Знайсці
27.08.2020 / 07:2341РусŁacБел

Каранік пра збітага спецназам падлетка: У морду атрымаў і быў пад псіхатропамі. Але па даведках наркотыкаў не было

Падчас сустрэчы з рабочымі на «Гродна Азоце» 26 жніўня губернатар Гродзенскай вобласці і былы міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік сказаў, што 16-гадовы падлетак, які ляжаў у коме ў 3-й дзіцячай бальніцы Мінска, «потым выйшаў на псіхоз», і ў яго «па клініцы — атручэнне псіхатропамі». Аднак, па словах адваката падлетка Станіслава Абразея, і па дадзеных з эпікрызу і даведак, якія ёсць у распараджэнні рэдакцыі tut.by, ні алкаголю, ні наркатычных рэчываў у арганізме хлопца не было.

Журналістам не дазволілі прысутнічаць на сустрэчы, пасля размовы з работнікамі завода Уладзімір Каранік адмовіўся ад гутаркі з прэсай. Тым не менш у распараджэнні tut.by апынуўся аўдыёзапіс сустрэчы.

Падчас яе пытанне Уладзіміру Караніку задаў адзін з супрацоўнікаў завода.

— Што тычыцца іміджу, то імідж страціў не толькі «Азот», а і Рэспубліка Беларусь у цэлым страціла.

— Так? — спытаў Каранік.

— Так, так, — данеслася з залы.

— Трэба прызнаць, што нейкая фальсіфікацыя на выбарах была, неапраўданая жорсткасць дзяржаўных структур таксама была. Чаму людзі ходзяць увесь час? Вы не задавалі сабе такое пытанне? - - удакладніў супрацоўнік завода.

— Прабачце, можна адразу ў рэжыме дыскусіі, разумееце, мы прывыклі, скажам так, да абагульненняў — «неапраўданая жорсткасць дзяржаўных структур», але гэта падмена паняццяў. Былі выпадкі перавышэння як бы, сапраўды, асобных супрацоўнікаў, і тут у кожным выпадку трэба разбірацца. Калі ўсе расказваюць пра тое, што ўсе белыя і пухнатыя, калі мы бачым фэйкі, прабачце, мяне пра тое, што бедны, 16 гадоў, збіты да паўсмерці, у коме ляжыць у 3-й дзіцячай бальніцы Мінска. Памятаеце гэта? А я ведаю, таму што на кансіліумы выязджалі: пералом скулавай косткі, сутаргавы сіндром незразумела чаго, чэрап цэлы, сінякоў на галаве няма, МРТ чыстае (далей неразборліва). Потым знялі, потым выйшаў на псіхоз, па клініцы — атручанне псіхатропамі.

Ну, натуральна, у морду атрымаў, прабачце, у твар атрымаў, пералом скулавай косткі ёсць, але іншых сінякоў няма ні аднаго, а ўсюды было «збіты да паўсмерці».

На сённяшні момант у кожным выпадку трэба разабрацца, але разабрацца не калі ўсе на эмоцыях бегаюць. У нас усіх паслухаць, усе альбо хадзілі па хлеб, альбо, прабачце мяне, проста стаялі ўбаку, пагуляць выйшлі.

А тое, што апёкі ад святлошумавой гранаты — дык гэта, прабачце мне, кінулі з машыны, якая праязджала міма.

А тое, што святлошумавыя гранаты ўжываліся толькі ў двух месцах і толькі ў першай лініі, пра гэта ўсе не ведаюць. Бацькі распавядаюць: дзіця проста выйшла. Таму на сённяшні момант можам далей пладзіць крыўды, але, па-мойму, правільней супакоіцца, пачаць нармальна працаваць і даць у спакойным рэжыме ўсім разабрацца, што адбылося.

Хочаце, каб вас пачулі, палітычныя патрабаванні выказваюць палітычныя партыі, а, прабачце мяне, не вуліца і не стачкамы. Таму арганізоўвайцеся, закон, прабачце, аб палітычных партыях стары як свет, і ён дзейны, арганізоўвайцеся, вызначыцеся з кіраўніцтвам, з Палітрадай, каб было зразумела, з кім гаварыць наогул, — сказаў Уладзімір Каранік.

Як мы разумеем, у размове гаворка ішла пра 16-гадовага падлетка Цімура М., у рэанімацыю 3-й дзіцячай бальніцы Мінска яго даставілі з Партызанскага РУУС 13 жніўня, а 12 жніўня затрымалі ў раёне Каменнай Горкі. Хлопец быў у медыкаментознай коме, ён вельмі моцна збіты, у яго былі чэрапна-мазгавая траўма, страсенне галаўнога мозгу, адкрыты пералом скула-арбітальнага комплексу, сутаргавы сіндром, параарбітальная гематома справа, множныя ўдары мяккіх тканін і канечнасцяў, траўматычныя эрозіі рагавіцы абодвух вачэй.

Як распавёў Станіслаў Абразей, адвакат Цімура, пры паступленні ў бальніцу ў арганізме хлопца не было ні алкаголю, ні наркатычных рэчываў.

— Гэта не паказана ні ў эпікрызе, ні ў ніводнай з даведак, ні ў гісторыі хваробы. Больш за тое, у нас ёсць даведка і заключэнне, дзе напісана, што ў арганізме не выявілі ні наркотыкаў, ні псіхатропных рэчываў, на якія праводзіўся тэст.

Калі чалавек трапляе з траўмамі ў бальніцу, яму робяць забор крыві і правяраюць, ці знаходзіцца ён у алкагольным ап'яненні і гэтак далей, каб, калі будуць наступствы і працяг гэтай гісторыі, гэты факт быў выяўлены. Тут пратакол у медыцынскай частцы быў выкананы, забор быў зроблены і кроў падвергнулася аналізу.

У эпікрызе, якія сям'я Цімура перадала ў рэдакцыю, паказана, што 13 жніўня ў 12.51 быў кансіліум (паступіў у бальніцу падлетак у 2.50 таго ж дня), і ў частцы аб'ектыўных дадзеных адзначана, што па выніках лабараторнага даследавання дадзеных па атручванні няма (наркатычныя, псіхатропныя, таксічныя рэчывы не выяўленыя).

Таксама ў рэдакцыі tut.by ёсць вынікі лабараторнага даследавання, накіраванага 13 жніўня, аб тым, што ў крыві падлетка этылавага спірту няма. У тым ліку ёсць і вынікі даследавання мачы на наяўнасць наркатычных сродкаў, псіхатропных, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў — і яны таксама адмоўныя.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930