Знайсці
04.06.2020 / 20:4336РусŁacБел

«Як яна будзе цяпер у Беларусі жыць?» Што кажуць суседзі пра ўдзельніцу затрымання Ціханоўскага 

Дом, дзе Алена К. жыла ў Бабруйску

«Свабода» пагутарыла ў Бабруйску з суседзямі жанчыны, якая 29 траўня ў Горадні за некалькі хвілін да затрыманьня відэаблогера Сяргея Ціханоўскага настойліва дамагалася ад яго адказу на свае пытаньні. Калі той адмовіўся, то зьявіліся двое міліцыянтаў, і ў штурханіне адзін зь іх апынуўся на асфальце.

Цяпер арыштаванаму блогеру, кіраўніку выбарчага штабу вылучэнкі на прэзыдэнцтва Сьвятланы Ціханоўскай, а таксама 8 ягоным паплечнікам інкрымінуюць «гвалт супраць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў». Саму ж жанчыну шмат хто называе правакатаркай, якая ўсчала канфлікт, каб даць падставы міліцыі арыштаваць Ціханоўскага.

Асобу жыхаркі Менску Алены К. вылічылі карыстальнікі інтэрнэту па ейных акаўнтах у сацыяльных сетках. Там жа былі фатаздымкі «пікантнага характару» з прапановамі для мужчын.

З даступных зьвестак вядома, што яна родам з Бабруйску, а ў сталіцы жыла на найманай кватэры разам з дачкой і маці. 30 траўня «Свабода» высьветліла, што ля ейнага дома ў Менску дзяжурыла міліцыя. Самой гаспадыні, як і яе блізкіх, па месцы жыхарства засьпець не ўдалося. Цяпер старонкі ў сацыяльных сетках выдаленыя.

У Бабруйску ў адным са спальных раёнаў удалечыні ад гарадзкога цэнтру «Свабода» адшукала дом, дзе жыла да пераезду ў сталіцу гэтая жанчына. Жыхары пацьвердзілі, што яна і ёсьць Алена К.

Паводле іх, яна з маці засялілася ў панэльны шматпавярховік адразу пасьля пабудовы, на пачатку 1990-х. Уладальніца двухпакаёвай кватэры на 9 паверсе — маці. На яе ж аформлены і стацыянарны хатні тэлефон. Уваходныя дзьверы жалезныя і ўмацаваныя. На ручцы вісяць даўнія рэклямныя абвесткі.

«Вы іх не застанеце тут, бо яны даўно жывуць у сталіцы і прыяжджаюць зрэдку, — кажа адна з суседак. — Дачка ў Менску знайшла недзе працу ды забрала маці. Тая штолета прыяжджае з унучкай сюды. Неўзабаве, можа, і зьявіцца».

Па словах яшчэ аднаго суседа, Алене блізу 45 гадоў. Ён цьвердзіць, што «яна ў Бабруйску была дзяўчынай ня ўзорных паводзін» і «недзе ў 1996 годзе яе пасадзілі гадоў на шэсьць за наркотыкі».

«Пагаворвалі, што яна прытаргоўвала імі ў сябе дома, — кажа мужчына. — Як вызвалілася, то нядоўга ў Бабруйску пабыла. Зьехала ў Менск. Пра тое, з чаго яна там жыве, гаварылі ў нас рознае і дужа непрыемнае…»

Паводле яго, дачку Алена нарадзіла ў Менску. Ці была яна замужам, суразмоўца ня ведае. Кажа, што некалькі год дзіця гадавала бабуля ў Бабруйску, а потым іх абедзьвюх Алена забрала ў сталіцу. Там яны гадоў дзесяць ужо, кажа ён.

Пра падзеі ў Горадні суразмоўца ведае. Перакананы, што Алене можна было знайсьці спосаб, каб «ня ўдзельнічаць у міліцэйскай авантуры».

«Я не магу ўявіць, як яна будзе цяпер у Беларусі жыць, — са скрухай адзначае ён. — Такое ня хутка забудзецца. Зь ёй што будзе, тое будзе, а ці падумала яна пра дачку…»

Цяперашняга прозьвішча жанчыны суседзі ня ведаюць. Адна з суразмоўцаў доўга старалася прыгадаць, пра каго гаворка, а пасьля апісаньня выгукнула: «Дык гэта ж Ленка. Але яна тут не зьяўляецца ўжо шмат год».

«Ейная маці прыяжджала нядаўна па пэнсію, — кажа далей жанчына, — аднак, мне здаецца, цяпер яе будзе атрымліваць у Менску».

Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера