Знайсці
11.01.2021 / 15:491РусŁacБел

У Варшаве на публічным мерапрыемстве пабіліся беларускія эмігранты. Праз што быў канфлікт? ВІДЭА

У жыцці беларусаў Варшавы разгарэўся канфлікт — дзве групы не падзялілі між сабой пляцоўку, каб правесці мерапрыемства. У выніку ўсё скончылася бойкай, крывёй і заявай у паліцыю.

Удзельнікамі канфлікту выступілі былы маладафронтавец, былы палітвязень Піліп Шаўроў і кіраўнік фундацыі «Захад — Усход» Аляксандр Малашчук. Здымкі з крывёй, а таксама відэа бойкі абляцелі сацыяльныя сеткі і месенджары. Што ж не падзялілі беларусы?

Піліп Шаўроў быў дастаткова заўважным у Беларусі чалавекам. У пачатку мінулага года ён праславіўся перформансам, калі размаляваў рукі помніку Пушкіну ў чырвоны колер. Шаўроў сам здаўся ў міліцыю. За кратамі ён прабыў чатыры месяцы, у выніку атрымаў досыць мяккі прысуд — 50 базавых велічынь штрафу. Падчас падзей лета — пачатку восені Шаўроў дапамагаў валанцёрам на Акрэсціна.

Глядзі яшчэ: Пра пасечанага Леніна, пафарбаванага Пушкіна і скандальныя выказванні ў СІЗА — вялікая гутарка з Піліпам Шаўровым

Аляксандр Малашчук родам з Брэста, у Варшаву перабраўся пяць гадоў таму. Кажа, што палітыкай ніколі не займаўся і пераезд не мае ніякіх палітычных прычын. У кастрычніку 2020 года зарэгістраваў фонд «Захад — Усход». «Мы і раней займаліся культурнай дзейнасцю, арганізацыяй фестываляў. Цяпер проста вырашылі структурызавацца. Зараз вялікі вал бежанцаў, калі ён скончыцца, то зноў засяродзімся на дзейнасці, дзе няма палітыкі», — расказвае Малашчук.

Піліп Шаўроў гаворыць, што ён з сябрамі і паплечнікамі штонядзелю праводзіць акцыі салідарнасці ля варшаўскага Палаца культуры і навукі — гэта высокі будынак недалёка ад чыгуначнага вакзала. Аднак 10 студзеня на тым самым месцы было запланаванае яшчэ адно мерапрыемства — беларускі ладзілі танцавальны чэлендж «Іерусалім». Атрымліваецца, што не падзялілі пляцоўку.

Шаўроў настойваў, што яго мерапрыемства ўзгодненае, і прасіў тых, хто сабраўся танцаваць, перайсці на іншы бок дарогі. У адзін з момантаў завязалася бойка. Піліп спачатку сцягнуў шапку з Малашчука, а потым нанёс некалькі ўдараў па галаве, пакуль яго не спынілі.

«Пра гэты фонд ніхто не ведае, ён створаны для распілу грошай, — эмацыйна кажа Піліп. — Малашчук прыйшоў на сустрэчу п’яным, ён заўсёды такім ходзіць. Гэты чалавек — страшны сэксіст, калі была анлайн-сустрэча дыяспары, вы б чулі, як ён затыкаў дзяўчат».

Сам Малашчук адмаўляе тое, што быў п’яным. «Я прайшоў абследаванне ў шпіталі — калі б я быў п’яны, то гэта было б зафіксавана ў даведцы, аднак нічога такога няма. У даведцы напісана «рассячэнне галавы», мне наклалі шво даўжынёй 4 сантыметры. Я нават не зразумеў, праз што пачалася бойка», — кажа Малашчук.

У выніку была пададзеная заява ў паліцыю, цяпер Малашчук плануе звярнуцца яшчэ ў суд. Піліп мяркуе, што ў выніку яму можа пагражаць штраф, а таксама дэпартацыя з Польшчы. Тым не менш, прасіць прабачэння ў Малашчука ён не плануе, лічыць, што рацыя на ягоным баку.

ЗП

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
24.05.2023
abodva-idyioty !
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера