Знайсці
19.01.2022 / 16:04106РусŁacБел

«Я быў галоўным ворагам Гарбачова» — апошні кіраўнік БССР Малафееў расказаў пра развал Саюза, зарплату першага сакратара і сваю татуіроўку

Сёння памёр беларускі партыйны дзеяч Анатоль Малафееў. Яму было 88 гадоў. Прапануем вам гутарку з ім, зробленую ў кастрычніку 2018 года. 

Былы першы сакратар ЦК КПБ Анатоль Аляксандравіч Малафееў займаў сваю пасаду з 1990 па 1991 год і стаў апошнім кіраўніком савецкай Беларусі.

Цяпер адзін з самых закрытых савецкіх чыноўнікаў пагадзіўся пагутарыць з «Нашай Нівай» і ўзгадаць мінулае.

Цяпер Малафееву 85 гадоў. Пасля развалу СССР ён яшчэ пэўны час працаваў ва ўрадзе Беларусі, узначальваў Палату прадстаўнікоў (з 1996 па 2000 год), быў дэпутатам. Але ўжо 14 гадоў як Малафееў — пенсіянер. Сёння ён шмат часу праводзіць у бальніцах — пакутуе на варыкоз. Кажа, ужо даўно «не ў той форме», не надта добра сябе адчувае.

Пра дзяцінства, эвакуацыю і бацькоў

Я нарадзіўся ў Гомелі ў 1933 годзе. Але калі пачалася вайна, нас вывезлі на Урал, у Арэнбургскую вобласць.

Паехалі я, дзве сястры і маці. Бацька пайшоў служыць у войска. Цікава, што на трэці дзень пасля нашай эвакуацыі разбамбілі дом, дзе мы жылі.

У эвакуацыі мы жылі ў горадзе Абдуліна з 1941 па 1944 год. Маці — медык, яна працавала ў шпіталях. Прападала суткамі, я яе амаль не бачыў. Мая старэйшая сястра займалася ў вучэльні. А малодшую аддалі ў кругласуткавы дзіцячы дом.

Пра бацьку нічога не ведалі доўгі час. Ён вярнуўся толькі ў канцы 1946 года. Да гэтага пра яго ніякіх звестак не было, ані дзе ваюе, ані ці жывы хаця б. Я мяркую, што ён мог мець дачыненне да сакрэтных палігонаў, дзе распрацоўвалі ядзерную зброю… Але тое толькі мае здагадкі.

Бацька ніколі нічога не расказваў і не ўзгадваў.

У Гомель мы вярнуліся ў канцы 1944 года. Жылля не было. Далі нам халупку двухпакаёвую, у доме, які мусілі зносіць… Але паціху жылі. Бацька, калі вярнуўся, пачаў працу ў фінансавых органах, а маці ўсё жыццё да пенсіі адпрацавала ў паліклініцы.

Калі я трохі падрос, паступіў у чыгуначную вучэльню. Мяне накіравалі ў Мінск, на вагонарамонтны завод. Мне 16 гадоў было. Там я адпрацаваў год, пасля перавялі мяне ў Гомель. Папрацаваў — і пайшоў служыць.

Пра службу на флоце і смерць Сталіна

Я трапіў на 4 гады на флот, гэта была брыгада аховы воднага раёна ў Прыбалтыцы.

За намі былі замацаваныя паляўнічыя караблі, задача якіх была шукаць і знішчаць падводныя лодкі. Пастаянна вяліся вучэнні, караблі пастаянна былі ў моры. Чатыры гады… Амаль увесь час наш карабель быў у водным дазоры: Прыбалтыка, побач з водамі Швецыі…

Калі памёр Сталін, у 1953 годзе, я быў у вучэбным атрадзе ў горадзе Вентспілс. Мы перажывалі ўсе. Сышоў чалавек, які прайшоў вайну ў ролі кіраўніка такой дзяржавы… Але тады людзі іншыя былі — я такіх і не ведаў, хто б радаваўся смерці Сталіна. Можа ў душы хіба? Але ж у душу не заглянеш. Сам я перажываў, канечне.

Пра татуіроўку з якарам

Наколку я рабіў не на флоце, а яшчэ раней, у 13 ці 14 гадоў.

У Малафеева на руцэ татуіроўка з якарам. Фота Сяргея Зініна.

Мы з сябрамі з дзяцінства марылі пра мора (смяецца). Мы былі дзеці вуліцы. У пасляваенны час раслі самі сабою.

Бацькам не да таго: суткамі на працы, а ў мяне было ж і дзве сястры. Усіх трэба нечым накарміць, неяк адзець і абуць… А да 1947 года і есці амаль не было чаго. Пасля прадуктовыя карткі адмянілі, стала трохі лепш.

А мы з сябрамі збіраліся і марылі пра мора. Бегалі на Сож, сядзелі на плытах, глядзелі на ваду, світанкі там сустракалі. Я тады марыў: вось бы зараз па Сожы і да Чорнага мора даплыць! Упэўнены быў, што стану мараком. І вось калолі самі сабе гэтыя татуіроўкі. Швейная іголка, туш — і ўсё. Быў адзін трохі старэйшы хлопец, у якога лепш, чым у іншых, атрымлівалася, ён і калоў.

Я ж татуіроўкай хацеў выказаць сваё жаданне пайсці на флот. І трапіў жа туды! Я па духу і сёння марак. Калі мяне пытаюцца, ці служыў я ў войску — дылетанты, пытаюцца, канечне, — я адказваю, што ў войску ніколі не служыў. Кажу: «Я служыў на флоце!».

Пра жыццё пасля флота

На флоце я атрымаў малодшага лейтэнанта.

Пасля мусіў ехаць у Пецярбург, атрымліваць адукацыю. У Вышэйшую ваенна-марскую вучэльню падводнага плавання мяне прынялі б па-за конкурсам.

Але ж адслужыў чатыры гады і прыехаў у Гомель. А там бацькі. І яны кажуць, маўляў, ох, столькі сына не бачылі, куды ты зноў паедзеш, які Пецярбург… Ну я і не паехаў.

Працаваў пасля на заводзе, слесарам па рамонце абсталявання. Складаная прафесія, шмат вучыцца трэба было. Я паціху займаўся ў вячэрняй школе. Пасля мяне забралі ў райкам партыі, інструктарам. Гэта было ў 1962 годзе.

Пра Машэрава і будоўлю нафтаперапрацоўчага завода

З Машэравым я быў знаёмы. Я ж скончыў Інстытут народнай гаспадаркі і працаваў загадчыкам сектара у прамысловым аддзеле Гомельскага абкама. Адвучыўся, дарэчы, добра. Вывучаў эканоміку прамысловых прадпрыемстваў, мусіў ведаць яе як «Ойча наш».

Ну і працаваў спачатку ў райкаме, пасля ў абкаме. У абкаме займаўся беларускай нафтай, тады якраз шукалі яе. Я і ўдзень, і ўначы быў на буравых.

І з абкама мяне перавялі ў Мінск, у аддзел хімічнай і лёгкай прамысловасці ў ЦК. Я ўсё ж прамысловец, я не ідэолаг.

Ідэалогія, увогуле, не самае галоўнае пытанне, у параўнанні з эканомікай. Ёсць эканоміка — будзе дзяржава. Я і сёння так лічу.

І вось, падчас працы ў Мінску мяне выклікае Пятро Міронавіч. Паўгода я адпрацаваў, кватэру ўжо атрымаў, праўда, яшчэ не засяліўся. Ну і думаў, што буду далей у ЦК працаваць. А Машэраў мне кажа: «Табе не важна, дзе жыць!». І адправілі мяне першым сакратаром Мазырскага гаркама партыі. Я не вельмі хацеў ехаць, але Машэраў пераканаў.

У Мазыры галоўным была будоўля нафтаперапрацоўчага завода. Я будоўлю добра ведаў і галавой адказваў за яе, бо завод быў запісаны ў рашэнні з’езда КПСС. І мы не змаглі ўвесці завод у эксплуатацыю ў патрэбны тэрмін — спазніліся на год.

Тады з Масквы збіраліся ехаць, разбірацца з намі, у першую чаргу са мной. Але Машэраў паехаў да Брэжнева, там яны дамовіліся.

А чаму мы не ўвялі завод у тэрмін? Будоўля ішла нармальна, за гэта Беларусь адказвала. А фінансы даваў Савет міністраў СССР. І патрэбныя былі даляры, бо новыя тэхналогіі, абсталяванне закуплялі за мяжой.

Калі не змаглі здаць завод у эксплуатацыю, Машэраў прыехаў, сабраў кіраўніцтва вобласці. А 8-й вечара селі абмяркоўваць, выйшлі толькі раніцай. Я тлумачыў, што мы не ўвялі ў эксплуатацыю, бо грошай не далі. Машэраў мне кажа: «Я разумею. Увогуле, цябе б узнагародзіць, за тое, што вы зрабілі. Але ж — у эксплуатацыю не ўвялі. А за рашэнні з’езда КПСС вы нясеце адказнасць?». Кажу: «Ну так, нясём…»

Але абышлося. І пасля, калі завод нарэшце запусцілі, Машэраў званіў мне, віншаваў.

Ці была смерць Машэрава забойствам? Розныя ёсць чуткі. Сам я нічога не лічу, бо факты патрэбныя. Але Машэраў быў асобай, безумоўна.

