Знайсці
12.01.2021 / 11:14РусŁacБел

«Пайшоў вал кліентаў». У Смаргоні асуджанага да хіміі прадпрымальніка Рамуальда Улана завалілі замовамі

Індывідуальнага прадпрымальніка са Смаргоні Рамуальда Улана на мінулым тыдні асудзілі на 2,5 года так званай «хіміі», нагадвае Радыё Свабода.

Пазоў на падставе артыкула 188 Крымінальнага кодэксу (паклёп) падала група мясцовых міліцыянтаў. Вырак агучыў судзьдзя Сяргей Боландзь. Пракурор Андрэй Клышэвіч прасіў тэрмін на паўгода большы. Акрамя таго, абвінавачаны мусіць сплаціць буйныя сумы пацярпелым за «маральныя пакуты» і значную судовую пошліну.

«Гэта помста за актыўную грамадзянскую пазыцыю»

55-гадовы Рамуальд Улан — фігура для Смаргоншчыны знакавая. У сярэдзіне 1990-х ён быў сярод першапраходцаў, якія пачалі разьвіваць у рэгіёнах незалежную прэсу. Ягоная «Новая газэта Смаргоні» хутка набрала папулярнасьць і ўтрая абышла паводле накладу дзяржаўную раёнку «Сьветлы шлях». На хвалі пазнавальнасьці яго выбралі ў мясцовы савет народных дэпутатаў.

У 2005 годзе незалежнае выданьне задушылі эканамічна, а навасьпечанага дэпутата неўзабаве пазбавілі паўнамоцтваў. Пра лепшыя часы цяпер нагадвае толькі абабіты сайдынгам дамок на пачатку прыватнага сэктару — зь лягатыпам зьнішчанай газэты. На сьценах — беларускія і міжнародныя дыплёмы за колішнія заслугі ў распаўсюдзе вольнага слова.

Пасьля вымушанай зьмены спэцыялізацыі Рамуальд Улан арганізаваў тут друкарска-тэхнічны цэнтар: зараджае картрыджы, раздрукоўвае фатаздымкі, наносіць прынты на майкі і посуд, рэалізуе канцылярскія прылады і сувэніры з нацыянальнай сымболікай. На адсутнасьць кліентаў не наракае: некаторымі паслугамі, як дызайн і выраб візытовак, у горадзе займаецца толькі ён.​

На пачатку мінулай восені дзейнасьць індывідуальнага прадпрымальніка аказалася паралізаванай. У офіс зь ператрусам прыйшлі сілавікі, якія ў якасьці рэчавых доказаў забралі блізу паўтара дзясятка адзінак тэхнікі. Падставай стала крымінальная справа за «паклёп» супраць мясцовых праваахоўнікаў.

Пасьля драматычных падзеяў жніўня ў Смаргонях зьявіліся ўлёткі з асабістымі дадзенымі міліцыянтаў, якія, сьцьвярджаў невядомы, ілжэсьведчаць на судах супраць актывістаў. Рамуальд сфатаграфаваў тыя паперкі і разьмясьціў фота «ЎКантакце» пад камэнтарамі ў гарадзкой суполцы «Чуткі Смаргоняў».

Сямёра міліцыянтаў, якія там фігуравалі, падалі ў суд. Тое, што ён займаецца паслугамі друку, стала асноўным абгрунтаваньнем датычнасьці да тыражаваньня «паклёпніцкіх зьвестак».

Пракуратура, якая месьціцца літаральна вакно ў вакно з офісам Улана, запатрабавала для абвінавачанага 3 гады «хіміі» (ня хатняй). Судзьдзя скараціў тэрмін на паўгода. Акрамя таго, асуджаны мусіць сплаціць па 300 рублёў міліцыянтам Уласенку, Замару, Кавязу, Ражко. І яшчэ па 500 — Ткачову, Караваю, Малчанаву. А таксама пошліну 609 рублёў.

«Гэта жах, — рэагуе суразмоўца на вырак. — На пачатку справы ўсе казалі: «Рамуальд, не турбуйся, больш як на штраф ня цягне». Я і сам сябе так суцяшаў, бо ў якасьці асноўнага пакараньня прапісанае якраз грашовае спагнаньне. Вядома, заплаціш немалую суму, але ўсё ж можна выкруціцца, маючы крыніцу прыбытку. Дый людзі дапамагаюць, у бядзе ня кідаюць. Але калі пракурор запрасіў максымальную санкцыю — 3 гады абмежаваньня з накіраваньнем у папраўчую ўстанову — быў шок. Несумненна, гэта помста за маю актыўную грамадзянскую пазыцыю, якой я ніколі не хаваў».​

Пакуль прадпрымальнік адбіваў атакі ў судзе, неабыякавыя смаргонцы несьлі ў будынак на адрас Танкавая, 8 тэхніку, кампутары, паперу, каб фірма Ўлана магла працягваць дзейнасьць.​

У Смаргонях жывуць блізу 40 тысяч чалавек. Згубіцца амаль немагчыма, асабліва калі служыш у праваахоўных органах або прыкметны прадпрымальнік. Як кажа Рамуальд Улан, да мінулага году сілавікі былі частымі наведнікамі ягонай канторы — балазе і пракуратура, і міліцыя ў крокавай даступнасьці. Але як суіснаваць цяпер?​

Рамуальд Улан прымае замову ад кліенткі

«Картрыджы запраўлялі, з інспэкцыі непаўналетніх несьлі раздрукоўкі, нават бэйджыкі замаўлялі на выдачу табэльнай зброі. А як глядзець у вочы сёньня?.. На паседжаньнях сілавікі сядзелі моўчкі, з апушчанымі галовамі. Больш шчыравалі начальнікі, маглі па 3—4 сказы зьвязаць, ня толькі «так» ці «не». Ну, і праз знаёмых тых міліцыянтаў мне потым перадавалі, што іх прымушаюць, яны закладнікі сыстэмы… Я спачатку рэагаваў эмацыйна: дык, можа, варта памяняць прафэсію, каб пачаць сябе паважаць? Але калі 10—15 гадоў адпрацаваў у аддзяленьні і больш нічога ня ўмееш, чаго яшчэ чакаць?»

Паводле Рамуальда Ўлана, тым часам жарсьці разгарэліся ў чаце «Чуткі Смаргоняў», які і даў нагоду да крымінальнай справы: ідэйныя «ябацькі» запатрабавалі выключыць яго з суполкі.​

Офіс абаграваецца дзядоўскім спосабам

«Гэта самая буйная суполка пра жыцьцё Смаргоняў, я таксама актыўны яе ўдзельнік. Там сапраўдная віртуальная сеча, бо на мясцовыя тэмы посьцяць і так званыя «ябацькі». Натуральна, шмат хто выказваецца пра палітыку, а ў лукашыстаў любая крытыка выклікае прыступ шаленства. Калі завялі крымінальную справу, «рашэньнем групы» нават спрабавалі мяне адтуль выдаліць. Наладзілі галасаваньне, аднак толькі 17% тую прапанову падтрымалі. Астатнія 83% паўтарылі тэзіс, што ў дыскусіі нараджаецца ісьціна. Каму гэта не пасуе, уключайце БТ, вось дзе рай для «застабілаў»», — кажа Рамуальд Улан.

Згодна з пратаколам вобшуку, у офісе прадпрымальніка забралі 13 «таварных пазыцый»: прынтэры, сыстэмныя блёкі, тэлефоны, флэшкі і г.д. Нягледзячы на вынесены прысуд, некаторыя рэчавыя доказы вярнуць ужо ня ўдасца. Напрыклад, галоўную «зброю злачынства» — кампутар з носьбітамі. Таксама пад гарантыі сплаты прысуджаных сумаў арыштавалі аўтамабіль.​

«Судовым рашэньнем ПЭВМ канфіскуецца ў даход дзяржавы — гаворка пра пэрсанальны кампутар і манітор. Хоць з такой лёгікай хутка і мэблю пачнуць забіраць, на якой абсталяваньне стаяла, і дом, дзе ўчынялася «злачынства». А ў мяне там усе напрацоўкі за апошнія 15 гадоў — як зачынілі газэту і мы ад 2006-га распачалі новую дзейнасьць. З архіву можна было ўсё хутка падняць — тыя ж візытоўкі — толькі адкарэктаваць дадзеныя. Плюс айцішнік, які пазычыў кампутар яшчэ ў верасьні, пасьля ператрусу і канфіскацыі, намякнуў, што ў яго таксама стаіць праца. Трэба вяртаць, і так моцна дапамог».

«Ва ўмовах беззаконьня рыхтуюся да горшага»

Абарона Рамуальда Ўлана рыхтуецца абскардзіць прысуд. Але з улікам арыентаванасьці сыстэмы на тое, каб паказальна пакараць усіх «парушальнікаў спакою», у посьпех апэляцыі ён ня верыць. Паралельна думае, як захаваць справу на выпадак вымушанай адсутнасьці.

«Безумоўна, рашэньне абскардзім. Але ж ведаеце, якая сытуацыя з правасудзьдзем у краіне, абсалютна мізэрная імавернасьць, што зьменяць прысуд або накіруюць справу на новы разгляд. Таму рыхтуемся да горшага сцэнару, то бок да рэальнай «хіміі». Паўстала яшчэ задача перадаць справу ў надзейныя рукі, бо шмат нюансаў нават на ўзроўні таго, каб ня страціць пастаўшчыкоў кубкаў, календароў, маек. Зноў жа, тэхнічныя тонкасьці з друкам, рамонтам абсталяваньня і г.д. Жонка будзе працаваць на паўстаўкі, каб працэс не спыняўся. Пастараюся закрыць яшчэ некалькі пазыцый».

Рамуальд Улан ня бярэцца прадказаць, куды яго разьмяркуе пэнітэнцыярная сыстэма. Адно ведае, што бліжэйшыя ад Смаргоні месцы абмежаваньня волі скасаваныя.

«Паколькі зь дзясятак такіх месцаў па Беларусі, можна апынуцца дзе заўгодна. Бліжэйшыя былі ў Мароськах пад Маладэчнам і каля Ашмянаў — праўда, кажуць, ужо пазачыняліся. Ведаю, што адпраўляюць у Менск, цэлыя каманды «хімікаў» на МАЗе працуюць, адна ўстанова якраз насупраць, на вуліцы Сацыялістычнай… У любым выпадку складана ўсьвядоміць, што ў 55 гадоў можна пацярпець за тое, чаго не ўчыняў. Асабіста я ўспрымаю гэта як непрыхаваны палітычны ціск. Узялі на кручок і цяпер раскручваюць, каб максымальна выціснуць з гэтай справы».

Паводле суразмоўцы, пра замоўны характар сьведчыць хуткасьць, зь якой яго асудзілі, і фактычна максымальнае з магчымых пакараньняў. Нездарма дзясяткі людзей, якія сабраліся 5 студзеня ў судовай залі, сустрэлі вырак гучным скандаваньнем: «Ганьба!».

«Прынесьлі ў ахвяру, бо так і не знайшлі, хто тыя ўлёткі вырабляў, клеіў. Справа заведзеная, але, мяркую, яна патоне ў сьледчых кабінэтах. Аказаўся вінаваты толькі ў тым, што адлюстраваў факт на старонках пабліка «Чуткі Смаргоняў» — падліў алею ў агонь. Трэба прызнаць, рэзананс быў вельмі моцны, у дзень зьяўленьня ўлётак горад літаральна гудзеў. Надзвычай сьмелы ўчынак мясцовых партызанаў, якія апублікавалі дадзеныя міліцыянтаў. Прынамсі на тым этапе інфармацыйнай вайны супраць ахоўнікаў рэжыму ўдар быў нанесены балючы. У невялікім горадзе, дзе ўсе на віду, гэта сапраўды мела эфэкт бомбы».

«Наўмысна выціскаюць, каб не ўплываў на настроі людзей»

Тым часам паплечнікі Рамуальда Ўлана распачалі збор подпісаў у падтрымку чалавека, які, на іх перакананьне, за тры дзясяткі гадоў плённай працы на карысьць гораду варты месца на дошцы гонару — яна якраз за паўсотні мэтраў, пад райвыканкамам. Замест гэтага яму абмяжоўваюць волю.

«Я ўдзячны нашым людзям за салідарнасьць, спадзяюся, такі добры шлейф памяці пра «Новую газэту Смаргоні». У маштабах рэгіёну гэта было, без перабольшваньня, уплывовае выданьне, мы давалі выказацца ўсім бакам, каб была аб’ектыўная інфармацыя. А паколькі я стаяў ля вытокаў праекту, мяне зь ім асацыююць, лягічная і падтрымка. Бо бачаць, што мая пазыцыя не зьмянілася: і публічна, і ў сацсетках я адкрыта выказваю нязгоду з фальсыфікацыямі, гвалтам сілавікоў. Адпаведна, улады робяць усё, каб не было незалежнага, праўдзівага голасу. Ну, і вось такімі карнымі мэтадамі выціскаюць мяне, каб не ўплываў на настроі гараджанаў».

Нягледзячы на працяглыя выходныя, у офісе Рамуальда Ўлана шматлюдна — ён працуе штодня. Наведнікі ў размовах прызнаюцца, што маглі б зрабіць ксэракопію на пошце ці ў бібліятэцы, дзе паслуга на капейку таньнейшая, але адмыслова ідуць, каб дапамагчы земляку ў складаны пэрыяд.

«І гэта расчульвае да сьлёз. Наваліліся значныя выдаткі: пад 3 тысячы за «маральныя пакуты» адным толькі міліцыянтам, больш за 600 рублёў судовая пошліна. Цяпер ужо зразумела, што ня вернуць кампутар, неабходна купляць новы. Дзякуй богу, калі кінуў кліч дапамагчы з загрузкай і замаўляць паслугі, пайшоў вал кліентаў. Неймаверна ўзрушаны неабыякавасьцю і дапамогай. Шчыра скажу: пасьля суду ня чуў ніводнага крытычнага водгуку на свой адрас. Хоць не: як закруцілася гісторыя з улёткамі, прыходзіла пажылая жанчына, лаялася, абараняла міліцыянтаў. А больш нікога, хто б заявіў: «Раман, ты ня маеш рацыі». Наадварот: «Мы за цябе, разумеем, за што змагаесься і чаму саджаюць».

Цяжка разьвітвацца зь месцам, зь якім зьвязаныя 25 гадоў працы

Зрэшты, з афармленьнем статусу фігуранта крымінальнай справы актывізаваліся і рознага кшталту кантралёры — падаткоўцы, пажарныя, санэпідэмстанцыя. «Супадзеньне? Ня думаю», — жартам цытуе суразмоўца расейскага тэлепрапагандыста.

«Падатковая запатрабавала тлумачэньня крыніцы даходу за 2010—2013 гады, — паказвае ён «ліст шчасьця». — Мушу згадаць, якую 10 гадоў таму машыну прадаў, які атрымаў прыбытак і г.д. Як і з пажарнымі: у канцы таго году даслалі прадпісаньне аж з 16 пунктаў. Так, стаяў вогнетушыцель 2003 году выпуску. Гэта якраз пік супрацьстаяньня па газэце, калі нас пачалі кашмарыць і ў 2005-м даціснулі. Але 17 гадоў не прыходзілі! А пачалося сьледзтва, тут жа зьявіліся. Ну, і санэпідэмслужба, куды бязь іх. Балазе, адчапіліся, як паставілі дазатары, вывесілі аб’явы пра маскі. Таму скажу так: першая хваля рэпрэсій накрыла мяне ў першай палове нулявых, а 2020-ы азнаменаваў сабой другую».

Рамуальд Улан нарадзіўся ў 1965 годзе ў вёсцы Гелюны на Астравеччыне. Скончыў мэханіка-матэматычны факультэт Белдзяржунівэрсытэту, працаваў сыстэмным праграмістам у смаргонскай філіі «Прыёрбанку». У 1996-м заснаваў незалежную «Новую газэту Смаргоні».

Пасьля ліквідацыі ўладамі выданьня ў 2005 годзе пераарыентаваўся на друкарскія паслугі. Сёлета 5 студзеня суд Смаргонскага раёну пакараў прадпрымальніка 2,5 гадамі абмежаваньня волі за нібыта «паклёп» на супрацоўнікаў міліцыі. У абвінавачанага ёсьць месяц, каб абскардзіць вырак.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера