Знайсці
13.01.2020 / 14:566РусŁacБел

Скандал у Мастацкім музеі. Вядомая мастачка правяла экскурсію па выставе сваёй хрышчонай маці, цяпер з яе патрабуюць грошы

У Нацыянальным мастацкім музеі праходзіць персанальная выстава беларускай мастачкі Зоі Літвінавай. Сама яна ляжыць у бальніцы — сэрца, а творчую сустрэчу вырашыла правесці яе вучаніца, таксама выбітная беларуская мастачка Зоя Луцэвіч пры ўдзеле мастацтвазнаўцы Наталлі Царык. Але ўсё скончылася канфліктам.

Мастачка Зоя Луцэвіч.

«Я ўзяла на сябе ініцыятыву прывесці людзей у музеі і расказаць пра творчасць нашага славутага мастака. Сабралася каля 100 чалавек. Усе купілі квіткі. Але пасля ўсяго мяне затрымалі і прапанавалі аплаціць экскурсію! Мала таго, што сваімі намаганнямі мы прынеслі вялікую суму грошай у касу музея і не ўзялі ні капейкі за сваю працу. Мне сказалі, што я не маю права выступаць са сваімі гісторыямі ў сценах музея і мая ініцыятыва пагражае мне адміністрацыйнай адказнасцю. Прычым ніхто з адміністрацыі музея не выйшаў да нас. Ніхто не падзякаваў за працу, якую яны павінны выконваць самі! Хачу адзначыць, уся выстава і фуршэт былі аплачаны самой Літвінавай. Усе тэксты і пераклады рабілі мы самі. І плакат, і фотаздымка! Музей прадаставіў толькі сцены. Дырэктар не правёў ніводнай лекцыі, ніводнай экскурсіі па выставе, не запрасіў важных гасцей з міністэрства і дыпкорпуса», — апублікавала гнеўны пост у фэйсбуку Зоя Луцэвіч.

Яна распавяла, што людзі самі пісалі ёй з просьбай расказаць пра выставу.

«Я проста мастачка, якая добра ведае Зою Літвінаву. Я яе вучаніца і хросная дачка. У музеі мы проста гутарылі, тлумачылі, што значаць карціны. Гэта нават не было экскурсіяй», — дзеліцца мастачка.

Зоя Літвінава. Сустрэча.

Луцэвіч лічыць, што ўся справа ў асабістай непрыязнасці гендырэктара музея да яе сям’і.

«Вызначыў групу мастакоў, якім можна выстаўляцца і якім не трэба. Адхіліў маю заяўку на правядзенне персанальнай выставы да 50-годдзя. Тое самае з заявай Святланы Катковай [маці Зоі Луцэвіч. — «НН»] пра выставу да яе 80-годдзя. Грабеншчыкоў можа вісець, а мы не, нягледзячы на ўсе нашы ўзнагароды», — абураецца яна.

У Нацыянальным мастацкім музеі тлумачаць сваю пазіцыю: спадарыні Луцэвіч і Царык парушылі Кодэкс аб культуры. Спасылаюцца на артыкул 186, згодна з якім праводзіць экскурсіі могуць толькі штатныя супрацоўнікі. Іншыя — па дамове з адміністрацыяй.

«Не можа чалавек з вуліцы праводзіць экскурсію, не важна, бярэ ён за гэта грошы ці не»,

— пракаментаваў «Нашай Ніве» гендырэктар установы Уладзімір Пракапцоў.

«Калі б яны папярэдзілі нас хаця б у пятніцу, пытанняў не было б. Але ніхто з адміністрацыі не быў у курсе пра сустрэчу, яна не была ўзгоднена», — дадае намесніца гендырэктара Святлана Анэйка.

У музеі таксама заяўляюць, што гэта няпраўда, што яны фінансава не ўдзельнічалі ў арганізацыі выставы. Яны аплацілі расходы па транспартаванні карцін з майстэрні Літвінавай, па мантажы, арганізацыі ўваходнай зоны экспазіцыі, па рэкламе. А на адкрыццё запрасілі высокіх асоб. На сераду, 15 студзеня, запланавана таксама экскурсія па выставе.

Ні пра якую асабістую непрыязнасць да Луцэвіч не можа ісці размовы, заяўляе Пракапцоў. Заяўка ад яе на правядзенне персанальнай выставы была даслана 14 лістапада, а план мерапрымстваў на 2020 год музей зацвердзіў яшчэ 11 кастрычніка.

«Рашэнне прымаецца на навуковай радзе, дзе прысутнічаюць не толькі супрацоўнікі музея», — кажа Святлана Анэйка.

Яна тлумачыць, што за год да іх прыходзіць каля 50 заявак на персанальныя выставы. З улікам музейных плошчаў задаволіць яны могуць максімум 10 з іх.

«Паколькі мы павінны выходзіць на самаакупнасць, то таксама глядзім, наколькі выстава будзе прыбытковай. Таму выстаўляем тое, што зразумела шырэйшай публіцы. Зразумела, што класікі прыцягнуць больш наведнікаў, чым новыя імёны», — акрэсліваюць сваю палітыку ў музеі.

НЛ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930