Знайсці
14.01.2021 / 13:00РусŁacБел

«Мяне абурае сацыяльная несправядлівасць». Пачаўся суд па справе 18-гадовай Сафіі, якая распісала «Рубяжы»

У судзе Кастрычніцкага раёна пачаўся працэс па справе 18-гадовай Сафіі Малашэвіч, якая падчас акцыі пратэсту нанесла надпісы на шчыты вайскоўцаў. Следства трактавала гэта як хуліганства. Акрамя таго, яе абвінавачваюць у абразе Лукашэнкі: двойчы дэманстравала плакаты з негатыўнай ацэнкай яго дзейнасці. Таксама дзяўчыне прад'яўлена абвінавачанне ва ўдзеле ва «ўпартым бесперапынным» масавым мерапрыемстве, што пацягнула парушэнне работы транспарту і арганізацый. У справе яшчэ адзін абвінавачаны — 18-гадовы жыхар Брэста Ціхан Клюкач, прыяцель Сафіі, які разам з ёй быў на акцыі 6 верасня каля Палаца незалежнасці.

6 верасня Ціхан Клюкач вырашыў узяць удзел у нядзельным маршы разам са сваёй дзяўчынай Сафіяй Малашэвіч. Дзяржабвінаваўца Крупіцкая зачытала, што Клюкач і Малашэвіч рухаліся па праезнай частцы дарогі, рабілі гучныя воплескі рукамі, выкарыстоўвалі апазіцыйную сімволіку, ішлі ў першых шэрагах калоны, тым самым здзейснілі злачынства па ч. 1 арт. 342 КК (караецца штрафам, або арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін). Інфармацыі пра ўрон транспартным ці іншым кампаніям не прагучала ў абвінавачванні.

Фота Надзеі Бужан

Таксама Соф'і і Ціхану прад'яўленае абвінавачванне ў групавым хуліганстве (ч. 2 арт. 339 КК, караецца арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на тэрмін ад аднаго года да шасці гадоў). У абвінавачванні адзначана, што 6 верасня маладыя людзі нанеслі вульгарныя надпісы на загараджальных шчытах, якія належаць вайсковай часці 63755 і былі выстаўленыя каля Палаца незалежнасці. Дзяржабвінаваўца падкрэсліла, што дзейнічалі абвінавачаныя з выключным цынізмам, дэманстравалі пагарду да маральных каштоўнасцяў грамадства, вайсковай часці быў нанесены ўрон на суму 103 рублі. Сафія яшчэ да суда кампенсавала ўрон.

Соф'і Малашэвіч, акрамя таго, выставілі абвінавачанне ў абразе Лукашэнкі (арт. 368 КК, караецца штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да двух гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін). Па версіі следства, у жніўні яна двойчы дэманстравала плакат з абразлівым надпісам, які змяшчае негатыўную ацэнку яго дзейнасці, дэманструючы сацыяльную нецярплівасць да прадстаўнікоў улады і жаданне прадставіць Лукашэнка ў зняважлівым становішчы ў вачах грамадскасці. У судзе змест плаката не агалошваецца, адзначаецца, што там выкарыстаныя нецэнзурныя словы.

Ціхан прызнае віну толькі ва ўдзеле ў акцыі 6 верасня, кажа, што не рабіў надпісаў, на следстве ўзяў віну на сябе, каб выгарадзіць дзяўчыну. Па словах Сафіі, яна брала ўдзел у акцыях, каб выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю наконт сацыяльнай несправядлівасці — нізкіх заробкаў і пенсій у Беларусі. Кажа, яе бабуля адпрацавала 40 год, мае дзве вышэйшыя адукацыі, а ў месяц атрымлівае 400 рублёў, сядзелку ёй не даюць, нягледзячы на інваліднасць і цяжкае захворванне.

Ціхан выказваў нязгоду з фальсіфікацыяй вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, растлумачыў ён. Абвінавачваныя кажуць, што ўсведамляюць, што здзейснілі, парушаць закон намераў не маюць. Праваабаронцы прызналі Сафію і Ціхана палітвязнямі.

Чытайце таксама: Памятаеце дзяўчыну, якая танчыла ля «Рубяжа»? Яна расказала, чаму зноў выходзіць на пратэсты, хоць ёй пагражае 6 гадоў

NN.BY, фоты Надзеі Бужан

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930