Знайсці
03.04.2020 / 11:288РусŁacБел

Прадаўцы мінскіх кватэр сталі масава скідаць цэны 

На мінулым тыдні адбылася знакавая падзея для рынку жылой нерухомасці — рэзкі разварот у дынаміцы коштаў на кватэры. Курсавыя ваганні і навіны пра каранавірус прымусілі многіх прадаўцоў кватэр перагледзець кошты ў сваіх аб'явах, паведамляе realt.by.

фота Надзеі Бужан

Кожны тыдзень вырастае колькасць ахвотных прадаць кватэру ў Мінску. З пачатку сакавіка агульная прапанова на другасным рынку павялічылася амаль на 1,5 тысячы кватэр. І гэта сапраўды шмат — у сярэднім за месяц набываюць менш.

Аж да апошніх тыдняў новаспечаныя прадаўцы выстаўлялі цану ў аб'явах з аглядкай на ўжо размешчаныя ў продажы кватэры-аналагі, не спрабуючы прапанаваць менш. Але да канца месяца стала відавочна, што з такім падыходам наўрад ці ўдасца прыцягнуць увагу пакупнікоў. У выніку сярэдні ўзровень коштаў у аб'явах, якія размясцілі пасля 23 сакавіка, ужо быў на $50 за квадратны метр ніжэйшы.

Не дрэмлюць і тыя, хто прадае кватэру даўно. Трэба разумець, што цэны карэктуюць заўсёды — і на стабільным, і на ўзрастаючым рынку. Распаўсюджаная сярод прадаўцоў тактыка — размясціць аб'яву з завышанай цаной і паступова зніжаць яе да таго часу, пакуль не атрымаецца намацаць попыт.

Так было і сёлета: у студзені і лютым штотыдзень у трох сотняў аб'яў карэктавалі цану ў бок зніжэння. У першай палове сакавіка гэты паказчык вырас да 400 аб'яваў, а ў другой палове месяца адбыўся сапраўдны ўсплёск. Кошты ў 900 аб'явавах падвергліся рэдакцыі на мінулым тыдні — гэта прыкладна 11,5% ад іх агульнай колькасці.

Хто зніжае ў першую чаргу? Сталічныя прадаўцы, як правіла, раней за сваіх «калегаў» з рэгіёнаў пачынаюць карэктаваць кошты, а таксама робяць больш істотныя зніжкі на пачатку крызісу. Зрэшты, нават іх на мінулым тыдні абышлі прадаўцы кватэр у прыгарадзе Мінска.

У Заслаўі, Копішчы, Дзяржынску і Калодзішчах цана была зніжана ў 12-15% аб'яваў. У Мачулішчах гэты паказчык дасягаў 16%. Абсалютным лідарам па дадзеным паказчыку з'яўляецца Фаніпаль, дзе цану адкарэктавалі ў меншы бок у кожнай чацвёртай аб'яве.

Можа здацца, што ў першую чаргу цану зніжаюць на менш ліквідныя кватэры з вялікай колькасцю пакояў, але гэта не так. Самы высокі працэнт зніжак назіраецца цяпер у сегменце 1-пакаёвых кватэр.

Таксама на агульным фоне вылучаюцца кватэры, пабудаваныя ў 2019 годзе. Многія з іх набываліся яшчэ на стадыі будаўніцтва з мэтай далейшага перапродажу, і цяперашнія іх уладальнікі імкнуцца хутчэй зафіксаваць прыбытак.

Цікавы факт: уласнікі, якія прадаюць кватэру самастойна, у сярэднім адважыліся на зніжку ў два разы часцей, чым агенцтва нерухомасці.

Зніжаюць на колькі? $2000 — гэта стандартны «крок» пры зніжэнні цаны ў аб'явах у студзені і лютым. З 17 па 23 сакавіка сярэдняя зніжка вырасла да $2500, з 23 па 30 сакавіка — да $3000. У працэнтных выражэнні сярэдняя велічыня зніжкі павялічылася за апошні час з 2,7% да 3,7%, пры гэтым максімальны дысконт па некаторых аб'ектах мог даходзіць да 13-15%.

У абсалютным выражэнні самая значная зніжка адзначана ў кватэры на праспекце Незалежнасці — цану знізілі на $91 000, праўда, яна ўсё роўна каштуе каля паўмільёна даляраў.

Пасля працяглага перыяду росту коштаў сталічны рынак жылля становіцца «мядзведжым». Мінулы тыдзень паказаў рашучасць часткі прадаўцоў, якія спяшаюцца максімальна хутка прадаць сваю нерухомасць. Большасць пакуль займае пазіцыю чакання, але па досведзе мінулых крызісаў можна сказаць, што асноўная хваля цэнавай карэкцыі яшчэ наперадзе.

realt.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера