Знайсці
05.06.2020 / 22:21153РусŁacБел

«Ты хворы? Валі адсюль!» Удзельнікі пікета за Лукашэнку або шугаліся журналістаў, або хамілі ім

Прафсаюзы і БРСМ зладзілі пікет у Мінску, які павінен быў засведчыць вялікую падтрымку сярод людзей Аляксандра Лукашэнкі, а на справе ж прысутныя нават не маглі ўцямна патлумачыць, чаму падтрымліваюць менавіта гэтага кандыдата.

Усе трое хлопцаў на фота зрабілі выгляд, што глуханямыя, калі задаваліся пытанні. І адвярнуліся, калі іх фоткалі.

Станцыя метро «Усход». Пляцоўка ля гандлёвага цэнтра «Дана Мол». Дзве чырвона-зялёныя палаткі, шэсць пунктаў збору подпісаў. Грае гучна музыка. Нейкая салянка з усяго на свеце: і патрыятычных спеваў пра сінявокую, і «мокрых кросаў» Цімы Беларускіх. Музыка гучыць так моцна, што пачуць нешта, нават знаходзячыся побач, амаль немагчыма.

Некалькі чырвона-зялёных сцягоў. Пару сталоў для гульняў у настольны футбол і хакей. Танцы ад бээрсэмаўцаў. Так праходзіў першы пікет у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі ў Мінску.

Людзі з’явіліся з ніадкуль. І адразу ўтварылі чаргу. Цягам двух з паловай гадзін некалькі сотняў чалавек стаялі пад сонцам, каб пакінуць свой подпіс за Лукашэнку. Мабыць, гэта ўсё ідэйныя людзі, калі гатовыя ахвяроўваць часам. «НН» папыталася, чаму яны прыйшлі на гэты пікет.

***

«Выказваю сваю грамадзянскую пазіцыю».

«НН»: А чаму стаіце менавіта за Лукашэнку?

«Мне так хочацца»

«НН»: Патлумачце, чым вам падабаецца кандыдат?

«Стабільнасць, упэўненасць».

***

«А хто вы ўвогуле такі?»

«НН»: Дзмітрый Панкавец, «Наша Ніва».

«Ну і, калі ласка, працуйце далей».

«НН»: Дык я працую: раскажыце, чаму менавіта гэты кандыдат?

«Гэта маё асабістае».

У размову ўступае суседка.

«Мы за цэлы дзень так нагаварыліся».

«Калі чалавек стаіць, то ён разумее, за што стаіць. І пытанні тут лішнія. У кожнага свая пазіцыя».

«НН»: Дык патлумачце яе.

«А я не хачу».

«НН»: Вам сорамна?

«Не, калі было б сорамна, то сюды б не прыйшла. Усё».

«НН»: Чаму вы хаваецеся ад фота?

***

«НН»: Можаце расказаць, чаму сюды прыйшлі?

«Не».

«НН»: Чаму не?

«Без каментароў».

***

«Нашто вам гэта ведаць?»

«НН»: Цікава ж.

«Гэта мой грамадзянскі доўг. Праяўляць актыўную грамадзянскую пазіцыю. Галасаваць».

«НН»: Чаму гэты кандыдат?

«Мяне задавальняе ён. У нас у краіне ўсё ціха».

«НН»: Вы студэнт?

«Не, я працую кіроўцам тралейбуса».

«НН»: Вас задавальняе ваш заробак?

«Так, цалкам».

***

«Прыйшлі падтрымаць».

«НН»: Менавіта гэтага кандыдата?

«А чаму не?»

«НН»: 26 гадоў ва ўладзе — гэта не многа?

«Не».

«НН»: Я ўчора на БТ бачыў, калі тлумачылі адстаўку Румаса, то сказалі, што чалавек, які працуе шмат гадоў на адной пасадзе, заседжваецца і не можа добра выконваць працу. А ваш кандыдат можа?»

«Я думаю, не».

***

«НН»: Чаму вы тут?

«Сказаў прыйсці начальнік».

«НН»: Вы тут толькі таму, што так сказаў начальнік?

«У прынцыпе, так».

«НН»: А дзе вы працуеце?

«Медыцынскі ўніверсітэт».

«НН»: Шмат тут вашых?

«Вельмі шмат».

***

«Я прыйшла, бо так захацела. А вы чаго прыйшлі?»

«НН»: Працаваць прыйшоў.

«Ну дык працуйце. Я хачу паставіць подпіс за Лукашэнку».

«НН»: А чым ён вам падабаецца?

«Не скажу».

«НН»: Гэта сакрэт?

«Падабаецца ён нам».

«НН»: А чым? Вусамі?

«Чаму я вам павінна адказваць? Унутраны голас так кажа».

«НН»: А як вам іншыя кандыдаты. Бабарыка?

«Таксама харошы мужык».

«НН»: А Цапкала?

«Таксама харошы».

«НН»: Усе харошыя?

«Так, усе харошыя».

***

«Я супраць майдану, супраць вайны».

«НН»: А хто з кандыдатаў за майдан?

«Будзе майдан. Мой муж грамадзянін ЕС, Латвіі. І я ведаю, што там хацелі перамен, але лепш жыць не стала. Назавіце хоць адну краіну, дзе жыць стала лепей?»

«НН»: У Эстоніі, напрыклад. Там заробкі ўжо больш за 1000 еўра.

«Ды што вы кажаце! У мяне свякруха памерла, такі рахунак выставілі з клінікі. Я такога не хачу».

«НН»: Як вам Бабарыка?

«Мне не спадабаўся ягоны дом».

«НН»: А Цапкала?

«Цапкала? А што ён?»

«НН»: Парк высокіх тэхналогій.

«Ад дабра дабра не шукаюць».

«НН»: 26 гадоў — гэта не многа?

«Гэта вельмі мала».

***

«Я не даю каментароў. Гэта маё асабістае меркаванне. Нічога я не хачу».

«НН»: Вам толькі Лукашэнка падабаецца. А Бабарыка не?

«Не».

«НН»: Чаму?

«Проста не, і ўсё. Я свой выбар зрабіла».

«НН»: Цапкала так доўга працаваў разам з вашым кандыдатам. Можа, добры чалавек?

«Можа быць, я з ім незнаёмая».

«НН»: А з Аляксандрам Рыгоравічам знаёмыя?

«Нашмат бліжэй».

«НН»: Чым ён вам усё ж так падабаецца?

«Падабаецца, што я жыву ў стабільнай дзяржаве, незалежнай. Стабільна атрымліваю дастаткова высокі заробак».

«НН»: Што для вас стабільнасць?

«Мір».

***

«НН»: Можаце расказаць…

«Казку?»

«НН»: Не, праўда, што тут робіце?

«Стаю. Слухайце, адыдзіце адсюль».

«НН»: Чаму Лукашэнка?

«Што вы да людзей прыстаяце? Давай адсюль».

***

«НН»: Вам падабаюцца Бабарыка ці Цапкала?

«Мяне задавальняе цалкам, што робіцца ў нашай краіне».

***

«НН»: Вы ідэйны чалавек, калі прыйшлі сюды пад сонцам. Раскажыце пра сваю пазіцыю.

«Нічога я вам не скажу».

***

«Малады чалавек, непрыгожа прыставаць да жанчын, ідзіце прыставайце да свайго полу».

«НН»: Чаму вы не хочаце расказаць, чым такі добры ваш кандыдат?

«Дзень быў кепскі».

«НН»: Дык мы ж вас не пра кепскае пытаемся, а пра добрае, пра чалавека, якога вы падтрымліваеце.

«Не лезьце сюды».

***

«НН»: Вам толькі Лукашэнка падабаецца?

«Хто вам сказаў? Нам усе падабаюцца».

***

«НН»: Можаце сказаць, чаму сюды прыйшлі?

«Не падыходзь блізка».

«НН»: Я ў масцы, вы ў масцы. Дыстанцыю захоўваю.

«Ты хворы? Валі адсюль».

***

«НН»: Чаму вы тут стаіце?

«Захацеў».

«НН»: Вам падабаецца гэты кандыдат?

«А што, не павінен?»

«НН»: Ды, калі ласка, патлумачце толькі.

«Я абазначыў, што не хачу адказваць на пытанні».

***

«НН»: Што вы тут робіце?

«Папрасілі, чаргу трымаю сваім».

«НН»: З працы папрасілі?

«Не важна. Стаю і стаю».

«НН»: Вам прэзідэнт падабаецца?

«Мне Беларусь падабаецца».

«НН»: А Цапкала і Бабарыка?

«Усе шчырыя і адданыя людзі падабаюцца».

Зміцер Панкавец, фота на застаўцы: Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера