Знайсці
24.10.2021 / 09:13РусŁacБел

Што ўратавала Беларусь ад самай вялікай хваробы ў XIV стагоддзі

Чаму чума абмінула? Адказы шукае кандыдат гістарычных навук Уладзімір Канановіч.

Як у часы князя Альгерда, у 2020-м у Віцебск прыйшла небяспечная эпідэмія. Фота Сяргея Серабро. 

XIV стагоддзе трывала ўвайшло ў аналы еўрапейскай гісторыі як стагоддзе катастроф. Перадусім у гэтым вінаватыя Вялікі голад 1315—1322 гадоў і Чорная смерць 1346—1353 гадоў. 

Вялікі голад ахапіў многія краіны Еўропы, землі Паўночна-Усходняй Русі (Вялікі Ноўгарад, Пскоў), а таксама, падобна, ускраіны Літвы і Беларусі. Шмат жыхароў названых рэгіёнаў тады памерла, а многія з тых, хто выжыў, мелі зусім слабы імунітэт. Дзеці, што нарадзіліся падчас голаду, праз некалькі дзесяцігоддзяў сталі першымі ахвярамі эпідэміі чумы, якая ўвайшла ў гісторыю як Чорная смерць. 

Прычынай голаду і чумы былі неспрыяльныя кліматычныя ўмовы, перадусім частыя дажджы і халады. Якраз тады надыходзіў так званы Малы ледавіковы перыяд, які цягнуўся з сярэдзіны XIV да сярэдзіны ХІХ стагоддзя і прыйшоў на змену сярэднявечнаму кліматычнаму оптымуму 900—1300-х. 

Бубонная ці лёгачная?

Раней даследчыкі лічылі, што Чорнай смерцю была бубонная чума, паколькі праявамі гэтай узбуджанай чумнымі блохамі і вошамі хваробы былі бубоны (лімфатычныя нарывы і пухліны, на тагачаснай лаціне buboes) у пахвінных зонах або на шыі (пра першую ў гісторыі пандэмію бубоннай чумы ў VI—VIII стагоддзях чытайце артыкул Аляксея Казленкі «Чума: расплата за цывілізацыю» ў № 4/2020 «Нашай гісторыі»).

У апошняе дзесяцігоддзе, аднак, усё часцей можна сустрэць меркаванне навукоўцаў, што чума сярэдзіны XIV стагоддзя была насамрэч не бубоннай, а лёгачнай. Такая форма і без таго небяспечнай хваробы распаўсюджваецца значна хутчэй (для заражэння дастаткова ўдыхнуць паветра з чумнымі бактэрыямі) і здольная ахапіць большую колькасць людзей за адносна невялікі адрэзак часу. І ў сімптомах ёсць характэрныя адрозненні. 

Першыя сведкі сярэднявечнай чумы, у тым ліку і слынны італьянскі пісьменнік Джавані Бакача, хоць і пісалі пра наяўнасць нарываў і пухлінаў у хворага чалавека, разам з тым адзначалі, што звыклай з’явай было таксама харканне крывёю, з’яўленне чорных або сініх плямаў (адсюль і другая назва хваробы), пухіроў і прышчоў памерам з рабацінку або зярнятка сачавіцы, якія пакрывалі цела хворага. Сама хвароба развівалася вельмі хутка, нават вокамгненна, на працягу двух або трох дзён, часам нават хутчэй. 

Таму большасць даследчыкаў сёння прытрымліваецца думкі, што Чорная смерць магла быць спалучэннем бубоннай і лёгачнай чумы. 

Не было імунітэту

Чаму з’явілася Чорная смерць, доўгі час было загадкай. На сёння, здаецца, найдалей прасунуліся ў тлумачэнні знішчальнага характару сярэднявечнай чумы прыхільнікі тэорыі басейна хваробаў. Яны кажуць, што ў дакалумбаву эпоху ў свеце існавалі своеасаблівыя адасобленыя зоны, дзе людзі суіснавалі з уласцівымі ім хваробамі, да якіх яны даўно прызвычаіліся. Такімі зонамі маглі быць Еўропа, афрыканскі рэгіён на поўдзень ад Сахары, Паўднёва-Усходняя Азія. А як толькі хваробы з адной геаграфічнай зоны пераносіліся ў іншую, то адразу набывалі лятальны характар, бо мясцовае насельніцтва не мела да іх прыроднага імунітэту. 

Радзімай чумы магло быць Цінхай-Тыбецкае ўзвышша: кітайскія храністы фіксавалі магутны выбух гэтай хваробы там каля 1331 года. Адтуль чума распаўсюдзілася ў Сярэднюю Азію. У 1338—1339 гадах яна дасягнула ваколіцаў возера Ісык-Куль у цяперашнім Кыргызстане, дзе выкасіла супольнасць тамтэйшых хрысціянаў-нестарыянаў. А ўжо адтуль па Вялікім шаўковым шляху хвароба пайшла ў Еўропу. 

У 1346 годзе чума з’явілася ў Крыме, перадусім у Кафе (Феадосіі), якая служыла адным з галоўных транзітных цэнтраў на заходнім адрэзку Шаўковага шляху. Хваробу прынесла туды золатаардынскае войска, якое вярнулася з выправы ў Сярэднюю Азію і адразу перайшло да аблогі Кафы. Неўзабаве сярод манголаў пачалася жахлівая эпідэмія. Хан Джанібек загадаў катапультай кідаць целы памерлых у горад, каб схіліць абаронцаў да капітуляцыі. У выніку інфекцыя распаўсюдзілася ў Кафе, пасля разам з генуэзскімі ўцекачамі з Крыма трапіла ў Італію, а пазней і ў астатнюю Еўропу, дзе збірала ахвяры на працягу амаль сямі гадоў, з 1346-га па 1352-і. 

Гандлёвыя шляхі ў сярэднявечнай Еўропе. Карта Марціна Яна Мансана, Openculture.com.

Маўчанне крыніц

Каб дакладна сказаць, з якім поспехам чума выканала свой танец смерці на нашай зямлі, добра было б звярнуцца да аўтэнтычных дакументаў. Але пісьмовыя крыніцы з тагачасных беларускіх земляў практычна адсутнічаюць. Летапісы ж Паўночна-Усходняй Русі і польскія хронікі толькі ў вельмі рэдкіх выпадках паведамляюць пра факты прыродных катаклізмаў і эпідэмій на землях паміж Дзвіною і Прыпяццю, Нёманам і Дняпром. 

У Пскоўскім летапісе гаворыцца, што ў 1349 годзе ў Полацку выбухнула эпідэмія. Наконт яе паходжання думкі даследчыкаў падзяліліся. Раней меркавалася, што гэта была чума, якая мусіла прыйсці ў Полацк з Прыбалтыкі, перадусім з земляў Нямецкага ордэна.

Сапраўды, увосень 1349 года Прусія і Памеранія, асабліва балтыйскія парты, уключна з Эльбінгам і Кёнігсбергам, ляжалі ўжо спустошаныя Чорнай смерцю. Але ці магла чума ўсяго за некалькі месяцаў праз густыя лясы і пушчы пераадолець адлегласць ад балтыйскага ўзбярэжжа да Полацка? Тым больш што ёй спатрэбілася каля года, каб распаўсюдзіцца толькі з Прусіі ў суседнюю Лівонію. Таму, найхутчэй, эпідэмія 1349 года ў Полацку магла быць альбо нейкай мясцовай заразнай хваробай, альбо чумой, якая прыйшла ў горад на Дзвіне дняпроўскім гандлёвым шляхам, з Прычарнамор’я або Сярэдняга Дняпра, г. зн. з земляў, якія належалі на той час Залатой Ардзе і былі першымі, што трапілі пад удар чумы яшчэ ў 1347 годзе. Далей з Полацка эпідэмія, відаць, не пайшла.

Ніканаўскі (Патрыяршы) летапіс паведамляе, што чума з’явілася на Русі напрыканцы 1351 года. Першым буйным горадам, які новая хвароба заваявала, быў Пскоў. Можна меркаваць, што на гэты раз хвароба прыбыла сапраўды з Лівоніі, з якой гэты горад межаваў і меў шчыльныя гандлёвыя сувязі. Неўзабаве чума перакінуліся ў суседні Вялікі Ноўгарад.

Летапісец канстатуе, што ў 1352 годзе Чорнай смерцю была ахопленая ўжо амаль уся Русь, пачынаючы ад Кіева і Чарнігава на поўдні, праз Смаленск у цэнтры і да Белавозера на поўначы і Суздалі на ўсходзе. Такі вірулентны характар чумы на Русі можа быць вытлумачаны тым фактам, што па яе землях праходзілі найважнейшыя гандлёвыя шляхі, уключаючы дняпроўскі, прыбалтыйскі і волжскі, па якіх гэтая заразная хвароба магла пранікаць у рэгіён. Там, дзе гэтыя плыні сустракаліся, як ў Паўночна-Заходняй Русі, чума забірала найбольш ахвяраў.

У спісе гарадоў, якія сталі ахвярай чумы ў сярэдзіне XIV стагоддзя, адсутнічаюць Віцебск і Полацк, якія на той момант належалі вялікаму князю літоўскаму Альгерду і ягоным нашчадкам. Магчыма, што летапісец Паўночна-Заходняй Русі проста не меў звестак (ці асабліва і не цікавіўся) пра эпідэмічнае становішча ў гэтых гарадах, але магло быць і так, што мясцовыя ўлады ўвялі досыць эфектыўныя каранцінныя меры і тым самым здолелі пазбегнуць такога жорсткага сцэнарыя, які напаткаў іншыя землі Русі. Але малаверагодна, што чума, «падымаючыся» ўверх па Дняпры з Прычарнамор’я або па Дзвіне з партоў Балтыкі, магла ўвогуле абмінуць такія важныя гандлёвыя цэнтры, як Полацк і Віцебск.

Схема старажытнага Полацка. Wikimedia Commons.

Чума была такой хваробай, якая перыядычна вярталася, каб сабраць новы ўраджай ахвяраў. Летапісы Паўночна-Усходняй Русі паведамляюць, што ў 1364 годзе яна ахапіла не толькі гарады Вялікага Княства Маскоўскага, але закранула і суседнюю Літву. Найхутчэй, меліся на ўвазе прыдзвінскія і падняпроўскія гарады, у першую чаргу — зноў Полацк і Віцебск. 

Наступныя эпізоды

Чума з’яўлялася на беларускіх землях і ў XV стагоддзі, хоць, здаецца, тады яна была ўжо не такой жорсткай. Польскі храніст Ян Длугаш, у прыватнасці, паведамляе, што напрыканцы 1425 года кароль Уладзіслаў Ягайла і каралева Сафія Гальшанская змушаныя былі тэрмінова выехаць з Познані, ратуючыся ад набліжэння чумы, якая тады лютавала на польскіх землях. 

Шлях каралеўскай пары ляжаў у Берасце, але і там яна доўга не затрымалася, паколькі прыйшла вестка, што чума хутка будзе ў ваколіцах горада. Тады кароль прыняў рашэнне ехаць углыб Літвы, каб там правесці зіму, забаўляючы сябе паляваннем. Нейкі час манарх знаходзіўся ў Горадні, дзе ён і вялікі князь Вітаўт прымалі вялікага магістра Тэўтонскага ордэна Паўля фон Русдарфа. Каляды кароль сустракаў ужо ў Вільні.

Але ў сярэдзіне зімы чума пракралася і ў Літву. Каралеўская пара ў суправаджэнні вялікага князя Вітаўта была змушаная шукаць паратунку ў густых літоўскіх лясах, хутчэй за ўсё ў Берштаўскай пушчы (гл. пра той край артыкул Сяргея Токця ў № 8/2019 «Нашай гісторыі»). Толькі калі чума напрыканцы зімы прыціхла, кароль нарэшце прыняў рашэнне вяртацца ў Польшчу. Праўда, вяртанне пасля працяглай самаізаляцыі азмрочылася пераломам каралеўскай нагі падчас ловаў на мядзведзя ў Белавежскай пушчы. Вітаўт жа рэшту той зімы правёў на ўсходзе ВКЛ, спачатку ў Абольцах, а пасля ў Віцебску, адкуль актыўна ліставаўся з еўрапейскімі ўладарамі.

Наступным разам чума наведалася ў Вялікае Княства Літоўскае ўзімку 1464—1465 гадоў. Прыйшла яна з Прусіі, дзе ў той час Польшча ваявала з Тэўтонскім ордэнам. Калі жаўнеры вярталіся дадому, то прынеслі заразу і ў Літву, перадусім у ваколіцы Вільні. З-за выбуху чумы ў сталіцы ВКЛ туды не змог трапіць вялікі князь Казімір Ягайлавіч. Таму з Горадні, дзе сустракаў Каляды, ён паехаў у некранутае хваробай Коўна, прабыўшы там да канца зімы. 

Людзі на беларускіх землях ратаваліся ад Чорнай смерці прыкладна так, як гэта рабілі паўсюль у Еўропе. Багацейшыя гараджане ўцякалі ў сельскую мясцовасць, калі мелі там уласныя маёнткі. Менш заможныя замыкаліся ва ўласных дамах. Сяляне і шляхта ратаваліся ў лясах. Як адзначалася вышэй, у некаторых гарадах і мясцовасцях (Полацк, Віцебск) маглі практыкавацца каранцінныя мерапрыемствы. Як дакладна яны маглі выглядаць, адназначных звестак няма. Па аналогіі з іншымі рэгіёнамі, уладары якіх выкарыстоўвалі каранцін падчас чумы (напрыклад, польскі кароль Казімір Вялікі), можна меркаваць, што забараняліся ўсялякія кантакты з вонкавым светам: падчас эпідэміі ў горад або нават ва ўсю зямлю (княства, каралеўства) нельга было ўехаць. Магчыма, адбывалася сацыяльная ізаляцыя хворых і іх не дазвалялася наведваць, акрамя толькі самых блізкіх людзей. 

Пахаванне ахвяраў Чорнай смерці ў бельгійскім горадзе Турнэ. Мініяцюра з рукапісу Жыля Ле Мюізі «Antiquitates Flandriae», 1349—1352 гады. Ancient.eu

Таксама нельга выключаць, што дамы і маёмасць памерлых спальваліся, бо на Русі выпальванне і агонь лічыліся дзейснымі сродкамі супраць чумы і іншых заразных хваробаў. Але перадусім і багатыя, і бедныя спадзяваліся толькі на літасць Госпада. Бо ніякіх эфектыўных лекаў ад гэтай пошасці тады не было.

Прыродныя каранцінныя зоны

З-за недахопу надзейных крыніц адносна чумы на беларускіх землях у познім Сярэднявеччы застаецца звяртацца да параўнання. Сёння існуе даволі шырокая навуковая літаратура па Чорнай смерці ў Еўразіі, і гэтыя факты можна гіпатэтычна спраецыраваць на беларускія землі сярэдзіны XIV стагоддзя. 

Чорная смерць была тыповай масавай заразнай хваробай, якая для таго, каб існаваць, патрабавала дастаткова шматлікага насельніцтва, якое да таго ж сялілася б шчыльна. Таму сярэднявечныя гарады з іхняй антысанітарыяй і кепскай асабістай гігіенай жыхароў уяўлялі сабой ідэальны асяродак для распаўсюджання заразных хвароб — у тым ліку Чорнай смерці. 

У адрозненне не толькі ад Заходняй і Цэнтральнай Еўропы, але і Паўночна-Усходняй і Паўднёва-Заходняй Русі, беларускія і літоўскія землі ў сярэдзіне XIV стагоддзя былі слаба ўрбанізаваныя. Нават адносна буйныя населеныя пункты, за рэдкім выключэннем (Полацк, Віцебск, Берасце, у пэўнай ступені Наваградак), былі па факце невялікімі паселішчамі на некалькі дзясяткаў драўляных хат. Шчыльнасць насельніцтва была вельмі малая. І гэта сур’ёзна стрымлівала распаўсюд хваробы.

А яшчэ ворагам Чорнай смерці пры яе прасоўванні да Беларусі была прырода. У тыя часы ў край няпроста было ўвайсці і, адпаведна, з яго няпроста было выйсці. На поўдні натуральнай перашкодай былі амаль непралазныя палескія балоты, якія аддзялялі Турава-Пінскае княства, а затым і Літву ад рускіх земляў, залежных ад Залатой Арды. 

На захадзе, прынамсі з XIV стагоддзя, такой перашкодай была ненаселеная прастора з выключна дрымучых лясоў, непралазных балотаў і пустак, якая працягнулася на амаль дзевяноста міляў ушырыню паміж Нямецкім ордэнам у Прусіі і Літвой. У адрозненне ад пінска-палескіх балотаў, яна была прыродна-штучным абарончым умацаваннем, створаным крыжакамі, каб замарудзіць прасоўванне літоўскага войска ўглыб Прусіі. Любому, хто асмельваўся пераадольваць гэты абшар, пагражала галодная смерць альбо гібель ад звяроў. Па гэтай жа прычыне дзікая прастора давала стапрацэнтную гарантыю ад пранікнення заразных хвароб. Нават калі ўявіць, што хтосьці хворы на чуму і паспрабаваў бы трапіць у край, то няшчасны папросту памёр бы недзе па дарозе на працягу двух-трох дзён, так і не дайшоўшы да людзей. 

Калі Вялікая пустка засланяла беларуска-літоўскія землі ад пранікнення чумы з Прусіі, то Белавежская пушча служыла прыроднай мяжой з Польшчай. З Польшчы на землі Русі і Літвы можна было трапіць толькі праз Берасце, адваяванае Гедымінавічамі ў польскага караля Казіміра Вялікага ў 1351 годзе. І гэта змяншала мабільнасць не толькі людзей і тавараў, але і вірусаў ды хвароб. 

На захадзе і паўночным захадзе краю прыродная ізаляванасць ўзмацнялася ізаляцыяй палітычнай: на працягу амаль усяго XIV стагоддзя мяжа з Нямецкім ордэнам у Прусіі і Лівоніі была закрытай. Праўда, існавала магчымасць, што заразныя хваробы маглі перадацца пры памежных сутычках або праз палонных і перабежчыкаў. З Польшчай таксама амаль да 1385 года існавала палітычная мяжа, хоць яна і не была такой выразнай, як з ордэнам. Тым не менш і на гэтым кірунку не было масавага руху людзей, за выключэннем, бадай, войскаў.

І толькі на поўначы і ўсходзе старажытная Беларусь была больш адкрытая звонку. Адсутнасць выразнай і акрэсленай палітычнай мяжы, адносна шчыльныя кантакты з Псковам, Вялікім Ноўгарадам і Масквой рабілі імавернай магчымасць распаўсюджання заразных хвароб з гэтых гарадоў. Таму калі чума і трапляла да нас, то менавіта з гэтага кірунку.

Трапіць у край можна было і па рэках. Але ва ўмовах ХIV стагоддзя зрабіць гэта было няпроста. Нёман і ў меншай ступені Дзвіна былі не толькі прыроднымі, але і ваенна-палітычнымі межамі паміж узаемна варожымі бакамі, што, адпаведна, абмяжоўвала рух па іх. Літва такім чынам была адрэзаная ад балтыйскіх партоў. Што да Дняпра, то ён працягваў у той час заставацца важнай воднай артэрыяй, але яго значэнне як гандлёвага шляху істотна зменшылася пасля таго, як золатаардынскія ханы перанакіравалі свой гандаль на басейн Волгі і яе прытокаў. 

Рака Дняпро ў XIV стагоддзі яшчэ складала частку гандлёвага воднага шляху з варагаў у грэкі. Shutterstock.com, by Vola Crocodile.

Чума любіла марскія шляхі і партовыя гарады, таму тое, што крыжакі і золатаардынцы блакавалі нашы галоўныя рачныя артэрыі, таксама несумненна ратавала сярэднявечных беларусаў. 

Таму выглядае, што Чорная смерць сапраўды не нанесла вялікай шкоды землям паміж Прыпяццю і Дзвіной, Дняпром і Нёманам, аснове Вялікага Княства Літоўскага. І гэта адыграла сваю станоўчую ролю ў далейшым культурным, сацыяльна-эканамічным і нават палітычным развіцці беларускіх земляў у Сярэднявеччы.

Уладзімір Канановіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930