Нарышкін: У Еўропе затрыманне расіян пад Мінскам лічаць зрэжысаванай акцыяй
Урадавыя колы ў Еўропе кваліфікуюць затрыманне расіян у Беларусі як зрэжысаваную акцыю. Пра гэта заявіў у суботу журналістам кіраўнік Службы знешняй выведкі (СЗВ) Расіі Сяргей Нарышкін, піша tass.ru.
«Павінен сказаць, што ў еўрапейскіх краінах палітычныя эліты, урадавыя колы, кваліфікуюць гэта як зрэжысаваную акцыю, і гэта выклікае шкадаванне», — сказаў ён, адзначыўшы, што яго служба па родзе сваіх задач займаецца адсочваннем замежнай рэакцыі на падобныя падзеі.
Паводле яго слоў, СЗВ сочыць за падзеямі, якія развіваюцца вакол затрымання расіян у Беларусі, і за тым, якія ацэнкі даюць палітычныя эліты іншых краін. «Вельмі разлічваю, што інцыдэнт праз нейкі час будзе ўсё ж такі вычарпаны і пераадолены, — сказаў Нарышкін журналістам. — Гэта ў інтарэсах развіцця сяброўскіх, брацкіх адносін паміж дзвюма нашымі краінамі і двума народамі». Кіраўнік СЗВ таксама назваў вельмі нелагічнымі каментары беларускіх СМІ адносна гэтага інцыдэнту.