Знайсці
16.04.2020 / 11:396РусŁacБел

Сяргей Цяцерын купіў яшчэ больш зямлі на радзіме Лукашэнкі

Уплывовы бізнэсмен і кіраўнік Беларускай тэніснай федэрацыі Сяргей Цяцерын абзавёўся 21 гектарам зямлі ў суседняй з Александрыяй-2 вёсцы Хімы. Пра гэта сведчаць звесткі адзінага дзяржрэгістра нерухомай маёмасці Беларусі. Піша TUT.BY.

Сяргей Цяцерын — крайні злева. Фота Вадзіма Заміроўскага, TUT.BY

Нядаўна паведамлялася, што на малой радзіме Аляксандра Лукашэнкі ў вёсцы Александрыя-2 знаходзіцца рэзідэнцыя, якой валодае кампанія «Белнафтагаз» бізнэсоўца Аляксея Алексіна. Там жа размешчаны і дом Сяргея Цяцерына — бізнэсмена, кіраўніка Беларускай тэніснай федэрацыі і ганаровага консула Грузіі ў нашай краіне. Але, як аказалася, гэта не ўсе яго ўладанні ў ваколіцах.

Зусім побач з Александрыяй-2 знаходзіцца вёска Хімы Аршанскага раёна Віцебскай вобласці, якую яшчэ ў 2011 годзе таксама вырашылі зрабіць узорнай. Мяркуючы па даных дзяржрэгістра, там у 2017 годзе Сяргей Цяцерын купіў невялікі дом. Будынак знаходзіцца на зямельным участку плошчай 0,1 гектара, за арэнду якога ён штогод плаціць каля 1,78 рубля.

На працягу ж 2018-2019 гадоў Цяцерын абзавёўся яшчэ 9 участкамі недалёка ад вёскі Хімы. Іх агульная плошча — каля 21,3 гектара. Мэтавае прызначэнне — для вядзення сялянскай (фермерскай) гаспадаркi. Зямля належыць Цяцерыну на праве пажыццёвага спадчыннага валодання. Прадастаўлены ўчасткі рашэннямі Аршанскага райвыканкама. Яны размешчаны прыблізна ўнутры вось такіх межаў:

Яндекс.КартыЯндекс.Карты — поиск мест и адресов, городской транспорт

Як кажуць знаёмыя з гэтай гісторыяй крыніцы, на гэтай зямлі Цяцерын сапраўды можа заняцца сельскай гаспадаркай. «Ды ён жа і сам такі — хлопец ад сахі», — дадае адзін з суразмоўцаў партала.

Фота: president.gv.by Сяргей Цяцерын — у чырвонай майцы

Па словах крыніц, у ваколіцах у Цяцерына ёсць таксама стайня і пчальнік.

Сяргею Цяцерыну 59 гадоў. Нарадзіўся ён у Мінску. Прафесійна займаўся тэнісам. У 1979 годзе стаў бронзавым прызёрам чэмпіянату СССР да 18 гадоў, а ў 1980-м — чэмпіёнам Еўропы ў парным разрадзе сярод моладзі. У 90-я гады менавіта Цяцерын далучыў да вялікага тэнісу Аляксандра Лукашэнку.

Пазней Сяргей Цяцерын у ліку іншага быў намеснікам міністра спорту, памочнікам прэзідэнта, дырэктарам спарткомплексу «Раўбічы» і віцэ-прэзідэнтам НАК. Але бліжэй да 2010-х стала вядома і пра яго бізнэс.

Цяпер кампаніі Цяцерына займаюцца дыстрыбуцыяй прадуктаў і алкаголю, грамадскага харчавання (як мінімум — бар «Свабоды, 4»), а таксама збіраюцца будаваць шматфункцыянальны комплекс насупраць Палаца незалежнасці ў Мінску. Структуры бізнэсмена таксама падтрымліваюць развіццё тэніса і спансуюць спаборніцтвы.

Сяргея Цяцерына называюць блізкім да Аляксандра Лукашэнкі чалавекам. Яны былі заўважаныя не толькі на спартыўных мерапрыемствах, але і на сельскагаспадарчых працах. Як мінімум Цяцерын некалькі разоў касіў траву разам з Лукашэнкам, а таксама збіраў з ім кавуны.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930