Пра вяртанне ў Мінск

Пасля таго як запрацаваў нафтаперапрацоўчы завод у Мазыры, мне пазваніў першы сакратар абкама, кажа: «Анатоль, твая місія ў Мазыры скончаная. Пачынаецца будаўніцтва завода «Гомсельмаш». Усе пагадзіліся, што ты будзеш сакратаром Гомельскага абкама па прамысловасці».

Стаў я працаваць у Гомельскім абкаме. Пасля быў старшынёй аблвыканкама, пасля — першым сакратаром Гомельскага абкама. І пасля я даведаўся, што першы сакратар Мінскага абкама сышоў на іншую працу. Замену яму шукалі тры месяцы, не маглі знайсці. І маю кандыдатуру таксама разглядалі. Я, шчыра кажучы, ужо не хацеў у Мінск вяртацца. Але так атрымалася, што мяне выбралі і «забралі». Паехаў я ў Мінск.

Аб працы кіраўніком БССР

Не скажу, што мне было страшна, калі я стаў першым сакратаром ЦК БССР. У штаны я не дзьмуў.

Я ішоў на працу, аддаваўся справе. Мог бы адмовіцца, дарэчы, кандыдатур хапала. І выбралі мяне, бо я прайшоў вось які шлях! Гэта было маё жыццё, маё ўсё, я не проста быў нейкі «не прышый кабыле хвост»!

Зарплата ў першага сакратара была невялікая. Слабенькая. Рублёў 450. Жылі мы сціпла.

Калі Саюз разваліўся, у мяне грошы на сберкніжцы не згарэлі, бо не было нічога. Гарэць не было чаму — я сам мусіў гарэць на працы. Навошта я патрэбен, калі не буду гарэць?

Пра Хрушчова і Брэжнева

Хрушчова я цяжка ўспрымаў. Калі ракеты павезлі на Кубу — гэта была вялікая памылка, ледзь жа да вайны не дайшло.

Я быў на Кубе. Аказваецца, шмат савецкіх вайскоўцаў засталося там у магілах. Ёсць нават мемарыял. Я спытаўся — а што за мемарыял, баявых дзеянняў жа не было?! А мне распавялі, што савецкіх вайскоўцаў везлі на Кубу таемна, у трумах. А марскі пераход да Кубы доўгі, людзі хварэлі, некаторыя і паміралі. На Кубе іх і пахавалі.

Брэжнеў, пакуль быў здаровы, быў добрым кіраўніком. Ён адным з найлепшых кіраўнікоў быў — пакуль быў здаровы. Увогуле, напэўна не варта мне ацэньваць генеральных сакратароў, людзі прачытаюць, скажуць пра мяне: «Вось які прыдурак знайшоўся!». Я прыдуркам не хачу быць.

Пра Гарбачова і перабудову

Я Гарбачову быў галоўным ворагам. Я не ўспрымаў яго ідэі. І не раз выказваўся. У мяне і сёння кепскае меркаванне пра Гарбачова, гэта не тая асоба, якая мусіла кіраваць такой краінай.

Аднойчы на паседжанні ЦК КПСС мяне і яшчэ некалькіх сакратароў расійскіх абкамаў запрасілі на сцэну. Выставілі і пачалі выхоўваць. А мы адказалі, што краіна ў цяжкім стане, з яе бягуць людзі, маса бежанцаў, краіна абкрадаецца ды развальваецца і цярпець гэта нельга, трэба неяк вырашаць… Я быў прыхільнікам рэформаў. Рэформаў, а не развалу. Я і сёння так лічу.

Развал СССР — вялікая трагедыя, канечне. Паглядзіце, колькі пасля складанасцяў узнікла, яны і па сёння адбіваюцца.

Пра падтрымку ГКЧП

Я быў членам Прэзідыума Вярхоўнага Савета. І вось адбываецца незразумела што, кажуць, Гарбачова трымаюць у Крыме…

Мне тэлефануюць з Масквы, кажуць: «Трэба прыехаць, будуць абмяркоўвацца вялікія пытанні, у тым ліку і стан у краіне». А стан быў цяжкім, ва ўсіх сэнсах. Ну я паехаў.

Прыйшоў на паседжанне, зала поўная, чалавек 400. Большасць апазіцыйна настроеная. А членаў Прэзідыума чалавек 12. Пачалі абмяркоўваць ГКЧП. Гэта было патрэбна Ельцыну, каб прыбраць Гарбачова, такія хадзілі размовы.

Ну і я тады ўзяў слова. Кажу, што сёння ў краіне цяжкі стан, трэба гэта абмяркоўваць. Мяне ГКЧП не цікавіла.

Але ж прагаласавалі так, што з парадку дня прыбралі ўсе пытанні, акрамя ГКЧП. Ну тая аўдыторыя для таго і збіралася, вядома. Я кажу, што калі так, то мяне гэтае пытанне не цікавіць, галасаваць за гэта не буду.

А калі я вярнуўся ў Мінск, мяне чамусьці зрабілі галоўным прыхільнікам ГКЧП. Думаю, апазіцыя так папрацавала.

А стварэнне ГКЧП — гэта злачынства супраць партыі.

Нават крымінальную справу завялі на мяне. Тэлефануюць мне з пракуратуры, я ім кажу — дасылайце позву. Мяне запэўніваюць, што гэта будзе проста размова, не допыт. Ну ладна, прыйшоў я ў пракуратуру. Але, бачу, пратакол вядзецца, на пішучай машынцы ўсё фіксуюць. Бяру пратакол, чытаю — там не тое, што я казаў. А я ведаю, што магу ўносіць праўкі ў пратакол. Пачынаю выкрэсліваць, стаўлю пазнакі на палях: «Няправільна», «Сказілі словы», «Недакладна»… Каб патлумачыць, што няправільна, на палях месца ж не хопіць, таму давялося вось так.

Яшчэ адна такая сустрэча ў пракуратуры была, але ў трэці раз я сказаў: «Дасылайце позву» — і не пайшоў да іх. Пасля гэтая справа заглухла. Калі была ўжо незалежная Беларусь, можа, і варта было з імі разабрацца, але я не хацеў ужо ўвязвацца ў гэтае лайно.

Пра выбары-1994 і Лукашэнку

У 1994 я не хацеў балатавацца ў прэзідэнты Беларусі, хоць мне і прапаноўвалі. Не маё амплуа, не хацеў туды ісці. Сам я галасаваў за Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку і пасля пры ім працаваў 13 гадоў ва ўладзе.

Я лічыў, што ён найлепшая фігура. Яго падтрымлівала насельніцтва, а не кан’юнктура, гэта было бачна. І калі Лукашэнку выбралі, абвесцілі вынікі, я парадаваўся, што нашае разуменне працэсаў было правільным. І я не памыліўся. Беларусь усё ж ідзе наперад, развіваецца.

Так, ёсць праблемы, але нельга без праблем. Цудаў не бывае.

Анатоль Малафееў на кірмашы для пенсіянераў у 2015 годзе. Фота Сяргея Зініна.

Пра Ельцына

Ельцын — вельмі складаная фігура. Вельмі складаная. Дваістая. Так, ён шмат прыязджаў у Беларусь, Расія шмат дапамагала, калі лічыла гэта мэтазгодным…

Але я скажу так. У мяне ведаеце, якое стаўленне да Ельцына? Ды ніякага! Вось так.

Ані кепскага, ані добрага. Ельцын ёсць Ельцын. Такія прыходзяць і хутка сыходзяць.

Пра Расію і Амерыку

З Расіяй у нас усё добра, так і павінна быць. Мусяць быць сваяцкія, таварыскія адносіны. Мы з адной калоды. У гэтым свеце Беларусі адной цяжка выстаяць.

Без Расіі нам цяжка прыйдзецца. Але трэба памятаць, што і там ёсць розныя людзі. Хтосьці нас падтрымлівае, хтосьці — супраць нас.

З Еўропай мы таксама мусім неяк мець добрыя адносіны. Але гэта няпроста. Яны не заўсёды хочуць гэтага. Вы ж бачыце, што ў свеце адбываецца. А хто вядзе гэтую лінію? Амерыка вядзе! Яна светам кіруе.

А што, правільна Амерыка кіруе? Я скажу — нельга так. Трэба неяк лічыцца з тым, што яны не адны на Зямлі. Трэба, каб Амерыка мела твар цывілізаванай дзяржавы, а не драпежніка.

Вось развал Саюза — трэба было, каб краіна ішла па шляху рэформаў. Але як мы ішлі, вы ведаеце.

Нас павялі па шляху, які патрэбен быў заакіянскаму гаспадару.

Біяграфічная даведка

Анатолій Малафееў нарадзіўся ў 1933 годзе ў Гомелі. Скончыў чыгуначную вучэльню, Інстытут народнай гаспадаркі, завочную партыйную школу пры КПСС. Пачынаў працаваць слесарам, пасля пайшоў па партыйнай лініі. З 1952 па 1956 год служыў на флоце, там і ўступіў у партыю.

Малафееў узначальваў Мазырскі гаркам (1971—1978), Гомельскі абкам партыі (1982—1985), пасля — Мінскі абкам (з 1985). У лістападзе 1990 стаў першым сакратаром ЦК Кампартыі БССР. Пасля развалу СССР працаваў ва ўрадзе Беларусі, быў старшынём Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Быў жанаты, меў дачку. Памёр 19 студзеня 2022 года.

гутарыў Улад Швядовіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера