Знайсці
02.06.2020 / 16:1812РусŁacБел

Ці могуць зняць з выбараў ініцыятыўную групу Святланы Ціханоўскай? Тлумачым

Пасля правакацыі ў Гродне 29 мая, калі затрымалі Сяргея Ціханоўскага і ягоных паплечнікаў, многія ў інтэрнэце выказвалі версію, што ў бліжэйшыя дні з выбараў могуць зняць ініцыятыўную групу Святланы Ціханоўскай.

Аднак пакуль што гэтага так і не адбылося. Чаму? «Наша Ніва» спытала ў палітолага Юрыя Чавусава, які мае статус назіральніка пры ЦВК.

«У Выбарчым кодэксе пра вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты ёсць толькі адзін артыкул — 61-ы. Там апісваецца, як рэгіструюцца ініцыятыўныя групы, як збіраюцца подпісы, якія подпісы правяраюцца, якія лічацца несапраўднымі.

Працэдуры зняцця ініцыятыўнай групы за нейкія парушэнні няма.

Калі б спадарыні Лідзіі Ярмошынай ці Алене Дмухайле (сакратар ЦВК — «НН») паступіў загад скасаваць рэгістрацыю, то я думаю, што яны б маглі адмяніць ранейшае рашэнне аб рэгістрацыі. Напрыклад, сказаць, што пры больш падрабязнай праверцы членаў ініцыятыўнай групы знайшлі нейкія парушэнні. Але гэта будзе відавочна неправавое дзеянне.

Зрэшты, у беларускай прававой сістэме ЦВК можа рабіць што заўгодна, абгрунтоўваючы палітычнай мэтазгоднасцю. Выключаць такое немагчыма.

У артыкуле 68 Выбарчага кодэкса прапісаныя падставы для адмовы ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты, сярод іх — «невыкананне патрабаванняў, прадугледжаных гэтым кодэксам». Апошні пункт могуць прымяніць да Ціханоўскай. Калі ёсць арышты, адміністрацыйны пераслед, парушэнне правілаў правядзення пікетаў. Для іх гэтага можа быць дастаткова, каб адмовіць у рэгістрацыі.

Калі ЦВК усё ж здыме ініцыятыўную групу Ціханоўскай, то гэта будзе абсалютна новая рэч. Я адмыслова правяраў: на прэзідэнцкіх выбарах такога ніколі не было. Адносна парламенцкай і мясцовай кампаній я таксама такой інфармацыі не знайшоў.

Ініцыятыўнай групе могуць вынесці папярэджанне. Ёсць яшчэ частка 3 артыкула 49 «Адказнасць за парушэнні, якія ўстаноўленыя кодэксам». Фактычна тое, у чым абвінавачваюць Ціханоўскага — там напісана, што ў выпадку парушэння ініцыятыўнай групай правілаў кодэкса прэтэндэнт атрымлівае папярэджанне.

У выпадку другога папярэджання ЦВК можа адмовіць у рэгістрацыі ці адмяніць рашэнне аб рэгістрацыі кандыдата. Але папярэджанні, нават два, не робяць ініцыятыўную групу несапраўднай, не спыняюць збор подпісаў. Ніякія папярэджанні не могуць скасаваць статус ініцыятыўнай групы», — сказаў Юры Чавусаў.

Такім чынам, да 19 чэрвеня зборшчыкі подпісаў за Святлану Ціханоўскую могуць працаваць абсалютна легальна. А потым пачнецца новы этап выбарчай кампаніі і правілы там будуць ужо іншымі.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера