гэты закон прыняты», — заявіла чыноўніца.