Знайсці
14.03.2020 / 12:3877РусŁacБел

Чаму суседнія краіны закрылі межы і ўвялі татальны каранцін, а Беларусь — не

Фота Надзеі Бужан

Падыходы да стрымлівання эпідэміі могуць быць розныя. Беларусь пакуль выбрала той шлях, якім ішлі Паўднёвая Карэя і В'етнам.

Ніхто не ведае, як правільна дзейнічаць падчас каранавіруса, бо такой эпідэміі не было з 1918 года, калі адрознівалася сітуацыя і адрозніваліся тэхналогіі.

Кожная краіна цяпер выбірае свой спосаб процідзеяння заразе, сыходзячы са сваіх магчымасцяў, ступені пранікнення віруса і асаблівасцяў сваёй медычнай сістэмы. 

Літва, Украіна, Польшча ўвялі каранцін у школах прэвентыўна.

Іспанія, Бельгія, Нямеччына ўвялі яго на нашмат пазнейшым этапе распаўсюду эпідэміі.

А вось Нідэрланды, Швецыя школьнікаў на каранцін не адправілі, хоць ступень пранікнення віруса ў гэтых краінах высокая. Шведскія і нідэрландскія эпідэміёлагі лічаць гэта непатрэбным. Гэтыя багатыя і дэмакратычныя краіны палічылі рацыянальным сканцэнтравацца на дапамозе групам рызыкі, тады як школьнікі і студэнты пераносяць каранавірус лёгка. У той жа час менавіта калі вялікая частка насельніцтва лёгка перахварэе, гэта і ўтворыць натуральны проціэпідэмічны бар'ер. Можна заўважыць, што такі падыход рацыянальны ў вельмі асвечаным грамадстве, дзе хворыя здольныя самаізалявацца, а пенсіянеры — часова спыніць актыўнасць.

Нарвегія, Венгрыя забаранілі медыкам выязджаць за мяжу. Суседнія Фінляндыя, Аўстрыя таго не рабілі. 

Данія, Аўстрыя, Венгрыя, Славенія, Славаччына, Польшча, Украіна, а цяпер і Літва закрываюць межы — цалкам ці часткова.

Швейцарыя, Францыя, Германія, Швецыя, Нідэрланды гэтага не рабілі.

У інтэрнэце гучаць галасы: «закрыць межы Беларусі». Але, па-першае, вірус ужо ў сярэдзіне краіны. 27 выяўленых выпадкаў азначаюць, што, з вялікай імавернасцю, сёння ўнутры краіны маем некалькі соцень носьбітаў інфекцыі. А па-другое, у канкрэтным беларускім выпадку — як практычна можна закрыць працяглую мяжу з Расіяй? Перакінуць туды вайскоўцаў і мытнікаў з іншых рэгіёнаў і рассяліць іх у школах і дамах культуры? Гэта створыць толькі горшыя эпідэміялагічныя рызыкі. Абвясціць пра закрыццё межаў можна, але ў беларускім выпадку гэта будзе пустой дэкларацыяй. 

У той жа час і Варшава, і Прага дзейнічаюць па-свойму лагічна. Калі вірус унутры шэнгенскай зоны, але яшчэ не пранік масава ў іх краіны, і калі ты маеш інтэнсіўны бязвізавы рух з Еўропы, напрошваецца тактыка часовага закрыцця межаў, каб збіць першую хвалю, адцягнуць момант піку.

Кітай дзейнічаў жорстка: у эпіцэнтры віруса людзям забаранілі высоўвацца, увялі смяротнае пакаранне за неабвяшчэнне пра захворванне. Але дэмакратычным краінам Еўропы дзейнічаць так не дазваляюць законы. Адпаведна, еўрапейцы шукаюць іншых падыходаў. Акрамя таго, невялікія краіны не маюць тых фінансавых і людскіх рэсурсаў, якія меў Кітай. Пекін мог паслаць ва Ухань дзясяткі тысяч медыкаў і санработнікаў адначасова, бо Кітай гіганцкі: 1,4 мільярда чалавек, але якая-небудзь Швейцарыя пры ўсім сваім багацці такіх людскіх рэсурсаў не мае. Акрамя таго, не забывайцеся, што на піку эпідэміі ў Кітаі было каля 50 заражаных на мільён насельніцтва, а Італія — ужо сёння, далёка да піку — мае больш за 200 толькі выяўленых выпадкаў на мільён, Швейцарыя — больш за 100. Даць рады такой хвалі нашмат цяжэй.

Беларусь пакуль дзейнічае ані кітайскім, ані шведскім, ані польскім спосабам. Наш падыход падобны да таго, які практыкавалі Паўднёвая Карэя, Сінгапур і В'етнам. Яны не ўводзілі татальнага каранціну.

Кіраўнік Сінгапура ў момант панікі дэманстратыўна адправіўся на закупы ў гандлёвы мол. Ні Карэя, ні Сінгапур не зачынялі межаў татальна. Але яны рабілі іншае: яны метадычна адсочвалі кожнага хворага і ягонае кола кантактаў і ізалявалі іх. Тое самае сёння робіць санітарная служба Беларусі.

Вынік у Карэі, Сінгапуры і В'етнаме быў вельмі паспяховы. Хоць гэтыя краіны, як суседзі Кітая, былі сярод першых ахвяр віруса, ім удалося даволі хутка знізіць колькасць заражэнняў. А лічба смяротных выпадкаў у іх вельмі нізкая. Па стане на сёння ў Карэі памерлі 72 чалавекі з 8086 заражаных, у Сінгапуры — 0 з 200, у В'етнаме — 0 з 49.

Лічба новых заражэнняў у Карэі ўжо тыдзень як зніжаецца, хоць новыя кластары перыядычна з'яўляюцца — і гэта непазбежна, калі ў краіне 158 заражэнняў на мільён насельніцтва.

І Карэя, і Сінгапур, і Беларусь дзейнічаюць таксама метадам масавага тэсціравання кола «першага кантакту» і «другога кантакту». Па колькасці праведзеных тэстаў у прапорцыі да колькасці выяўленых заражэнняў Беларусь займае адно з самых высокіх месцаў у свеце, нароўні з Нямеччынай і Польшчай, і нашмат апярэджвае ЗША і Японію, дзе, імаверна, існуе вялікая доля недавыяўленых выпадкаў.

Але і тут ёсць свае «але». І Карэя, і Сінгапур выкарыстоўвалі для выяўлення кола кантактаў заражаных даныя з сістэм відэаназірання і мабільных сетак. Здаецца, беларуская санітарная служба не мае людзей і тэхнікі для гэтага, а гэта павялічвае колькасць недавыяўленых ліній.

Толькі час пакажа, ці беларуская сістэма не зломіцца, калі здарыцца маштабны кластарны распаўсюд ці некалькі кластараў адначасова. А такія выпадкі непазбежныя пры эпідэміі. Мінскі бізнэсовец, які прывёз вірус з Італіі і энергічна разносіў яго па сталіцы, можа стаць такім беларускім «пацыентам 31».

Беларусь мае не найгоршую сістэму ўліку насельніцтва і яго перамяшчэнняў. У Беларусі няма вялікай колькасці беспрытульных. Гэта яшчэ два чыннікі, якія павялічваюць шанцы нашай краіны на паспяховае супрацьдзеянне эпідэміі.

Беларусь мае адзін з найвышэйшых у свеце паказчыкаў колькасці бальнічных ложкаў на душу насельніцтва. Больш за нас маюць толькі Японія і Паўднёвая Карэя, сувымерна з намі — Нямеччына, тады як Швецыя, Данія, Канада маюць нашмат менш, што робіць іх магчымасці супрацьдзеяння эпідэміі нашмат цяжэйшымі.

А вось эфектыўнасць нашай сістэмы рэанімацыі праверыць толькі жыццё. Італьянцы маюць добрую медыцыну, але «высокай хвалі» яна рады не дала.

Досвед краін, якія сутыкнуліся з каранавірусам першыя, адназначна паказвае, што няма адзінага правільнага спосабу барацьбы з ім.

Але таксама адназначна, што колькасць ахвяр множыцца там, дзе інфармацыю хавалі (Кітай). Бо хуткасць распаўсюду эпідэміі ў папуляцыі залежыць ад свядомасці людзей і іх гатоўнасці змяніць свой лад жыцця і звычкі. Тыя краіны, якія настроілі людзей на адказнасць, знізілі памер першай хвалі заражэнняў. «Галоўнае цяпер — выйграць час», — як сказала Ангела Меркель.

Чытайце таксама:

Чаму ў Італіі працэнт смяротнасці такі высокі?

Новы антырэкорд. У Італіі — 250 смерцяў за дзень ад каранавіруса

Ва Украіне першая смерць ад каранавіруса. Жанчына не адразу звярнулася да дактароў і хадзіла ў царкву

Каранавірус: Швецыя спыняе поўны ўлік інфікаваных і шпіталізацыю маладых — занадта дорага

Мінздароўя растлумачыла, чаму ў Беларусі не закрываюць школы

Польшча ўвядзе асаблівае становішча эпідэміялагічнай пагрозы

Андрэй Дынько

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера