Знайсці
01.08.2019 / 15:4915РусŁacБел

«Атрымаем нейкага архітэктурнага монстра»? Рэканструкцыя будынка ў цэнтры Мінска выклікала палярныя рэакцыі

У цэнтры Мінска пачалі рэканструкцыю з рэстаўрацыяй музычнай гімназіі-каледжа, што знаходзіцца на плошчы Свабоды побач з катэдрай. Як стала вядома, будынку не будуць вяртаць яго першапачатковы выгляд, а захаваюць разам з прыбудовамі, якія з’явіліся ў 1960-я гады. Адновяць фрагменты фасада XVIII стагоддзя, дададуць ляпніны, памяняюць вокны з боку плошчы Свабоды, а ўнутры правядуць капітальны рамонт. «Наша Ніва» спытала незалежных экспертаў, як яны ставяцца да такой рэстаўрацыі і ці не варта было б вярнуць гістарычнаму цэнтру яго аўтэнтычны выгляд. Праекціроўшчыкі ў сваю чаргу патлумачылі, чаму каледж будзе выглядаць менавіта так.

Праект фасада. Верх будынка мала зменіцца, а нізу вернуць гістарычны выгляд. Рэндар: facebook.com/r.zabiela

Так комплекс выглядаў да сярэдзіны ХХ ст. Будынак, які цяпер рэканструююць, — злева. Катэдра ж была дамінантай гэтага боку Верхняга Рынку, як тады называлася плошча Свабоды.

«Найбольш прыдатным магло б быць аднаўленне ўсяго іезуіцкага комплексу»

Ігар Чарняўскі, колішні кіраўнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры, кажа, што выбранае праектнае рашэнне неадназначнае.

— Ідэя архітэктараў, зразумелая, але наўрад ці падобная бутафорыя вырашае праблему. Найбольш прыдатным магло б быць аднаўленне ўсяго іезуіцкага комплексу на ўчастку ад Інтэрнацыянальнай да Рэвалюцыйнай.

Ігар Чарняўскі.

Праўда, зазначае эксперт, такая маштабная рэканструкцыя ў нашых умовах немагчымая. 

— Як на маю думку, спроба аднаўлення гістарычнага фасада пры захаванні ўсяго аб'ёму пасляваеннай перабудовы будынка цяперашняга каледжа выглядае неадназначнай. Магчыма, для выяўленне гістарычных элементаў больш падышло б уладкаванне свайго роду зандажу, які б паказваў першапачатковую архітэктуру і захоўваў бы вобраз перабудаванага будынка, які выглядае дастаткова цэльным, — разважае Ігар Чарняўскі.

 — Варта таксама ўлічваць і маштаб суседняй забудовы. У прынятым варыянце, як падаецца, кантраст паміж ніжняй гістарычнай і надбудаванай часткай істотна павялічваецца.

Разам з тым станоўчы бок такога прыёма можна разглядаць ва ўвачавідкі зафіксаванай страце, што будзе мець больш шырокі ўплыў, чым публікацыі па гісторыі архітэктуры.

У сваю чаргу, доктар гістрычных навук Сяргей Абламейка выступае за татальную рэгенэрацыю гістарычнага цэнтра са зносамі і дэмантажам навабудаў. «Іншая тэма — ці рэальна гэта».

«Тое, што зрабілі ў 60-х гадах — гэта ўрбаністычны бандытызм»

Краязнаўца, супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага архіву Беларусі Уладзімер Дзянісаў таксама бачыць рэстаўрацыю інакш.

— Сітуацыя склалася так. Заказчык гэтага праекта — Міністэрства культуры і музычная школа. Яны нічога не хочуць мяняць — ім патрэбны плошчы, патрэбны аб’ёмы, каб была нармальная функцыя гэтага будынка.

Уладзімер Дзянісаў.

Архівіст заўважае: калі за савецкім часам да школы дадалі новы паверх, то цалкам праігнаравалі яе архітэктурную каштоўнасць.

— Тое, што зрабілі ў 60-х гадах — гэта ўрбаністычны бандытызм, калі выдатны помнік быў фактычна знішчаны. У гэтым няма нічога дзіўнага, таму што паводле праекта дэтальнай планіроўкі Менска, які тады быў прыняты, увесь гістарычны цэнтр мусіў быць цалкам знішчаны. Лічылася, што там не было помнікаў, вартых захавання.

На думку Уладзімера Дзянісава, найлепшым варыянтам было б узвесці для школы новы сучасны функцыяльны будынак і правесці нармальную навукова абгрунтаваную рэстаўрацыю колішняга Дома губернатара — з разборам паверхаў, якія ўзніклі ў 1960-я, і выяўленнем гістарычных фасадаў і інтэр’ераў.

— Там праводзіліся раскопкі і былі ўскрытыя фрагменты старажытных скляпенняў. Важна было б іх таксама захаваць — канструкцыі маюць гістарычнае значэнне, — падкрэслівае гісторык.

Другі варыянт, які ён прапанаваў бы, — проста зрабіць касметычны рамонт і пакінуць фасады ў тым выглядзе, як яны ёсць, да лепшых часоў. «Гэта быў бы больш сумленны падыход да гэтага аб’екта».

Узгоднены ж праект, кажа Уладзімер Дзянісаў, ператворыць музычную гімназію ў «нейкага архітэктурнага монстра, муляжык з дэкорам».

— Тое, што прапанавалі аўтары, — мы маем такіх прыкладаў шмат. Вось на плошчы Свабоды пабудавана быццам гасцініца «Еўропа», якая раней і не на тым месцы стаяла, і не такая абсалютна па архітэктуры была. Як гэта назвалі ў свой час — «успамін пра гатэль Еўропа».

З іншага боку — існуе Венецыянская хартыя па пытаннях захавання і рэстаўрацыі помнікаў і славутых месцаў.

— Там гаворыцца, што помнік павінен захоўвацца з усімі сваімі напластаваннямі — у тым выглядзе, у якім дайшоў да нашага часу. Гэта класічны сусветны падыход у рэстаўрацыі. Галоўнае — кансервацыя, а не аднаўленне, — кажа Уладзімер Дзянісаў.

«Задача аднаўлення цалкам езуіцкага ансамбля не ставілася»

Праекціроўшчыкі аб’екта лічаць выбраны варыянт аднаўлення аптымальным.

— Гэта адно з найбольш функцыянальных і магчымых рашэнняў у дадзенай сітуацыі, — кажа галоўны архітэктар праектаў «Мінскпраекта» Мікалай Дзятко. — Будынак дзеючай гімназіі разбураецца, ну як вы думаеце — можна ў ім дазваляць дзецям вучыцца? І як яны могуць вучыцца, калі палова будынка закрыта? Гарвыканкам прыняў рашэнне гэта ўсё адрамантаваць і зрабіць, як належыць. Ну пра што вы кажаце — знесці будынак? Вось вам у рэдакцыю прыйдуць і скажуць: «Давайце прыбярэм два паверхі».

Праект фасада. Фота: кіраўнік адміністрацыі Цэнтральнага раёна Дзмітрый Пятруша, тэлеграм-канал t.me/minsk_new.

Мікалай Дзятко распавядае, што было прапанавана 3-4 варыянты рэстаўрацыі каледжа. На тым, каб выявіць гістарычны дэкор, настаяла Міністэрства культуры.

— Калі мы ўсё зробім, мінчукі і госці сталіцы ўбачаць, што гэты будынак гістарычны. Можна будзе дадумаць, як ён выглядаў у XVIII стагоддзі. Лепш ужо зрабіць немагчыма <…> Наогул я лічу, што трэба было пабудаваць новы добры музычны каледж дзе-небудзь, які забяспечаны ўсім неабходным для нармальнай вучобы, а гэты будынак перадаць па іншым назначэнні. Складана там з памерамі і наборам памяшканняў, усё сціснута. Але размову пра гэта трэба было пачынаць 5 гадоў таму.

Архітэктар-рэстаўратар цэнтра «Рэстабіліс» Раман Забела, які кіраваў распрацоўкай навукова-праектнай дакументацыі па рэканструкцыі з рэстаўрацыі каледжа, заўважае, што аб’ект даволі складаны і даўно ў распрацоўцы.

— Да нас звярнуліся ў гэтым годзе на апошняй стадыі праектавання, — кажа ён.

Раман Забела.

Архітэктурная частка, якая адлюстроўвае агульную канцэпцыю, ужо была ўзгоднена Міністэрствам культуры. Тады навуковым кіраўніком быў Сяргей Багласаў.

Чаму рэканструкцыя каледжа будзе выглядаць менавіта так?

— Тут нельга абстрагавацца ад рэчаіснасці — у аб’екта ёсць заказчык, і ён ставіць праекціроўшчыкам пэўныя задачы. Пра дэмантаж пазнейшых надбудоў гаворка не ішла.

А ў рэстаўрацыйным заданні, якое было складзена ў 2013 годзе, прапісана: трэба выканаць рэстаўрацыю фасада, — тлумачыць Раман Забела. — Калі мы парааналізавалі дакументацыю, мы выявілі шэраг недакладнасцяў у той частцы, якая падлягала аднаўленню, і прапанавалі «Мінскпраекту» гэтыя хібы выправіць.

Праблема была ў наступным. Калі школу перабудоўваўлі ў 1960-х гадах, унутры знеслі ўсе перакрыцці і збілі дэкор — па сутнасці, засталіся толькі вонкавыя сцены. З двухпавярховага будынка зрабілі трохпаверховы і дадалі яшчэ паверх зверху. Атрыманыя паверхі аказаліся меншымі за першапачатковыя, і перакрыцці паміж другім і трэцім праходзілі акурат па гістарычных вокнах. Вокны другога паверха зрабілі меншымі, апусцілі ніжэй, а на трэцім прабілі новыя. У папярэднім варыянце рэстаўрацыі былі няправільна вызначаны габарыты і месцазнаходжанне праёмаў і дэкаратыўных элементаў XVIII—XIX ст., самі дэталі не адпавядалі гістарычным. Таксама больш увагі ўдзялілі бакавым фасадам.

— Праекціроўшчыкі пагадзіліся перарабіць праект. І цяпер можна дакладна сказаць, што дэкор будзе аднаўляцца на сваіх гістарычных месцах і ў гістарычным выглядзе, — адзначае архітэктар.

— Я не пагаджуся, калі кажуць, што зараз атрымаецца ці навадзел, ці бутафорыя. Не, гэта будзе класічная навукова абгрунтаваная фрагментарная рэстаўрацыя.

Раман Забела падкрэслівае: з самага пачатку задача аднаўлення цалкам езуіцкага ансамбля не ставілася. Трэба было зрабіць рэканструкцыю каледжа, каб ён быў прыдатны для навучання там дзяцей.

Але і паводле сучаснай тэорыі вяртанне да першапачатковай формы наогул не з’яўляецца праблемай рэстаўрацыі. Належыць захоўваць усе гістарычна важныя сляды бытавання аб’екта ў часе.

— Мы ставілі сабе за мэту выявіць у структуры існага будынка разнастанйныя этапы яго будаўнічай гісторыі.

Наталля Лубнеўская

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера