Знайсці
27.08.2020 / 15:407РусŁacБел

«Я выходзіла на мітынг з плакатам «Дэпутаты супраць насілля». Самая маладая дэпутатка Мінгарсавета склала паўнамоцтвы

Вользе Цесаковай 25 гадоў. Два гады таму яна, культарганізатар інтэрнатаў Студэнцкага гарадка БДУ, была абраная ў Мінгарсавет. Вольга стала самай маладой дэпутаткай.

Вольга Цесакова. Фота sb.by.

На гэтым тыдні ў яе інстаграме з’явіўся здымак заявы аб выхадзе з Мінгарсавета:

«Згодна з правіламі дэпутацкай этыкі, дэпутат Савета павінен асабістым прыкладам садзейнічаць умацаванню дзяржаўнай дысцыпліны, выканання грамадзянскіх абавязкаў, забеспячэнню правоў і законных інтарэсаў чалавека і грамадзяніна.

У рамках сітуацыі, якая склалася ў Рэспубліцы Беларусь, я лічу немагчымым ажыццяўляць далейшую дэпутацкую дзейнасць. Прашу прыняць рашэнне аб маім датэрміновым складанні паўнамоцтваў».

Ці сапраўды Вольга Цесакова прыняла такое рашэнне? «НН» звярнулася да самой дэпутаткі па тлумачэнне.

 «Гэта не фэйк. Заява была напісаная і аднесена яшчэ 17 жніўня. Да гэтага ўсё даўно ішло, але падзеі, якія адбыліся 9-13 жніўня нікога не пакінулі абыякавымі.

Мне здаецца, што ва ўсіх жыхароў Мінска, а таксама буйных гарадоў, дзе адбываліся затрыманні, былі знаёмыя, якія пацярпелі. У мяне такія таксама былі.

Канечне, яны мне расказвалі пра затрыманні, але можна проста паглядзець на чалавека без футболкі ці без штаноў — і ўсё становіцца зразумелым.

Я чакала нейкай рэакцыі ад нашага дэпутацкага корпусу, але яе мала. Гэтае рашэнне выспявала ў мяне на выхадных 14-16 жніўня, а ў панядзелак я падала заяву. Сярод дэпутатаў ёсць тыя, хто мяне падтрымлівае.

16 жніўня мы выходзілі на мітынг з калегам Паўлам Бачарнікавым [бізнэсмен і дэпутат Мінгарсавета — «НН»] з плакатам «Дэпутаты супраць гвалту».

На той акцыі я была як дэпутат Мінскага гарадскога савета дэпутатаў, увесь астатні час я хаджу як грамадзянка Беларусі. Была і на акцыі ў нядзелю, 23 жніўня, перыядычна вечарамі прыходжу і на плошчу Незалежнасці».

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера