Знайсці
04.01.2021 / 17:29РусŁacБел

Пасля ўдару ад невядомага трэнер па бодзібілдынгу трапіў у кому. Блізкія дапускаюць палітычны канфлікт

Канфлікт вядомага мінскага фітнес-трэнера Антона Качанава з незнаёмым мужчынам у краме прывёў да двухтыднёвай комы.

Антон Качанаў трэніруе прафесійных бікіністак, яго выхаванкі выйгравалі чэмпіянат краіны. Сам ён майстар спорту па паўэрліфтынгу, яго колішні рэкорд у юніёрах у ціску ад грудзей не маглі пабіць каля 10 год. 

Інцыдэнт адбыўся ў ноч на 19 снежня. У краме адбылася спрэчка з невядомым мужчынам, які ўдарыў Антона на выхадзе. Траўматычнае падзенне і ўдар галавой прывялі да комы. 

«У Антона пералом зводу чэрапа, была цяжкая аперацыя з выдаленнем гематом, аперыраваў вядомы нейрахірург Дзмітрый Вееўнік», — расказала «Нашай Ніве» нявеста Антона, Святлана. 

«Ні я, ні мама Антона два дні не ведалі аб тым, што адбылося. У БХМД ён два дні ляжаў як «невядомы». Таго, хто біў, ужо затрымалі, праводзяцца следчыя дзеянні. Мама Антона была ў следчай, і там прагучала слова «патрыёт» у дачыненні да злачынцы. Я баюся памыліцца, але па гэтым слове можна дапусціць, што канфлікт мог адбыцца па палітычных прычынах», — дадае Святлана. 

Сапраўды, Антон Качанаў сваю пазіцыю выяўляў адкрыта — у «шапцы» 50-тысячнага інстаграма ён паставіў нацыянальныя бела-чырвона-белыя колеры, змяшчаў жалобныя допісы пра Рамана Бандарэнку. 

Цяпер блізкія чакаюць, пакуль Антон вернецца ў прытомнасць і сам раскажа аб падзеях таго вечара.

«31 снежня яго адключылі ад медыкаментознай комы, у якой ён быў два тыдні. Сёння раніцай я была ў яго — цяпер Антон троху расплюшчвае вочы, спрабуе варушыць рукамі-нагамі, ледзь-ледзь. Дактары кажуць, што ён цяпер нічога не разумее, але стан стабільны. Цяжкі, але стабільны: тэмпература нармальная, ціск. Усе чакаюць, пакуль ён адыдзе ад седатыўных сродкаў, каб зноў правесці даследаванне і вызначыць ступень пашкоджанняў. Магчыма, Антон цалкам адновіцца, пакуль невядома», — сказала Святлана. 

«Наша Ніва» звярнулася з запытам у Следчы камітэт, просім апублікаваць словы падазраванага аб яго матывах. 

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера