Знайсці
13.01.2021 / 13:13РусŁacБел

«Заходзілі ў хаты, глядзелі, ці не хавае хто Артура». Пчаляра са Смаргонскага раёна затрымалі па справе Аўтуховіча?

Знікла сувязь з Артурам Папком, ён даўно сябраваў з Міколам Аўтуховічам, якога абвінавачваюць у тэрарызме.

Мікола Аўтуховіч (злева) і Артур Папок. Фота з фэйсбука.

Імя Артура Папка з’яўлялася ў СМІ найперш у сувязі з падзеямі Плошчы-2010. Ён быў кіроўцам аднага з аўтамабіляў з абсталяваннем, якое рыхтавала да мітынгу «Гавары праўду». Гэта была машына, якое стаяла ў Чыжоўцы, але да Плошчы так і не даехала.

У хуткім часе пасля выбараў Папок эміграваў у Польшчу, вучыўся па праграме Каліноўскага, скончыў магістратуру па спецыяльнасці «паліталогія». У Польшчы папрацаваў і на будоўлі, і ахоўнікам, пачынаў бізнэс па высылцы польскі тавараў у Беларусь. Калі Папок зразумеў, што на радзіме яму нічога не пагражае, то прыняў рашэнне вярнуцца. Гэта было ў 2014 годзе.

У Беларусі таксама спрабаваў наладзіць бізнэс, але не дужа атрымлівалася. У Мінску развалілася сям’я. Тады Артур пераехаў на хутар каля вёскі Алянец у Смаргонскім раёне, які купіў яшчэ да выбараў 2010 года.

Там Папок спрабаваў аднавіць старую сядзібу — закупіў вуллёў з пчоламі, рыхтаваўся адкрыць мядовую лазню. На жыццё зарабляў тым, што выкладаў у Маладзечне польскую мову.

Ад пачатку снежня сувязь з Артурам Папком знікла. Маці Тамара Васільеўна жыве ў Мінску. Нейкі час пражыла з сынам у Алянцы, але пасля таго, як узніклі праблемы са здароўем, вымушаная была вярнуцца ў сталіцу. Спадарыня Тамара плача, кажа, што не ведае, дзе сын. Але адмаўляецца падаваць заяву аб знікненні Артура ў міліцыю. «Можа, сам знойдзецца», — кажа яна.

Дачка спадара Папка жыве ў Польшчы, яна там вывучылася на французскай філалогіі. Былая жонка ў Беларусі, але таксама нічога не ведае пра лёс Артура.

Суседка ў Алянцы Вольга Бобрык кажа, што Артура шукалі ад 4 снежня. «І белыя, і чорныя машыны ездзілі, каго тут толькі не было. І так дні чатыры было. Заходзілі і ў хаты, глядзелі, ці не хавае хто Артура. Гэта, відаць, не міліцыя была, а нехта вышэй. Мы ж тут у лесе цёмным сядзім на хутары, нічога не ведаем. Сын мой нядаўна закалаціў у той хаце дзверы цвікамі, каб ніхто не палазіў. Відаць, і вуллі прападуць, іх у Артура штук дзесяць. Артур так прыгожа па-беларуску гаворыць, што я б слухала і слухала», — расказвае суседка.

Зрэшты, у Алянцы не ведаюць, ці атрымалася сілавікам знайсці Папка. Сябры сям’і Міколы Аўтуховіча, якія змаглі выехаць у Польшчу, расказалі «НН», што Папка і Аўтуховіча сапраўды аб’ядноўвала даўняе знаёмства.

«Мікола ездзіў на аўтамабілі, які быў зарэгістраваны на Папка», — расказалі нам.

Паводле інфармацыі «НН», Артура Папка ўсё ж затрымалі, ён знаходзіцца ў СІЗА ў Гродне. Атрымаць каментар КДБ па дадзенай сітуацыі не атрымалася.

Глядзі таксама: Хто такі Мікола Аўтуховіч, якога затрымалі за «тэрарызм»? Яго біяграфіі хапіла б на дзесяцярых — вайна, бізнэс, палітыка, галадоўкі, турма

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера