Знайсці
24.04.2020 / 13:0938РусŁacБел

«Мяне проста трасе». Удава памерлага ад каранавіруса мінчука адказала Лукашэнку

23 красавіка чарговы раз Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «ў Беларусі няма ніводнага памерлага ад каранавіруса». Пасля публікацыі ў рэдакцыю TUT.BY патэлефанавала мінчанка Таццяна, удава Эдуарда Ціхамірава. Яе мужа не стала раніцай 4 красавіка. У пасведчанні пазначана прычына смерці — каранавірусная інфекцыя, развітацца з памерлым сям'я не змагла — усіх забралі ў бальніцу. «Вельмі балюча чуць такія заявы, бо мой муж памёр ад каранавіруса, і гэта пазначана ў дакументах. У яго не было лішняй вагі і хранічных захворванняў, ён згарэў за некалькі дзён».

president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка не першы раз заяўляе, што ў Беларусі няма памерлых ад каранавіруса: «Ніхто ад каранавіруса ў нашай краіне не памрэ. Я публічна пра гэта заяўляю. Гэта маё цвёрдае перакананне». У паведамленнях Міністэрства аховы здароўя падкрэсліваецца, што паміраюць пацыенты «з шэрагам хранічных захворванняў з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй».

Пасля ўчорашняй заявы Лукашэнкі ў рэдакцыю патэлефанавала ўдава памерлага ад каранавіруса Эдуарда Ціхамірава. Стрымліваючы слёзы, Таццяна распавяла, чаму яе закранулі словы кіраўніка краіны:

— У нас уся сям'я пацярпела ад каранавіруса. Спачатку захварэў мой муж, 21 сакавіка. Следам за ім захварэла і я, 27 сакавіка. Ніхто з нас не выязджаў за мяжу, у нас не было кантактаў з людзьмі, якія прыехалі з-за мяжы. Мы звычайныя грамадзяне, працуем на дзяржпрадпрыемствах.

Пачалося ўсё з ламаты ў целе — такой, што без таблеткі немагчыма заснуць. 28 сакавіка мужу стала горш, тэмпература паднялася да 38.7. Ніякай дыхавіцы, кашлю не было, але прапаў нюх, была сухасць у роце. Яму патэлефанаваў калега з працы і распавёў, што ў двух супрацоўнікаў выявілі каранавірус, іх забралі ў шпіталь. Звяртаю ўвагу, гэтую інфармацыю мы атрымалі не ад кіраўніцтва прадпрыемства і не ад эпідэміёлагаў.

Як высветлілася пазней, муж быў кантактам першага ўзроўню, але на той момант мы гэтага яшчэ не ведалі. 29 сакавіка я выклікала мужу хуткую, яго забралі ў 4-ю бальніцу, на наступны дзень мне патэлефанавалі і сказалі, што ў яго пацвердзіўся каранавірус. Праз дзве гадзіны па нас прыехала хуткая, забралі мяне, сына і майго пажылога бацьку, інваліда 2 групы. Уявіце, усе мы хадзілі на працу, мы ж не ведалі, што заражаныя.

Муж патэлефанаваў мне, сказаў, што яму зрабілі здымак і выявілі пнеўманію. У экстраным парадку яго перавезлі ў 6-ю бальніцу, адразу ж у рэанімацыю.

Мой муж нічым не хварэў, яму быў 51 год, ён 20 гадоў не быў на бальнічным, гэта ж пра нешта кажа. Ён быў 198 см ростам і 112 кг вагой. Ён быў прыгажун проста. Ніхто не можа зразумець, як мог згарэць такі здаровы мужчына, у яго нават павышанага ціску не было.

Паказчыкі пагоршыліся, і яго паклалі на апарат ШВЛ. 2 красавіка ён яшчэ паспеў мне патэлефанаваць, сказаў: «Хацеў бы трымаць цябе за руку, гэта б надало мне сіл». Раніцай 4 красавіка яго не стала. У пасведчанні пазначана прычына смерці — каранавірусная інфекцыя.

Паколькі мы ўсе былі ў шпіталі, і ва ўсіх нас пацвердзіўся каранавірус, развітацца з мужам ніхто не мог. Я фактычна па тэлефоне арганізоўвала пахаванне.

20 рытуальных агенцтваў адмовілі, калі даведаліся, што ў мужа быў каранавірус.

У моргу ўскрылі цела і спакавалі ў вакуумны пакет, апрануць мужа не дазволілі. Я папрасіла дачку, якая жыве ў іншым горадзе, сабраць касцюм, які проста паклалі ў труну перад крэмацыяй. Развітання з мужам не было. Мы да гэтага часу не можам нават забраць яго прах, таму што бацька ўсё яшчэ ў бальніцы, а ў мяне па-ранейшаму станоўчы тэст.

Мяне проста трасе, калі я чытаю заявы, што ў Беларусі ніхто не памёр і не памрэ ад каранавіруса. Як кіраўнік дзяржавы можа так казаць, бо ён фактычна гарантуе гэта! Але мой муж памёр! Кідацца такімі словамі — гэта проста блюзнерства. Людзі слухаюць гэта і вераць!

Мы цяпер з сынам на самаізаляцыі, сябры прывозяць нам прадукты пад дзверы, але я ж бачу ў акно, як па-ранейшаму людзі ходзяць без масак, пры сустрэчы вітаюцца за руку і абдымаюцца. Яны не разумеюць, як гэта небяспечна. Я нават уявіць не магла, што гэтая бяда закране маю сям'ю, што гэта заб'е майго каханага мужа, бо ён нават не хварэў.

Так нельга рабіць з нашымі людзьмі. Мы ходзім на працу, плацім падаткі, выконваем усе правілы і законы нашай рэспублікі. За што ж да нас такое стаўленне?

Каранавірус у БПС-Сбербанку: 51-гадовы кіроўца памёр, топ-менеджары ў бальніцы

«БПС-Сбербанк» адказаў на прэтэнзіі жонкі памерлага кіроўцы: «Дапамога будзе. Але мы не згодны з інтэрпрэтацыяй»

Адар'я Гуштын, Tut.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930