Маладая міліцыянер прыпісала сабе чужое выратаванне савы, але сацсеткі яе выкрылі. Нават псіхолаг не разабраўся ў матывах
Агенцтва «Мінск-Навіны» 21 красавіка апублікавала кранальную гісторыю аб тым, як участковы інспектар ІСН аднаго з мінскіх раёнаў Юлія К. выратавала саву ад нападзення зграі варон, выхадзіла яе і выпусціла.
Усё гэта ілюстравалася фота той самай савы, гераіня маляўніча апісвала этапы выратавання.
Але на наступны дзень выявілася, што гісторыя — сціслы пераказ рэальнага выпадку, які адбыўся ў сакавіку, але не з інспектарам Юліяй К., а з мінскай настаўніцай англійскай мовы Марынай Марской і яе мамай.
Разам яны з акна ўбачылі, як невялікую саву атакавалі вароны, мама Марыны выскачыла на вуліцу і забрала птушку, у якой пазней доктар выявіў некаторыя траўмы — сям'і давялося некалькі дзён выходжваць жывёлу, яе прыгоды зафіксаваныя ў блогу настаўніцы.
Пасля таго, як стала вядомая праўда, паведамленне пра геройскі ўчынак міліцыянера было выдалена з навінавых сайтаў, недзе яно яшчэ засталося ў кэшы.
Але чаму міліцыянер выдала чужую гісторыю за сваю? «Наша Ніва» адрасавала гэтае пытанне афіцыйнаму прадстаўніку ведамства Вользе Чамаданавай.
«Я не асабліва хачу гэтай тэмы кранацца, бо гэтая бедная дзяўчына… яна на таблетках, валяр'янцы. Я сама не ведаю, што з ёй зрабілася ў той момант, калі яна вырашыла, што гісторыя адбылася з ёй, пра што яна думала? Па мойму, нават псіхолаг да канца не разабраўся. Звальняць яе за гэта ніхто не будзе, але пра што яна думала — высветлім», — сказала Чамаданава.