Знайсці
23.04.2020 / 15:3413РусŁacБел

У Стоўбцах шматлікія смерці ад пнеўманій і каранавіруса. Расказваюць сваякі

У Стоўбцах людзей хаваюць у закрытых трунах, развітваюцца толькі самыя блізкія сваякі. Фота радыё «Свабода».

У пачатку эпідэміі каранавіруса найбольш сумных навін прыходзіла з Віцебска, потым — з Докшыц і Бешанковічаў. Цяпер з’явіўся яшчэ адзін пункт, дзе сітуацыя вельмі напружаная, — гэта Стоўбцы, горад за 65 кіламетраў на паўднёвы захад ад Мінска, насельніцтва — 17 тысяч чалавек.

Бальніца на 134 месцы перапоўненая людзьмі з пнеўманіямі і каранавірусам, частку хворых адпраўляюць у іншыя гарады. «Наша Ніва» паразмаўляла са многімі жыхарамі Стоўбцаў.

Чытайце таксама: «З пнеўманіямі адпраўляюць таксама ў Валожын, Слонім і Мінск». Дэпутат са Стоўбцаў расказаў пра сітуацыю

«Мясцовая бальніца запоўненая ўжо два тыдні, — кажа мясцовы жыхар Мікалай Лысёнкаў. — Толькі адзін дзень вызвалілася, калі загадалі выпісваць людзей з лёгкімі сімптомамі, а назаўтра зноў запоўнілі людзьмі». 

Толькі за ўчора памерла мінімум трое жыхароў горада. Усе яны жылі ў раёне вуліц Мічурына і Калгаснай, там жа размешчаны рынак, а таксама Стаўбцоўскае РАУС.

Станіславу Мар’янаўну Жаўняркевіч пахавалі сёння. 10 красавіка, калі жанчына ўжо ляжала на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх, ёй споўніўся 71 год.

«Крыўдна тое, што нашы пенсіянеры інтэрнэт не чытаюць, а глядзяць толькі «Панараму», дзе ўсё добра, — кажа зяць памерлай Алег. — Грошай, кажуць, няма эканоміку спыніць… Але на Еўрапейскія гульні грошы ёсць, на «майбахі» ёсць. Ну не спыняеце вы, то праводзьце хоць тлумачальную працу!

Я браў даведку аб смерці цешчы. Заходзіць у тое памяшканне жанчына, шукае БТІ, гадоў за 60. Я кажу: чаму вы без маскі, без пальчатак? Не хачу, у нас у краіне каранціну няма. І як ім што давесці».

Алег кажа, што вярнуўся ў Беларусь з Германіі 7 красавіка, цешчу ўжо тады забралі ў бальніцу, як і цесця. Цесць, якому цяпер 74 гады, на лячэнні ў Валожыне.

«Ён спачатку бадзёры быў, да выпіскі рыхтаваўся, а во літаральна зараз пазваніў, што ў яго ногі ацякаюць. Забіраюць у рэанімацыю. Яму яшчэ цяжэй будзе, бо ў яго дыябет. Ён чалавек камуністычнага складу розуму, у каранавірус не верыў. У канцы сакавіка паехаў у Мінск па дэталі да скутара, ніяк не спыніць было», — расказвае зяць.

Станіслава Жаўняркевіч праляжала на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх два тыдні, на 15-ы дзень яна памерла. Зяць кажа, што яны гадаюць, адкуль мог узяцца каранавірус. «Ці цесць з Мінска прывёз, ці ў касцёле, ці ў бальніцы… Да яе 24 сакавіка прыехаў гінеколаг, бо даўно агляд не праходзіла. І яна пайшла ў бальніцу», — расказвае Алег.

У пасведчанні аб смерці напісалі «сардэчная недастатковасць». «Я кажу, дык у яе пацверджаны каранавірус быў, а мне адказваюць, што памерла яна не ад яго, во так статыстыка ў нас робіцца», — кажа мужчына.

Станіслава Мар’янаўна адпрацавала ўсё жыццё прадаўцом. Развітваліся з ёй у касцёле ў закрытай труне, прысутнічалі толькі блізкія. «Я раней міліцыянерам працаваў, шмат каго ведаю. Шукаў людзей, каб памылі, пераапранулі цешчу — усе адмовіліся», — расказвае Алег.

Памёр таксама 54-гадовы Алег Бець. Ён працаваў інжынерам у мясцовых электрасетках. Афіцыйная прычына — пнеўманія. «Наконт [карана]віруса пакуль дакладна невядома», — сказаў «НН» ягоны сын Павел.

Алег Бець. Фота ok.ru.

У сераду памёр 83-гадовы Уладзімір Урублеўскі. Ён 29 гадоў узначальваў мясцовы райспажыўсаюз, таму ў горадзе быў даволі вядомай асобай. Ягоная жонка Марыя Іванаўна не хавае слёз.

Уладзімір Урублеўскі разам з жонкай. Фота з сямейнага архіва.

«Як гром у ясным небе. Шкада мне яго, 57 гадоў разам пражылі», — кажа жанчына. Нягледзячы на салідны ўзрост, Уладзімір Урублеўскі быў крэпкім мужчынам. Сачыў за сваім здароўем, двойчы на год планава клаўся ў бальніцу, ні на што не скардзіўся. Вёў актыўны лад жыцця, хадзіў у лазню. З хранічных захворванняў меў дыябет, а яшчэ зараз лячыў сабе зубы.

«Не чакалі ніякай бяды. Яшчэ на каталіцкі Вялікдзень [12 красавіка — «НН»] сядзелі сям’ёй за сталом, нікога больш не было. А 14 красавіка яму ўжо кепска стала, страціў прытомнасць. Мы неяк яго адкачалі. Дачка на машыне з Мінска прыехала, забрала гаспадара ў бальніцу. Яна якраз медыкам працуе ў 1-й бальніцы. А ўжо адтуль яго ў чацвёртую забралі, дзе і памёр», — расказвае Марыя Іванаўна.

«У нас жа адзін дыягназ пішуць — «двухбаковая пнеўманія». Але каранавірус у яго пацверджаны быў. У мяне і дачка на яго ўжо перахварэла, але яе ўжо выпісалі. У мяне бралі тэст яшчэ ў пятніцу, але вынікаў пакуль няма. Гэта ж памерці ўжо за такі час можна, што за стаўленне да людзей», — наракае жанчына.

Пахаваюць Уладзіміра Іванавіча 24 красавіка. Труна будзе закрытай.

20 красавіка памёр 56-гадовы кіроўца «Стаўбцыгаз» Ігар Шука. Яго шпіталізавалі 13 красавіка. Афіцыйнай прычынай смерці называюць пнеўманію. «Так, мы чулі такія размовы», — кажуць на прадпрыемстве на пытанне, ці не ад каранавіруса памёр мужчына.

Па інфармацыі «Нашай Нівы» дабраўся каранавірус і да мясцовай улады. Шпіталізаваная намесніца старшыні райвыканкама. Сакратарка сказала, што чыноўніцы няма на працоўным месцы і невядома, калі будзе. Тым не менш, пасля дэзынфекцыі райвыканкам працягвае працу.

Чаму ў невялікім раённым цэнтры столькі людзей раптоўна захварэла на каранавірус? Мясцовыя жыхары кажуць пра хворую кандуктарку грамадскага транспарту, якая, маўляў, магла пазаражаць гараджан. Але пацверджання, што менавіта ў выніку гэтага каранавірус так масава распаўсюдзіўся ў райцэнтры, няма.

Чытайце таксама: Кандуктарка ў Стоўбцах захварэла на каранавірус

Пахаванне ў Стоўбцах. Фота радыё «Свабода».

Калі вы хочаце падзяліцца сваёй асабістай гісторыяй і расказаць тое, што важна ведаць іншым, пішыце нам на [email protected] або ў тэлеграм па спасылцы тут ніжэй.

***

Тут праходзіць збор сродкаў для медыкаў горада Стоўбцы.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера