Знайсці
03.06.2020 / 23:064РусŁacБел

Колькі плацяць зборшчыкам подпісаў Бабарыка, Цапкала, Ціханоўскі і іншыя?

21 мая ініцыятыўныя групы кандыдатаў у прэзідэнты пачалі збор подпісаў. Мала для каго сакрэт, што штабы аплочваюць сябрам сваіх ініцыятыўных груп такую працу. Хто з кандыдатаў колькі прапануе?

Былы кіраўнік Парка высокіх тэхналогій Валерый Цапкала мае цэлую сістэму для зборшчыкаў подпісаў. За першую сотню сабраных аўтографаў прэтэндэнт прапануе па 1 рублі за кожны подпіс. За другую сотню — па паўтара рублі. Калі чалавек сабраў больш за 200 росчыркаў, то штаб кандыдата гатовы заплаціць па даляры за кожны. Такую вось матывацыю абрала каманда.

Хто яшчэ дае ўзнагароду за подісы? Кіраўнік партыі «Грамада» Сяргей Чэрачань асабліва ніколі не хаваў, што гатовы аплачваць працу зборшчыкаў. Ягоны штаб плаціць па 1 рублі за подпіс. Чэрачань кажа, што гэта на булачку, чай і жэтон у метро.

Па інфармацыі «НН», былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая мае намер плаціць 1,5 рубля за кожны подпіс. Зрэшты, там сітуацыя не самая простая. І, магчыма, сума можа істотна зменшыцца.

Кіраўнік «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў таксама прапануе мінімальнае ўзнагароджванне. Сябры ягонай ініцыятыўнай групы будуць атрымліваць па $0,3 за сабраны аўтограф.

Кандыдатка Наталля Кісель, якая мае каля 100 зборшчыкаў, нібыта абяцае плаціць 1 еўра за кожны росчырк. Гэта самыя вялікія тарыфы, праўда, яе зборшчыкаў амаль ніхто не бачыў.

А вось каманда Віктара Бабарыкі працуе задарма — за ідэю. Экс-банкір не аплачвае працу сваіх валанцёраў. Адно што тых удзельнікаў групы, якія занятыя зборам цэлы дзень, бясплатна кормяць.

Ні пра якія грошы не вядзецца гаворка ў выпадку Святланы Ціханоўскай. За яе збіраюць гледачы канала «Краіна для жыцця».

Вядома, што нічога не плаціць сваім прыхільнікам і металіст Алесь Таболіч.

Аляксандру Лукашэнку плаціць асобна за працу сяброў ініцыятыўнай групы няма патрэбы. Шматтысячны ідэалагічны і інфармацыйны апарат працуе не на ганарарах, а на стаўках — прычым заробкі яму плацяць не з кішэні кандыдата, а з дзяржаўнага бюджэту, за нашы падаткі.

Зрэшты, нярэдка падчас папярэдніх кампаній бывала так, што кандыдат абяцаў за подпісы пэўную суму, а потым не мог расплаціцца. З падобнай праблемай у 2001 годзе сутыкнуўся Леанід Сініцын. Хто ведае, ці не паўторыцца гэта ў каго з кандыдатаў і сёлета.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера