Знайсці
05.12.2020 / 15:52РусŁacБел

100-бальніца, мастачка, стараста групы. Хто тыя студэнткі-палітвязні, якіх дзяржава кінула на Валадарку

Акцыі пратэсту ва ўніверсітэтах скончыліся не толькі адлічэннямі і адміністрацыйнымі арыштамі. Сярод палітзняволеных — шэсць студэнтак, якія цяпер сядзяць у СІЗА на Валадарскага па абвінавачванні ў «дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Расказваем пра гэтых дзяўчат.

Ксенія Сырамолат

20 год, студэнтка факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ

Дзяўчына скончыла Ліцэй БДУ і на ЦТ паказала ашаламляльны вынік: па гісторыі Беларусі і грамадазнаўстве набрала 100 балаў, па трэцім прадмеце — 97. Сябе Ксенія бачыць у грамадска значнай працы. Яе інтарэсы — праваабарончая дзейнасць, культурная спадчына.

«Ведаю, што яе мара — выступіць у ААН ці АБСЕ», — дзеліцца сястра Кася.

З дзяцінства яны падарожнічалі з бацькамі па Беларусі. Пасля Ксенія адпраўлялася ў вандроўкі з сябрамі. З апошніх маршрутаў — Гарадзеншчына, Шчучыншчына, Піншчына.

«Яна вельмі сціплая дзяўчына, з абвостраным пачуццём справядлівасці. Любіць маляваць, піша апавяданні (некаторыя з іх друкаваліся ў часопісе «Маладосць». — НН), грае на гітары. Ва ўніверсітэце яны з іншымі студэнтамі стварылі творчы саюз факультэта», — расказвае сястра.

Свой дзень народзінаў (19 снежня) Ксенія правядзе за кратамі. Цяпер яна на Валадарцы. Перадавала родным, што ў параўнанні з «амерыканкай» тут цяплей і матрацы мякчэйшыя, але кормяць горш. Душ — раз на тыдзень, у камеры ёсць тэлевізар.

«Яна чытае кнігі і просіць у лістах параіць якую-небудзь літаратуру, якая можа быць на Валадарцы ў наяўнасці. Мы перадалі ёй алоўкі, паперу, сястра дасылае свае малюнкі бацькам і сябрам. Пошта да яе ад родных і нават незнаёмых людзей даходзіць», — дадае Кася.

Яна Арабейка

19 год, студэнтка факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ

Падчас практыкі ў школе дзяўчына выкладала дзецям прыкладное мастацтва — ёй вельмі падабалася. 

У сваім універсітэце Яна спрабавала палепшыць умовы. Напрыклад, клапацілася, каб зрабіць нармальную сцежку ад станцыі метро да навучальнага корпуса: збірала подпісы, звярталася ў дзяржаўныя інстанцыі, камунікавала з адміністрацыяй. Ёй шмат адмаўлялі, дасылалі адпіскі, але ў рэшце рэшт дарогу паклалі.

«Яна спакойная, вельмі эмпатычныя, адказная. Самае сапраўднае сонейка, адгукаецца на любыя прапановы — загараецца, асабліва калі гэта тычыцца мастацтва», — расказвае пра дзяўчыну Дар’я Рублеўская: яны разам уваходзяць у Задзіночанне беларускіх студэнтаў. 

Пакуль яе саму не затрымалі, Яна дапамагала палітвязням, насіла перадачы.

Кася Будзько

19 год, студэнтка факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ

У мінскі педагагічны Кася перавялася з Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Яны сябравалі з Янай. Былі мастачкамі «Майстэрні паштовак салідарнасці» (гэта ініцыятыва Задзіночання беларускіх студэнтаў і Беларускай Праваабарончай Школы. Вучылі іншых рабіць прыгожыя паштоўкі, перапісвалі пажаданні вязням, якія людзі дасылалі праз анлайн-форму. 

Ва ўніверсітэце актыўных студэнтак неаднаразова выклікалі на размовы, але дзяўчаты праз гэта не спыняліся.

Кася любіць пагутарыць пра фенімізм, гендарныя даследаванні, звязаныя з сэксізмам стэрэатыпы. 

«Кася свабодалюбівая, хуткая. Яна метэор. І вельмі таленавітая, у яе неверагоднае бачанне творчасці. Натхняльная дзяўчынка», — апісвае яе Дар’я Рублеўская.

Лістоў ад Касі сябрам яшчэ не прыходзіла. Толькі малюнак, які яна даслала праз сукамерніцу — ранішні нацюрморт з сырам, печывам і кавай.

Марыя Каленік

22 гады, студэнтка факультэта экспазіцыйнага дызайну Акадэміі мастацтваў

Маша — з творчай сям’і. Тата і старэйшая сястра — мастакі, таму пасля гімназіі мастацтваў імя Ахрэмчыка дзяўчына таксама збіралася ў Акадэмію. Паступіла не з першага разу, але не здалася.

Яна не пераносіць беспарадак і любіць гатаваць. Спецыяльна для сястры, якая не есць мяса, малака і яек, асвойвала веганскія рэцэпты.

«У яе ўсе стравы заўсёды атрымліваліся ідэальна. Апошняе, чым яна частавала сям’ю, былі сінабоны — як з карцінкі і без памяці смачныя», — дзеліцца сястра Ульяна.

Акцыі пратэсту вучобе не шкодзілі, бо праходзілі падчас вялікага перапынку. Але за некалькі тыдняў да затрымання кіраўніцтва Акадэміі папярэдзіла Марыю пра магчымае адлічэнне. Увесь гэты час яна перажывала, ці зможа працягнуць адукацыю. Дзяўчына адкрыта выказвала сваю пазіцыю супраць гвалту і фальсіфікацый на выбарах.

У лістах да сям’і студэнтка піша, што сумуе, але не падае духам.

«Інфармацыі мы атрымліваем вельмі мала, бацькі перажываюць за сястру. Сям’я, сябры і выкладчыкі падтрымліваюць Машу і падзяляюць яе погляды», — кажа Ульяна.

Вікторыя Гранкоўская

24 гады, былая студэнтка архітэктурнага факультэта БНТУ

Вікторыя — сірата, яе і брата расціла бабуля. Пасля школы дзяўчына скончыла Гродзенскі каледж мастацтваў, па размеркаванні патрапіла ў Дзятлаўскую школу мастацтваў, дзе працавала з дзецьмі-інвалідамі. А пасля пайшла ў БНТУ, каб стаць архітэктарам.

«У Вікі характар байца, моцны і настойлівы. Яна дапамагала ўладкаваць бяздомных жывёл, збірала грошы на іх лячэнне і вазіла па ветэрынарных клініках», — расказвае брат Яўген.

Дзяўчына выходзіла з кветкамі на акцыі, разам з аднадумцамі складала петыцыю рэктару з просьбай не прымяняць санкцыі да студэнтаў, што ўдзельнічаюць у пратэстах. Калі яна 1 верасня збірала подпісы каля ўніверсітэта, яе затрымалі і далі 7 сутак. Іх студэнтка правяла на Акрэсціна і ў Жодзіне.

Пазней Віку адлічылі, хоць дзяўчына добра вучылася і была старастай групы. Сярэдні бал за летнюю сесію — 8,4. Каб крыху падзарабляць, яна ўладкавалася ў архітэктурнае бюро.

Настасся Булыбенка

19 год, былая студэнтка машынабудаўнічага факультэта БНТУ

Настасся з Магілёва. Да ўніверсітэта вучылася ў мастацкай школе, гуляла ў КВЗ, асвойвала гітару, укулеле. У старэйшых класах яны з мамай пераехалі ў Мінск. Факультэт дзяўчына абрала па маміным прыкладзе — тая скончыла машынабудаўнічы інстытут.

«У нас чытаючая сям'я. Калі мы пераехалі ў Мінск, першым чынам запісаліся ў бібліятэку. У СІЗА Ася цяпер чытае «Уладара мух» і бядуе, што не перадаюць яе кнігі», — расказвае мама Аксана.

На адным са студэнцкіх маршаў Настассю схапілі. Суддзя выпісала 10 сутак.

«За гэты час яна там ні разу не памылася. Расказвала, што добрыя былі сукамерніцы. Яны збіраліся якраз у бліжэйшы час сустрэцца, але не атрымалася», — дзеліцца хлопец Настассі.

Праз тыдзень пасля вызвалення дзяўчына даведалася, што яе адлічылі з БНТУ. Збіралася знайсці падпрацоўку — яна заўсёды старалася крыху зарабляць, каб дапамагаць маме: то з пажылымі сядзела, то пробнікі раздавала.

«З першага знаёмства з Асяй адчуваецца неймаверная энергія цеплыні. Гэта светлы, добры, спагадлівы чалавек. Яна змагалася за справядлівасць і таму цяпер сядзіць», — кажа сяброўка.

Мама ганарыцца сваёй дачкой:

«Я не здагадвалася, што ў ёй такая смеласць прысутнічае. Дачка ўспрымае гэта як загартоўку характару, у лістах стараецца мяне падтрымаць, шле свае малюнкі. Просіць, каб я сабе на дзень народзінаў купіла карціну па нумарах — ведае, што я іх люблю. Мы з ёй вельмі блізкія. У мяне быццам вырвалі кавалак душы і ў турму пасадзілі».

***

Усім дзяўчатам варта пісаць лісты на адрас: 220030, Мінск, Валадарскага, 2, СІЗА-1.

Наталля Лубнеўская, фота з архіву дзяўчат

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера